Мінск 19:00

Падсанкцыйная беларуская драўніна ўвозіцца кантрабандай у Вялікабрытанію — The Guardian

Ілюстрацыйнае фота: abraziv.by

23 красавіка, Позірк. Падсанкцыйная драўніна з Беларусі і Расіі кантрабандай увозіцца ў Вялікабрытанію, паведамляе аўтарытэтнае брытанскае выданне The Guardian са спасылкай на вынікі даследавання міжнароднай некамерцыйнай арганізацыі World Forest ID.

World Forest ID была створаная ў 2017 годзе, каб забяспечыць празрыстасць у глабальных ланцужках паставак лясной прадукцыі. Арганізацыя збірае геаграфічна прывязаныя ўзоры драўніны і іншых раслінных матэрыялаў з усяго свету. Яна робіць іх хімічны, генетычны аналіз, ствараючы такім чынам унікальныя маркеры для кожнай драўніны і рэгіёна вырастання. Выкарыстоўваючы гэтыя даныя, арганізацыя распрацоўвае прасторавыя мадэлі з прымяненнем штучнага інтэлекту, якія дапамагаюць вызначыць паходжанне гандляванай прадукцыі.

Паводле інфармацыі The Guardian, эксперты высветлілі, што 46% узораў бярозавай прадукцыі, маркаванай як прадукцыя з Украіны, Польшчы, Эстоніі і Латвіі, такімі не былі. На падставе аналізу яны зрабілі выснову, што адзінымі верагоднымі краінамі паходжання з’яўляюцца Беларусь і РФ.

“Вялікабрытанія з’яўляецца лідарам у галіне санкцый, гандлёвых законаў і схем сертыфікацыі, але яны настолькі добрыя, наколькі добрыя інструменты, з дапамогай якіх яны рэалізуюцца”, — заявіла выканаўчы дырэктар World Forest ID Джэйд Сондарс.

У публікацыі адзначана, што бярозу вырошчваюць і перапрацоўваюць у камерцыйных мэтах “у большасці рэгіёнаў Паўночнай Еўропы, у тым ліку вялікія часткі Расіі і Беларусі”. “Пасля ўварвання РФ ва Украіну стала незаконным імпартаваць расійскую і беларускую фанеру і драўняныя вырабы ў Вялікабрытанію і іншыя еўрапейскія краіны праз санкцыі”, — нагадала выданне.

Узоры драўніны даследнікам падалі канфідэнцыйна, таму назваў кампаній, якія патэнцыйна пастаўляюць у Вялікабрытанію падсанкцыйную прадукцыю, яны не ведаюць.

The Guardian адзначае, што пасля нападу РФ на Украіну ў 2022 годзе экспарт расійскай бярозы ў еўрапейскія краіны, у тым ліку Вялікабрытанію, рэзка скараціўся, але значна павялічыліся пастаўкі з іншых краін, уключаючы Казахстан і Турцыю.

Выданне спасылаецца на статыстычныя дадзеныя ААН па гандлі, паводле якіх, напрыклад, Казахстан павялічыў экспарт фанеры з 600 тон у 2021 годзе да 25.600 т у 2022-м.

Медыя таксама спасылаецца на расследаванне экалагічнай арганізацыі Earthsight, якая пацвярджае вывад World Forest ID — беларуская фанера паступае ў ЕС і Вялікабрытанію.

Раней паведамлялася, што Earthsight правяла расследаванне і прыйшла да высновы, што расійскія вайскоўцы наўпрост кантралююць некаторыя лясныя масівы і атрымліваюць прыбытак ад высечкі лесу. У Беларусі, як адзначалася, для перапрацоўкі драўніны выкарыстоўваюць “рабскую працу палітычных вязняў, якія зазнаюць катаванні”.

Фанера з Беларусі і РФ афармляецца як прадукцыя, вырабленая ў іншых краінах, напрыклад, у Кітаі, Казахстане, Грузіі і Турцыі, пасля чаго адпраўляецца на еўрапейскі рынак. Найбуйнейшымі імпарцёрамі выступаюць Польшча, Эстонія, Германія, Грэцыя, Італія, Іспанія і Партугалія. Кожны дзень, сцвярджаюць расследавальнікі, у ЕС увозяць 22 кантэйнеры з падсанкцыйным таварам.

Аўтары расследавання сцвярджалі, што з расійскай і беларускай фанеры ў Еўропе вырабляюць мэблю, паркет, спартовы інвентар ды цацкі.

2 сакавіка 2022 года супраць афіцыйнага Мінска быў уведзены пакет санкцый ЕС, які сярод іншага ўтрымліваў забарону на экспарт прадукцыі дрэваапрацоўкі, у тым ліку піламатэрыялаў, брыкетаў, паліўных гранул, фанеры і драўняных пліт.

8 сакавіка таго ж года Міжнародная рада дырэктараў FSC (Лясная апякунская рада — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананне стандартаў у кіраванні лясамі і лесапрадукцыяй), прыняла рашэнне прыпыніць сертыфікацыю экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі і Расіі праз агрэсію супраць Украіны.

Міністэрства лясной гаспадаркі завяршыла 2024 год, “практычна цалкам акрыяўшы ад санкцый”, заявіў 3 студзеня намеснік кіраўніка гэтага ведамства Уладзімір Крэч. Чыноўнік паведаміў, што па асобных напрамках “значна павялічылі і аб’ёмы, і якасныя паказчыкі, і фінансавыя”, прывёўшы іх да дасанкцыйнага ўзроўню.

Пра рэкордны экспарт піламатэрыялаў (1 млн кубаметраў) у 2024 годзе заявіў 29 снежня таго года кіраўнік Мінлясгаса Аляксандр Кулік. Ён не ўдакладніў, у якія краіны здзяйсняюцца пастаўкі.

Падзяліцца: