Мінск 21:46

У Крычаўскім раёне канфіскавана 11 тыс. вэйпаў на 500 тыс. рублёў

22 красавіка, Позірк. 11 тыс. вэйпаў, камплектуючых да іх, а таксама ёмістасці з вадкасцю для запраўкі парагенератараў коштам 500 тыс. рублёў канфіскавана ў 23-гадовага жыхара Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Сцвярджаецца, што грамадзянін “набыў тавар у суседняй краіне“, незаконна рэалізоўваў электронныя сістэмы курэння і камплектуючыя да іх, у тым ліку непаўналетнім. Аб’явы пра продаж ён размяшчаў на анлайн-пляцоўках, гандлем займаўся дома.

МУС адзначае, што прадаўцу вэйпаў пагражае буйны штраф і канфіскацыя тавару. За продаж непаўналетнім электронных сістэм курэння, а таксама іх спажыванне ў забароненых месцах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

17 сакавіка стала вядома, што чатырма днямі раней у Дзяржынску (Мінская вобласць) пасля выкарыстання вэйпа памерла 16-гадовая дзяўчына. МУС адзначала, што штогод міліцыя фіксуе выпадкі звароту ў бальніцы дзяцей, якія ўдыхалі пары з дапамогай вэйпаў.

Ведамства прапрацоўвае прапанову або аб поўнай забароне ў краіне электронных сістэм курэння, або аб выключэнні з вадкасцей да іх харчовых араматызатараў.

Падзяліцца: