Мінск 09:59

У пункце пропуску Брэст затрымана беларуска з пакуначкам марыхуаны

16 красавіка, Позірк. У пункце пропуску Брэст (Цярэспаль) 14 красавіка пагранічнікі затрымалі грамадзянку Беларусі, якая ехала з Польшчы на ​​аўтобусе, паведаміў Дзяржпагранкамітэт.

Паводле даных ведамства, “пры праходжанні пагранкантролю ў дзяўчыны выявілі пакуначак з рэчывам расліннага паходжання цёмна-зялёнага колеру, які яна паспрабавала правезці ў кішэні штаноў”: “Згодна з экспертызай, змесцівам пакета з’яўляецца “марыхуана”.

ДПК паведаміў, што яна “з’яўляецца жыхаркай Гродна, аднак атрымлівае адукацыю ў Польшчы” і сцвярджае, што тая раней “неаднаразова набывала наркотыкі для ўласнага ўжывання”.

“За незаконныя перамяшчэнне праз мяжу і абарот наркатычнага сродку ў дачыненні да затрыманай узбуджаны крымінальныя справы. Максімальнае пакаранне за гэтыя злачынствы — да сямі гадоў пазбаўлення волі. Цяпер дзяўчына знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Брэсцкай пагранічнай групы”, — гаворыцца ў рэлізе.

2 красавіка ДПК паведаміў аб затрыманні ноччу 31 сакавіка грамадзяніна Латвіі з забароненымі рэчывамі, які накіроўваўся з Літвы ў Беларусь.

Паводле інфармацыі ведамства, пры праходжанні кантролю ў пункце пропуску Беняконі (з літоўскага боку — Шальчынінкай) пагранічнікі выявілі ў мужчыны ёмістасці з курыльнай сумессю, якая змяшчае каноплі, а таксама таблеткі з псіхатропным рэчывам, якія затрыманы нібыта збіраўся выкарыстоўваць у асабістых мэтах.

Падзяліцца: