Мінск 03:56

У стасунках з Кубай Лукашэнка хоча “канвертаваць высокую дынаміку палітычных кантактаў у значныя праекты эканамічнага супрацоўніцтва“

20 красавіка, Позірк. “Пры эфектыўнай каардынацыі сумесных дзеянняў Беларусь і Куба змогуць у хуткім часе канвертаваць дасягнутую высокую дынаміку двухбаковых палітычных кантактаў у значныя праекты эканамічнага супрацоўніцтва ў прамысловай, харчовай, фармацэўтычнай, навукова-тэхнічнай і іншых перспектыўных галінах“, — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні прэзідэнту Кубы Мігелю Марыа Дыяс-Канелю Бермудэсу, якому 20 красавіка спаўняецца 65 гадоў.

“Усе ўмовы для гэтага створаныя”, — мяркуе Лукашэнка, якога цытуе ягоная прэс-служба.

Лукашэнка назваў Беларусь “брацкай краінай“, на якую прэзідэнт Кубы можа “заўсёды разлічваць”. “Пад вашым мудрым кіраўніцтвам Куба працягвае ўмацоўваць свой аўтарытэт на міжнароднай арэне, цвёрда абараняць і адстойваць інтарэсы і законныя правы сваіх грамадзян. Ваш асабісты ўклад у гэты працэс цяжка пераацаніць“, — пахваліў Лукашэнка адрасата.

Куба — адна з бедных краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Пазіцыянуе сябе як сацыялістычная рэспубліка, адзіная партыя ў краіне — камуністычная, апазіцыя пераследуецца.

У траўні 2025 года ў Гаване пройдзе чарговае пасяджэнне кубінска-беларускай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства сярод іншага абмяркоўвалася 20 сакавіка на сустрэчы амбасадара Беларусі Віталя Барчука з міністрам унутранага гандлю Кубы Бетсі Дыяс Веласкес.

У сярэдзіне лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны пратакол да міжурадавага пагаднення ад 24 чэрвеня 2014 года з пералікам тавараў, якія Беларусь і Куба хацелі б пастаўляць адзін аднаму ў рамках “сустрэчнага гандлю“. Згодна з дакументам, для кожнага боку “пры ўзаемных пастаўках тавараў і паслуг вызначаецца ліміт у 15 млн долараў ЗША на пяцігадовы перыяд“.

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 26 ліпеня 2024 года кубінскага прэзідэнта з Днём нацыянальнага паўстання, адзначыў, што Беларусі і Кубе трэба не толькі пашыраць “супрацоўніцтва ў традыцыйнай сферы гандлю“, але і выходзіць на “кааперацыйныя формы ўзаемадзеяння“.

Летась 17 ліпеня прэзідэнт Кубы на сустрэчы з Раманам Галоўчанкам, які тады ўзначальваў беларускі ўрад, асудзіў санкцыі ЗША супраць Беларусі і ўмяшанне ў яе справы.

Падзяліцца: