Мінск 08:46

На 21-гадовага жыхара Івацэвічаў распачалі крымінальную справу за апраўданне дзеянняў нацыстаў у Хатыні

17 красавіка, Позірк. На 21-гадовага жыхара Івацэвічаў распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 ст. 1301 КК (рэабілітацыя нацызму) за апраўданне дзеянняў нацыстаў у вёсцы Хатынь, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка ўпраўлення СК па Брэсцкай вобласці Рамана Зармаева.

“Паводле звестак следства, непрацоўны малады чалавек у адным з агульнадаступных чатаў мэсэнджара Telegram размясціў паведамленне, у якім апраўдваў і станоўча ацэньваў зверствы нацысцкіх злачынцаў, — адзначае ведамства. — У прыватнасці, у яго публікацыі ўтрымліваліся блюзнерскія выказванні пра трагедыю вёскі Хатынь, дзе ў 1943 годзе былі жыўцом спаленыя 149 нявінных жыхароў, у тым ліку жанчыны і дзяці”.

Малады чалавек затрыманы, праводзяцца “следчыя дзеянні, скіраваныя на высвятленне ўсіх абставін справы”.

Адзначаецца, што “злачынная дзейнасць выяўленая” супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.

У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Пад беларускім народам у кантэксце дакумента “разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).

За “адмаўленне генацыду беларускага народа” арт. 1302 КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе 5 гадоў зняволення, за паўторнае парушэнне закона — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”, які дазваляе пераследваць памерлых у крымінальным парадку.

Незалежныя гісторыкі і эксперты лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму для дыскрэдытацыі апанентаў. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць змест кнігі “Генацыд беларускага народа”, якая выйшла пад рэдакцыяй генеральнага пракурора Андрэя Шведа. У ёй сцвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года з’яўляюцца спробай дзяржаўнага перавароту з выкарыстаннем нацысцкай ідэалогіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўнаваны антысавецкі супраціў у першыя пасляваенныя гады.

Падзяліцца: