Мінск 00:59

У “спіс экстрэмістаў” дададзена 36 чалавек, у іх ліку экс-супрацоўніцы tut.by Лойка і Талкачова

Крыніца: МУС

27 красавіка, Позірк. У спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, 26 красавіка дададзена яшчэ 36 чалавек, у тым ліку 15 жанчын. Цяпер у дакуменце, размешчаным на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, 5.228 пазіцый.

Усе ўнесеныя ў спіс грамадзяне асуджаныя паводле артыкулаў, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага пераследу. Палітвязнямі з’яўляюцца пяць чалавек: выкладчыца англійскай мовы Алена Бадзяка (абвінавачвалася паводле арт. 361 і арт. 130 Крымінальнага кодэкса, прыгавор невядомы), экс-супрацоўніца прадпрыемства “Пеленг” Карына Праташчык (арт. 361 КК, 2 гады пазбаўлення волі), Наталля Ладуцька (арт. 3614 КК, 4 гады зняволення за перадачы і грашовыя пераводы палітвязням), бізнесмен, кіраўнік аўдытарскай кампаніі Ernst&Young Павел Лашчанка (падрабязнасці справы і прыгавор невядомыя) і маці траіх непаўналетніх дзяцей Вікторыя Дамастой (арт. 342, арт. 369, арт. 368, арт. 130, арт. 367, арт. 3614 КК, прыгавор невядомы).

Адзнака “адбывае пакаранне” стаіць таксама насупраць унесеных у пералік Андрэя Вароніна, Пятра Крываноса, Аляксандра Аляксандраўскага, Андрэя Варанцова, Уладзіміра Ніканава, Аляксандра Быкава.

“Адбываюць пакаранне”, у адпаведнасці з гэтымі звесткамі, таксама Вольга Лойка і Алена Талкачова — былыя палітзняволеныя, экс-журналісткі разгромленага ўладамі партала tut.by (знаходзяцца за мяжой). Былая юрысконсульт tut.by Кацярына Ткачэнка, якая таксама праходзіла па гэтай справе, у спісе не значыцца. Справа разглядалася ў Мінскім гарадскім судзе завочна з 4 лютага 2025 года, прыгавор невядомы.

У “спіс экстрэмістаў” дададзеныя Вольга Брадзінская, Валерыя Грачова, Наталля Камякевіч, Аляксандра, Дзмітрый, Інэса, Яўген Лахтанавы (верагодна, сям’я), Вольга Кузміцкая, Павел Ліс, Сяргей Рубашка, Пётр Крайко, Антон Слабодскі, Вітаўт Жарнасек, Алег Вальковіч, Ілля Дабрадзей, Кірыл Кірылаў, Ксенія Рашчэня, Алена Станкевіч, Аляксандр Грашчанка, Сяргей Сівенкаў, Надзея і Андрэй Богданы (магчыма, сямейная пара), Яраслаў Сухарэвіч.

Яны асуджаныя ў асноўным за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе (арт. 342 КК). Насупраць іх прозвішчаў стаіць пазнака “судзімасць не пагашаная”, што звычайна азначае вынясенне прыгавору, не звязанага з пазбаўленнем волі.

Даведка “Позірку”:

арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады.

Падзяліцца: