Мінск 04:05

Урад зацвердзіў пагадненне аб наданні Нікарагуа экспартных крэдытаў на беларускую тэхніку

15 красавіка, Позірк. Зацверджана дадатковае пагадненне паміж Беларуссю і Нікарагуа аб наданні экспартных крэдытаў на пастаўкі беларускай тэхнікі, падпісана адпаведная пастанова, паведаміла 15 красавіка прэс-служба ўрада.

Дадатковае пагадненне “вызначае асаблівасці паставак прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў у Рэспубліку Нікарагуа на ўмовах экспартнага крэдытавання” ў межах указа Аляксандра Лукашэнкі ад 25 жніўня 2006 года № 534 “Аб садзейнічанні развіццю экспарту тавараў (работ, паслуг)”.

Паводле дакумента, экспартныя крэдыты прадастаўляюць Банк развіцця або банкі-рэзідэнты для вытворчасці тавараў, уключаных у пералік, устаноўлены Саветам міністраў, і іншых тавараў (работ, паслуг) і наступнай іх рэалізацыі арганізацыям, што не з’яўляюцца рэзідэнтамі. Графік пагашэння крэдытаў вызначаецца “зыходзячы з тэрміну, неабходнага для вытворчасці тавараў, уключаных у пералік, і іншых тавараў (работ, паслуг), які не перавышае 180 каляндарных дзён, і тэрміну іх рэалізацыі арганізацыям, што не з’яўляюцца рэзідэнтамі, у адпаведнасці з умовамі экспартнага кантракта”.

Сцвярджаецца, што пастанова дазволіць “выканаць унутрыдзяржаўныя працэдуры ў адпаведнасці з заканадаўствам для пачатку дзеяння дадатковага пагаднення”. У Савеці міністраў адзначаюць, што “падчас візіту ўрадавай дэлегацыі Беларусі ў Нікарагуа летась бакі падпісалі кантракты на пастаўку больш як 700 адзінак беларускай тэхнікі”.

18 ліпеня 2023 года Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Нікарагуа аб узаемнай адмене візавых патрабаванняў. Дамова набыла моц у лютым 2024 года.

Тагачасны прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 14 ліпеня 2023 года падпісаў праект міжурадавага пагаднення з Нікарагуа аб стварэнні сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

15 ліпеня 2024 года Лукашэнка ўхваліў праекты міжурадавых пагадненняў Беларусі з Кубай і Нікарагуа аб “супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах”.

Падчас віншавання 19 ліпеня таго ж года прэзідэнта Нікарагуа Даніэля Артэгу з 45-годдзем перамогі Сандынісцкай народнай рэвалюцыі, Лукашэнка заявіў пра “дынамічнае пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва як у палітычнай, так і ў гандлёва-эканамічнай сферах”. Ён таксама выказаў надзею, што “паступовае збліжэнне Мінска і Манагуа неўзабаве дасць адчувальныя вынікі, станоўча адаб’ецца на ўзроўні дабрабыту нашых грамадзян”.

Амбасада Беларусі на Кубе (па сумяшчальніцтве адказвае за адносіны з Нікарагуа) не прыводзіць ніякіх лічбаў узаемнага гандлю паміж Мінскам і Манагуа. Схематычны графік на сайце дыпмісіі паказвае, што аб’ём гандлю паміж дзвюма краінамі з 2017 года пераважна скарачаўся і склаў у 2021 годзе каля 1,2 млн долараў (большая частка прыпадае на беларускі экспарт). Больш позняя краінавая статыстыка знешняга гандлю Белстатам засакрэчана.

Нікарагуа традыцыйна падтрымлівае Беларусь і Расію на міжнародным узроўні, напрыклад, адпрэчвае скіраваныя супраць іх рэзалюцыі Генасамблеі ААН. Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што ўлады краіны фактычна “гандлююць” сваім палітычным голасам на міжнароднай арэне.

Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком МЗС Нікарагуа Дэнісам Манкада Каліндрасам 19 траўня 2023 года ў Мінску адкрыта захапляўся палітычнай дзейнасцю аўтарытарнага прэзідэнта Артэгі.

Нікарагуа аднесена да катэгорыі небяспечных краін для беларусаў, якія праследуюцца на радзіме па палітычных матывах, гаворыцца ў даследаванні арганізацыі “Прававая ініцыятыва”.

Падзяліцца: