Мінск 04:10

У Беларусі запаволіўся рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

15 красавіка, Позірк. Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў лютым 2025 года выраслі на 12,5% да ўзроўню лютага 2024-га, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

У агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы займае 64,3% (месяцам раней — 64,9%), трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя трансферты насельніцтву) — 22,9% (22,2%), даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 7,5% (7,7%), даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 5,3% (5,2%).

У студзені рост складаў 13,8%. Такім чынам, назіраецца запаволенне гэтага працэсу.

Па выніках 2024 года названыя даходы павялічыліся на 9,7%, 2023-га — на 6,3%, 2022-га — на 3,6%.

Раней “Позірк” паведамляў, што намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў лютым 2025 года склаў 2.428,1 рубля — на 70 капеек больш (+0,03%), чым у студзені (2.427,4).

Паводле ўзроўню намінальнага заробку традыцыйна лідзіруе Мінск — 3.309,1 рубля (у студзені — 3.332; -0,69%). У Мінскай вобласці ён склаў 2.442,7 (2.444; -0,05%), Гомельскай — 2.169,7 (2.175,1; -0,25%), Гродзенскай — 2.118,7 (2.105,8; +0,61%), Брэсцкай — 2.103 (2.088,1; +0,71%), Магілёўскай — 2.014,7 (2.001,9; +0,64%), Віцебскай — 2.011 (1.996,7; +0,72%).

Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам важнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі на 2025 год, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасці на 4%.

Падзяліцца: