Мінск 03:28

“Экстрэмісцкімі фарміраваннямі” прызнаныя праекты “ЧестнОК” і “Васьміног”

Эмблема адукацыйнага праекта "Васьміног"
Крыніца: vasminoh.school

18 красавіка, Позірк. Праект “ЧестнОК” спартыўнага журналіста і блогера, былога палітвязня Аляксандра Івуліна, а таксама адукацыйная ініцыятыва “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” прызнаныя “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” згодна з рашэннямі МУС ад 18 красавіка і КДБ ад 16 красавіка, вынікае з адпаведнага абноўленага пераліку.

Паводле версіі МУС, акрамя Івуліна да першага праекта мае дачыненне Яраслаў Пісарэнка. У “экстрэмісцкае фарміраванне” ўключаныя тэлеграм-канал “ЧестнОК”, тэлеграм-бот “Рэдакцыя By.Tribuna.com”, тэлеграм-група “Чацік “Свабоду Сашу Івуліну!”, ютуб-каналы “ЧестнОК” і “ЧестнОК-LIVE”, старонка ў “Фэйсбуку” “ЧестнОК — ютуб-канал пра беларускі спорт”, старонка ў “ТыкТоку” “ЧестнОК”, а таксама старонкі ў “Інстаграме” “ЧестнОК | ЧаснОК”, “Aliaksandr Ivulin”, “Яраслаў Пісарэнка” і “chestnok_by_fans”. Таксама названы “экстрэмісцкім” “лагатып у выглядзе чырвонага кола з надпісам белым колерам “ТУН-ТУН!”.

КДБ прызнала складовымі часткамі ініцыятывы “Васьміног” ютуб-канал @vasminohProject; сайты edu.vasminoh.school, vasminoh.school; тэлеграм-групу vasminoh_adukacja; інстаграм-старонкі vasminoh і belvasminoh, а таксама фэйсбук-старонку vasminoh. Паводле ведамства, дачыненне да ініцыятывы мае Аляксей Канстанцінаў.

Аляксандр Івулін быў затрыманы ў Мінску 3 чэрвеня 2021 года. Пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). 19 студзеня 2022 года журналіста прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у калоніі № 22 (“Ваўчыныя норы”) у Даманава Івацэвіцкага раёна (Брэсцкая вобласць). Пасля вызвалення пакінуў Беларусь.

На адукацыйнай платформе “Васьміног” праводзяцца пераважна інтэрактыўныя курсы на беларускай мове па розных прадметах школьнай праграмы.

Прылічаная да “экстрэмісцкай” дзейнасць, праследуецца ўладамі ў крымінальным парадку. Гэта адзін з актыўных інструментаў палітычных рэпрэсій.

Падзяліцца: