Мінск 01:36

Ад беларускіх уладаў на пахаванне Францішка паедзе спікер ПП НС Сяргеенка

24 красавіка, Позірк. Для ўдзелу ў пахаванні папы рымскага Францыска ў Ватыкан накіруецца старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сяргеенка, паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

У дэлегацыю таксама ўвойдуць прызначаны 27 сакавіка амбасадар пры Святым пасадзе Юрый Амбразевіч і часовы павераны ў справах Італіі ў Беларусі Тамаза П’етра Маркеджані.

62-гадовы Сяргеенка з 1986 па 1988 год быў загадчыкам вучэбна-метадычнага кабінета кафедры гісторыі КПСС і палітэканоміі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Затым вучыўся і працаваў па лініі КДБ, у тым ліку першым намеснікам старшыні камітэта. З лістапада 2019-га па сакавік 2024-га быў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта.

Папа рымскі Францыск (ураджэнец Аргенціны Хорхе Марыё Бергольо) памёр 21 красавіка з прычыны цэрэбральнага інсульту, комы і незваротнага кардыёцыркуляторнага калапсу.

Спачуванні ў сувязі са смерцю пантыфіка выказалі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і Аляксандр Лукашэнка.

У Апостальскай нунцыятуры ў Мінску 22-24 красавіка была адкрыта кніга спачуванняў.

Напярэдадні смерці ў штогадовым велікодным пасланні 88-гадовы папа Францішак сярод іншага заклікаў да вызвалення ваеннапалонных і палітычных зняволеных.

Каталіцызм — другая па колькасці паслядоўнікаў хрысціянская канфесія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 млн каталікоў, у тым ліку больш за 10 тыс. грэка-каталікоў.

Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.

Паводле актуальных звестак Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у краіне налічваецца 500 каталіцкіх парафій; дзейнічаюць 523 каталіцкія храмы, будуецца яшчэ 27.

Пахаванне папы пройдзе 26 красавіка.

Падзяліцца: