Алейнік дэ-факта пацвердзіў, што Мінск працягне запрашаць на электаральныя кампаніі толькі лаяльных назіральнікаў

19 красавіка, Позірк. Афіцыйны Мінск працягне запрашаць на свае электаральныя кампаніі толькі назіральнікаў з лаяльных арганізацый, вынікае з заявы старшыні камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, міністра замежных спраў Беларусі ў 2022–2024 гадах Сяргея Алейніка ў апублікаваным 19 красавіка інтэрв’ю дзяржагенцтву БелТА.
На просьбу выказацца пра “інстытут замежных назіральнікаў у сучасных умовах” парламентарый заявіў, што ў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ АБСЕ) “дастаткова працяглы перыяд часу” нібыта была манаполія “ў працэсе назірання за выбарамі”.
“Аднак сітуацыя на міжнароднай арэне кардынальна змянілася і, на маю думку, гэтая манаполія ўжо сама сябе зжыла, — сказаў Алейнік. — Цалкам відавочна — Захад злоўжывае сваёй большасцю ў гэтай арганізацыі. Ацэнка электаральных кампаній у Грузіі, Румыніі таксама наглядна гэта пацвярджае”.
Экс-кіраўнік МЗС лічыць, што “наспеў час дэманапалізаваць права БДІПЧ на назіранне за выбарамі, што, уласна кажучы, ужо і адбываецца”. Паводле яго слоў, “вялікая колькасць іншых аўтарытэтных міжнародных місій і назіральнікаў цудоўна даюць рады незалежнаму і аб’ектыўнаму назіранню за ходам выбарчых кампаній”.
“Прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся ў Беларусі, наглядна паказалі, што місіі з краін СНД, АДКБ, ШАС, Панафрыканскага парламента эфектыўна назіралі за ходам выбарчай кампаніі — агулам 500 замежных назіральнікаў з 52 краін свету, што пацвердзіла адкрытасць нашай краіны. Гэта была аб’ектыўная, бесстаронняя ацэнка”.
Электаральная працэдура, якую ўлады ў Мінску лічаць “прэзідэнцкімі выбарамі”, прайшла 26 студзеня 2025 года. Прадстаўнікі БДІПЧ за кампаніяй не назіралі, бо не былі своечасова запрошаныя.
Згодна з дакументам, якім кіруецца БДІПЧ, падрыхтоўка да назірання за выбарамі — працяглы працэс. За некалькі месяцаў “да пачатку канкрэтных выбараў” накіроўваецца місія па ацэнцы патрэбаў, якая вывучае перадвыбарчую сітуацыю, у тым ліку шляхам перамоў з уладамі, партыямі, СМІ, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, замежнымі дыпламатамі ды інш.
Па выніках гэтай працы ацэначная місія можа рэкамендаваць разгарнуць у краіне місію па назіранні — поўнамаштабную (група экспертаў, доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя назіральнікі; вывучаюць усе аспекты выбарчага працэсу) або абмежаваную (асноўная група і доўгатэрміновыя назіральнікі, без кароткатэрміновых у дзень галасавання). Місія любога маштабу пачынае працу за 6–8 тыдняў да дня выбараў.
9 студзеня 2025 года — за 18 дзён да “выбараў” — БДІПЧ і Парламенцкая асамблея АБСЕ выступілі з заявай, з якой вынікала, што Беларусь не накіравала запрашэнне, праз што арганізаваць належным чынам назіральную місію немагчыма. Адказнасць на гэта была ўскладзеная на афіцыйны Мінск, які такім чынам перашкаджае “бесстаронняй і незалежнай ацэнцы выбарчага працэсу”.
17 студзеня МЗС, відавочна, ведаючы, колькі часу неабходна для арганізацыі місіі, заявіла, што накіравала БДІПЧ запрашэнне. Пасля ўлады і прапаганда неаднаразова спрабавалі выставіць сітуацыю так, быццам бюро адмовілася назіраць за “выбарамі”, нягледзячы на запрашэнне.
Для назірання за выбарамі-2025 Цэнтрвыбаркам акрэдытаваў 486 міжнародных назіральнікаў, у тым ліку ад Выканкама, Міжпарламенцкай асамблеі і парламентаў краін СНД, Шанхайскай арганізацыі супрацы, Парламенцкай асамблеі АДКБ, Панафрыканскага парламента, Моладзевай арганізацыі Руху недалучэння, Сакратарыята Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі.
Усе гэтыя лаяльныя рэжыму Аляксандра Лукашэнкі арганізацыі станоўча ацанілі тое, што адбылося ў Беларусі. У сваю чаргу дэмакратычныя краіны і іх аб’яднанні не прызналі цалкам кантраляваную ўладамі электаральную працэдуру выбарамі, а Лукашэнку, які чакана “перамог”, — легітымным прэзідэнтам.


- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь на апошнім месцы ў ЕАЭС па сезонным зніжэнні цэн на сельгаспрадукцыюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 9–12 жніўня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаЗаява Галоўчанкі аб адсутнасці прычын для павышэння стаўкі рэфінансавання выглядае дзіўна — эксперт BEROC (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаКанфіскацыя дзяржавай грошай у банкаў можа негатыўна паўплываць на іх крэдытную палітыку, лічаць эксперты BEROC (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаБольш за чвэрць жыхароў беларускіх гарадоў заявіла аб зніжэнні даходаў — даследаванне BEROC (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаПрагноз BEROC: Рост ВУП Беларусі па выніках 2025 года — не больш за 2%, інфляцыя — менш за 10% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаЦэны на бульбу ў ліпені знізіліся пасля чатырохмесячнага бесперапыннага росту (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка