Мінск 04:11

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Мезенцаў стаў прадстаўніком Пуціна ў Канстытуцыйным судзе

Дзмітрый Мезенцаў
Архіўнае фота: прэс-служба Лукашэнкі

17 красавіка, Позірк. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 17 красавіка прызначыў дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава сваім паўнамоцным прадстаўніком у Канстытуцыйным судзе, вынікае з указа, апублікаванага на расійскім партале прававой інфармацыі.

Паводле інфармацыі агенцтва “Інтэрфакс”, Мезенцаў змяняе на гэтай пасадзе Аляксандра Канавалава, які стаў суддзёй Канстытуцыйнага суда.

Паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта РФ у Канстытуцыйным судзе з’яўляецца федэральным дзяржаўным службоўцам. Згодна з расійскім заканадаўствам, асоба з такім статусам можа займаць толькі адну дзяржаўную пасаду. У той жа час дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы — пазіцыя ў міждзяржаўнай структуры. З указа наўпрост не вынікае, што праз новае прызначэння Мезенцаў пакідае гэтую пасаду.

Разам з тым расійскія медыя і афіцыйны партал Саюзнай дзяржавы пішуць пра Мезенцава як пра кіраўніка сакратарыята структуры ў мінулым часе (“…займаў пасаду дзяржаўнага сакратара…”).

Таксама звяртае на сябе ўвагу той факт, што Аляксандр Лукашэнка 17 красавіка сустракаецца ў Мінску з намеснікам дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым. Ускосна гэта можа паказваць на тое, што Мезенцаў усё ж пакіне сваю пасаду, а яго месца зойме менавіта Глазьеў.

Мезенцаў быў прызначаны дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы 19 сакавіка 2021 года. Да таго амаль два гады ўзначальваў амбасаду РФ у Беларусі. Знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, ЗША і Украіны за дачыненне да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей падчас расійскай агрэсіі, якая цягнецца з лютага 2022 года.

Падзяліцца: