Мінск 03:54

Чыноўнікі з Гродзенскай вобласці вучацца прымяняць тэрытарыяльныя войскі

17 красавіка, Позірк. “Азнаямленню з роляй тэрытарыяльнай абароны ў сучасных узброеных канфліктах, навучанню асновам прымянення тэрытарыяльных войскаў” прысвечаныя зборы ў Гродне, у якіх удзельнічаюць кіраўнікі раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, паведаміла 17 красавіка прэс-служба Міністэрства абароны.

Паводле інфармацыі ведамства, удзельнікі збораў сярод іншага знаёмяцца з метадамі выкарыстання беспілотных лятучых апаратаў і процідзеяння ім.

На практыцы прыцягнутым да збораў асобам дэманструюць “асаблівасці абсталявання кантрольна-прапускнога пункта ў гарадской мяжы і парадак нясення спецыяльнай службы на КПП”, а таксама “парадак абсталявання ўчасткаў мясцовасці для правядзення заняткаў па агнявой падрыхтоўцы”.

У рамках збораў запланаванае “азнаямленне з узбраеннем і экіпіроўкай вайскоўцаў тэрытарыяльных войскаў”.

Як паведамляў “Позірк”, зборы тэрытарыяльных войскаў Гродзенскай вобласці праходзяць 25 сакавіка — 18 красавіка.

13–15 красавіка ў рамках збораў тэрытарыяльных войскаў Гродзенскага раёна прайшлі камандна-штабныя вучэнні. У іх удзельнічалі ваеннаабавязаныя, прызваныя з запасу, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, а таксама “добраахвотнікі народнага апалчэння”.

Трэніроўка “службовых асоб Мінскіх абласнога і раённых выканаўчых камітэтаў, вайсковых камісарыятаў Мінскай вобласці і ўзаемадзейных органаў кіравання” па кіраванні працэсам фармавання тэрытарыяльных войскаў прайшла 2–3 красавіка.

Трэці месяц запар улады правяраюць баявую гатоўнасць войска. Першая праверка боегатоўнасці была абвешчаная 3 лютага. Фактычна без дакладнага завяршэння першай пачалася другая — 24 сакавіка.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама вайсковымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 года ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы, якая забяспечвае, трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: