Мінск 16:52

Каранік у Кітаі асудзіў “незаконнае ўвядзенне санкцый і пошлін”

29 красавіка, Позірк. “Узаемную падтрымку па палітычных пытаннях і асуджэнне незаконнага ўвядзення санкцый і пошлін” абмеркавалі на сустрэчы ў КНР 29 красавіка віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Каранік і намеснік старшыні Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Шэнь Юэюэ.

“У сучасных геапалітычных рэаліях Беларуссю і Кітаем створана новая мадэль адносін стратэгічнага супрацоўніцтва, стрыжнем якой з’яўляецца сумеснае развіццё і спалучэнне стратэгій развіцця дзвюх краін”, — цытуе Караніка прэс-служба ўрада.

Адзначаецца, што бакі таксама абмеркавалі “дасягнутыя вынікі супрацоўніцтва як у эканамічнай, так і гуманітарнай сферах”, “планы па супрацоўніцтве на будучыню” і “развіццё супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі”.

Каранік прыбыў у КНР з візітам 27 красавіка.

Пытанне гандлёвых пошлін актуальнае для Кітая ў кантэксце іх павышэння прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.

2 красавіка Трамп падпісаў указ, які ўвёў пошліны на імпарт больш як з 180 краін свету. У іх ліку практычна ўсе дзяржавы былога СССР — за выключэннем Беларусі і Расіі. У Белым доме аргументавалі гэта тым, што санкцыі ЗША ўжо “выключаюць магчымасць значнага гандлю” з Расіяй, а дзейныя “тарыфы і санкцыі” ў дачыненні да шэрагу краін, у ліку якіх Беларусь, “ужо высокія”.

Тыднем пазней Трамп абвясціў 90-дзённы перыяд для правядзення двухбаковых перамоў, падчас якога будзе дзейнічаць 10-працэнтная стаўка пошлін для ўсіх краін, акрамя Кітаю (для Пекіна яна ўзрасла да 145%, з першапачатковая пошліна — 20%, дадатковы тарыф — 125%). Кітай у адказ усталяваў 125-працэнтную пошліну для амеріканскіх тавараў.

12 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пошліны на імпарт, уведзеныя Трампам, не паўплываюць на цэны ў Беларусі. У прыватнасці, ён назваў павярхоўным “погляд на тое, што адбываецца, які прадугледжвае, што калі ў адной краіне пошліны паднялі, то і ў Беларусі цэны вырастуць”. На яго думку, прамой ўзаемасувязі няма.

Падзяліцца: