Мінск 23:38

Міграцыйных плыняў з Пакістана ў Беларусь няма, “нагнятальнікі абстаноўкі” на гэтай глебе выяўленыя, сцвярджае МУС

Крыніца: pixabay.com

23 красавіка, Позірк. Выяўленыя “актыўныя правакатары, якія наўмысна спрабавалі нагнятаць абстаноўку ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай”, распаўсюджваючы інфармацыю пра ўезд ў Беларусь 150 тыс. грамадзян Пакістана, заявіла 23 красавіка прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле сцвярджэння ведамства, “міграцыйныя плыні з Пакістана адсутнічаюць, роўна як і злачынствы, здзейсненыя выхадцамі з гэтай дзяржавы”.

Пры гэтым падкрэсліваецца, што на розных інтэрнэт-рэсурсах “працягвае распаўсюджвацца фэйкавая і правакацыйная інфармацыя на тэму ўезду ў Беларусь 150 тысяч грамадзян Пакістана, якія здзейснілі шэраг злачынстваў”.

За “распальванне міжнацыянальнай варожасці і дэстабілізацыю сітуацыі ў рэспубліцы будуць выкарыстаныя самыя строгія меры адказнасці, аж да крымінальнай”, прыгразіла МУС.

Напярэдадні ведамства папярэдзіла пра адказнасць каментатараў бойкі мараканцаў у Гомелі.

Пра тое, што Мінск і Ісламабад дамовіліся выпрацаваць механізм для прыезду ў Беларусь працоўных мігрантаў з Пакістана, Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 красавіка па выніках сустрэчы з Шарыфам. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх адмыслоўцаў: “Тых галін, пра якія мы папросім”. “Кіраўніцтва Пакістана дапаможа нам падабраць такіх людзей”, — заявіў ён.

На суботніку 12 красавіка Лукашэнка адзначыў, што Беларусь зацікаўленая “перш за ўсё ў прыцягненні адмыслоўцаў, а не проста моладзі”. “І лепш — сем’ямі. Калі сям’я прыехала, яны працаваць будуць”, — падкрэсліў спікер, дадаўшы, што “падыход будзе дыферэнцыяваны”.

Пасля вяртання з Беларусі Шарыф заявіў журналістам, што “дасягнута дамоўленасць з Беларуссю пра накіраванне 150 тысяч кваліфікаваных пакістанскіх адмыслоўцаў, якія будуць адабраныя выключна на падставе заслуг”.

Падзяліцца: