Мінск 03:58

Колькасць палітвязняў у Беларусі зноў перавысіла 1.200

16 красавіка, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць 16 красавіка прызнала палітвязнямі яшчэ 9 чалавек.

Адпаведны статус атрымалі асуджаныя да пазбаўлення волі: Ігар Сімашковіч, Андрэй Урублеўскі, Іван Падліпенцаў (усіх траіх прызналі вінаватымі паводле арт. 130, 3611, 368, 369 Крымінальнага кодэкса); Антон Лісічкін (арт. 130 і 369), Алег Цімашэнкаў (арт. 130, 342, 3614); Вольга Губар (арт. 130, 361, 367); Ігар Ільюкевіч (арт. 130, 361, 368, 369). Тэрміны зняволення невядомыя.

Акрамя таго, палітвязнямі прызнаныя: накіраваны ў калонію Мікіта Самарын (арт. 364 КК, 2,5 года пазбаўлення волі) і арыштаваны па шэрагу палітычных артыкулаў былы баец палка Каліноўскага Максім Ралько.

Праваабаронцы зноў заявілі, што лічаць пераслед і пазбаўленне волі названых грамадзян палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання. Яны запатрабавалі ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць іх, а таксама ўсіх астатніх палітвязняў; спыніць рэпрэсіі; прыняць меры, накіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асоб, спыніць усе раней узбуджаныя па гэтых артыкулах крымінальныя справы.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр “Вясна“, “Прававая ініцыятыва”, Lawtrend і Respect-Protect-Fulfill.

Напярэдадні, 15 красавіка, палітвязнямі было прызнана 7 чалавек.

У цяперашні час беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнаюць палітвязнямі 1.202 чалавек.

Даведка “Позірку”:

арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы);

арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх);

арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім);

арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы);

арт. 3614 (вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а роўна іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);

арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);

арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта);

арт. 368 (абраза прэзідэнта);

арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Падзяліцца: