Мінск 04:59

Пасля даручэнняў знайсці вуглевадароды Лукашэнка заявіў, што “гасподзь нам нафты-газу ў гэтую зямельку не ўклаў, каб мы маглі пампануць, па трубе камусьці прадаць”

Ілюстрацыя: freepik.com

20 красавіка, Позірк. Пасля неаднаразовых даручэнняў знайсці вуглевадароды Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусі іх няма ў той колькасці, каб прадаваць за мяжу.

“Гасподзь нам нафты-газу ў гэтую зямельку не ўклаў, каб мы маглі пампануць, па трубе камусьці прадаць, а грошы падзяліць. У нас гэтага няма, мы ўсё сваімі рукамі зарабляем”, — заявіў Лукашэнка пры наведванні сабора пакрова прасвятой багародзіцы ў Талачыне (Віцебская вобласць) 20 красавіка (у тэкставым паведамленні яго прэс-службы “зарабляем” заменена на “закладваем”).

4 сакавіка Лукашэнка даручыў Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя шукаць рэдказямельныя металы, якія раней выказаў жаданне здабываць ва Украіне прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. “Найактуальнейшая тэма. Кажуць, што ў нас у адвалах ёсць рэдказямельныя мінералы. Трэба выведаць і астатняе: і хімія, і нафта, і газ, і іншае. Я ставіў адпаведную задачу перад адпаведным міністрам”, — сказаў ён.

22 красавіка 2024 года пры прызначэнні новым кіраўніком Мінпрыроды Сяргея Масляка Лукашэнка паставіў яму задачу знайсці ў беларускіх нетрах нафту: “Скажу прама: трэба капаць і шукаць. Акрамя гэтага, трэба, каб ты прымусіў усіх у гэтым кірунку працаваць. Я не веру, што ў нашых нетрах няма таго, што нам трэба. Вось калі хоць у нейкай ступені вырашыш гэтую задачу, гэта помнік можна ставіць у любым месцы”.

21 красавіка 2011 года, выступаючы са штогадовым пасланнем народу і парламенту, Лукашэнка заявіў аб недастатковасці геолагаразведачных работ у краіне: “Калі шчыра казаць, то я падазраю аб тым, што мы не тое што мала ведаем пра тое, што ў нас ёсць там, хоць і сёе-тое ведаем, я падазраю, што мы не вельмі варушымся, каб паглядзець, што ў нас там ёсць. Але нафта ў нас дзесьці ёсць. Але калі ёсць нафта, мне здаецца, не можа быць, каб дзесьці не прарвала прыродным газам. Я спадзяюся. І, вядома, я ўсіх спецыялістаў у апошнія гады вельмі моцна тармашу, каб яны паглядзелі, што там у нас ёсць”.

Гл. таксама па тэме аналітычны матэрыял аглядальніка ІА “Позірк” Вячаслава Корасценя:

“Надо копать”. Год назад Лукашенко поручил чиновникам усердно искать нефть, но вторым Кувейтом Беларусь ожидаемо не стала (на рускай мове)

Падзяліцца: