Мінск 22:05

Сярод пацярпелых у выніку страляніны на поўначы Індыі няма грамадзян Беларусі — МЗС

23 красавіка, Позірк. Сярод пацярпелых у выніку страляніны 22 красавіка ў турыстычным месцы ля горада Пахалгам (горны раён Анантнаг у саюзнай тэрыторыі Джаму і Кашмір на поўначы Індыі) няма грамадзян Беларусі, паведамляюць дзяржаўныя СМІ са спасылкай на Міністэрства замежных спраў.

Паводле інфармацыі замежных медыя, у выніку нападзення загінула сама меней 26 чалавек, як мяркуецца, турыстаў. Нападнікаў усё яшчэ шукаюць.

У сувязі з тэрактам Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні на адрас прэзідэнта Індыі Драўпадзі Мурму і прэм’ер-міністра Нарэндры Модзі.

“Рэспубліка Беларусь катэгарычна асуджае жудасны тэракт паблізу горада Пахалгам, у выніку якога загінулі і пацярпелі мірныя людзі. Няма ніякага тлумачэння і апраўдання гэтаму варварскаму злачынству”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба палітыка.

Гістарычны рэгіён Кашмір падзелены паміж Індыяй і Пакістанам. Ісламабад лічыць акупаванымі тэрыторыі былога княства Джаму і Кашмір (існавала ў складзе Брытанскай Індыі ў 1846–1947 гадах) у межах аднайменнай індыйскай тэрыторыі.

Падзяліцца: