Мінск 19:28

Лукашэнка перастаў запрашаць у Беларусь прэзідэнта ПАР

27 красавіка, Позірк. Пра неабходнасць “актывізаваць эканамічныя сувязі” паміж Беларуссю і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 27 красавіка з Днём Свабоды прэзідэнта гэтай дзяржавы Сірыла Рамафосу.

Паводле слоў віншавальніка, якія перадае яго прэс-служба, гэта трэба зрабіць “ва ўмовах, калі міжнародны гандаль адчувае істотны ціск”.

Сувязі варта актывізаваць “перш за ўсё ў такіх сферах, як прамысловасць, сельская гаспадарка, адукацыя, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі”, гаворыцца ў пасланні.

“Разлічваю на вашу асабістую падтрымку гэтых ініцыятыў”, — адзначыў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што “Беларусь удзячная ПАР за падтрымку ў ААН і БРІКС+”.

“Мінск падзяляе прынцыпы і каштоўнасці Прэторыі. Мы таксама будуем самастойную мадэль устойлівага развіцця, увасабляем сапраўдную шматвектарнасць праз інтэграцыю ва ўніверсальныя і рэгіянальныя аб’яднанні”, — заявіў Лукашэнка.

Адметна, што ў папярэдніх аналагічных віншаваннях гаварылася аб запрашэнні Рамафосы ў Беларусь. Цяпер пра гэта не заяўляецца.

“З улікам вялікага патэнцыялу далейшай інтэнсіфікацыі сувязяў Мінска і Прэторыі ў самых розных галінах пацвярджаю гатоўнасць прыняць вас з візітам на нашай гасціннай зямлі, каб абмеркаваць актуальныя пытанні супрацоўніцтва і ўзгадніць сумесныя планы на будучыню”, — адзначыў Лукашэнка 27 красавіка 2024 года.

Ён накіраваў Рамафосе запрашэнне наведаць Беларусь таксама ў красавіку 2023 года.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і ПАР усталяыаныя 4 сакавіка 1993 года. Беларуская амбасада ў Прэторыі адкрылася ў студзені 2000 года. Месца пастаяннай дыпламатычнай службы паўднёваафрыканскага амбасадара, які прадстаўляе інтарэсы краіны ў Беларусі, — Масква.

Паводле звестак МЗС Беларусі, тавараабарот паміж краінамі ў 2021 годзе складаў 32,2 млн долараў (беларускі экспарт — 22,8 млн, паўднёваафрыканскія пастаўкі — 9,4 млн). Актуальныя даныя на сайце знешнепалітычнага ведамства адсутнічаюць.

Паводле даных паўднёваафрыканскага статыстычнага ведамства, экспарт ПАР у 2021 годзе складаў 1 трлн 809 млрд 137 млн 822,48 тыс. рэндаў (прыкладна 122,5 млрд долараў паводле сярэдняга курсу на той год), імпарт — 1 трлн 381 млрд 14 млн 994,306 тыс. рэндаў (каля 93,5 млрд долараў). Такім чынам, на Беларусь у той год прыпала 0,02% імпарту і 0,01% экспарту.

Амбасадар Белы перад адбыццём з ПАР абмеркаваў у знешнепалітычным ведамстве гэтай краіны пытанні палітыкі і эканомікі

19 красавіка, Позірк. Развіццё беларуска-паўднёваафрыканскіх стасункаў абмеркавалі 17 красавіка амбасадар Ігар Белы і намеснік міністра міжнародных стасункаў і супрацы ПАР Элвін Ботас, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі. Бакі сярод іншага абмеркавалі планы па "далейшаму ўмацаванню палітычнага і міжведамаснага дыялогу, кірункі эканамічнай і навукова-тэхнічнай …
Падзяліцца: