Мінск 22:52

Невядомыя парэзалі нажом абраз-банэр ля сталічнага Чырвонага касцёла — СМІ

Крыніца: katolik.life

14 красавіка, Позірк. Каля ўвахода ў сталічны касцёл св. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) невядомыя парэзалі нажом абраз-банэр Езуса Міласэрнага, паведамляе медыя katolik.life.

Калі дакладна гэта адбылося, невядома. Разам з тым, як адзначаецца, мяркуючы па здымках турыстаў — не пазней за сярэдзіну лютага. Інфармацыі пра тое, ці расследуецца гэты акт вандалізму, няма.

Банер змацавалі, але сляды пашкоджання засталіся.

Адзначаецца, што гэты і іншыя абразы-банэры ранейшы пробашч парафіі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк размясціў на канструкцыі, над якой узвышаецца статуя далучанага да ліку святых папы рымскага Яна Паўла ІІ.

Выява Езуса Міласэрнага з’яўляецца копіяй эскіза, што захоўваецца ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля ў Ваўкалаце (Докшыцкі раён, Віцебская вобласць). Ён быў напісаны мастаком Яўгеніюшам Казіміроўскім у Вільнюсе для благаслаўлёнага айца Міхаіла Сапоцькі і святой Фаўстыны Кавальскай.

Чырвоны касцёл не працуе з 26 верасня 2022 года, калі яго закрылі (афіцыйна — на рамонт) пасля пажару, які, як сцвярджалася, узнік праз праблемы з электраправодкай. З-за падазроных абставін здарэння і далейшых паводзін чыноўнікаў узнікла меркаванне, што ўлады хочуць выкарыстаць сітуацыю з касцёлам як рычаг ціску на беларускую каталіцкую супольнасць, стасункі з якой ускладніліся пасля падзей 2020 года.

6 кастрычніка 2022 года з прыходам скасавалі дагавор бязвыплатнага карыстання будынкам касцёла; 14-га стала вядома, што ўлады забаранілі праводзіць набажэнствы ў плябані, а 9 лістапада — у асобных памяшканнях і дворыку касцёла.

У сакавіку 2023 года ініцыятыва “Хрысціянская візія” са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што адной з умоваў, пасля выканання якіх улады згодныя вярнуць Чырвоны касцёл вернікам, можа быць адстаўка ксяндза Завальнюка, які быў пробашчам адпаведнай парафіі больш за 30 гадоў. У ліпені 2024-га мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі зняў Завальнюка з пасады і прызначыў пробашчам касцёла ксяндза Франца Рудзя.

Акрамя таго, некалькі гадоў таму гарадскія ўлады заявілі, што ў парафіі назапасіўся істотны доўг па зямельным падатку, падатку на нерухомасць і амартызацыі. Летась у снежні Рудзь паведаміў вернікам падчас службы, што ад парафіі патрабуюць пагасіць запазычанасць у памеры 148 тыс. рублёў, не ўдакладніўшы за што менавіта “Мінская спадчына” хоча спагнаць гэтую суму. “Хрысціянская візія” таксама выказвала меркаванне, што выплата можа быць адной з умоў аднаўлення дзейнасці Чырвонага касцёла.

15 сакавіка 2025 года Аляксандр Кохан — дырэктар прадпрыемства “Мінская спадчына” (падпарадкоўваецца Мінгарвыканкаму), якое кіруе будынкам, — паведаміў, што рамонт касцёла “хутка пачнуць”.

Варта адзначыць, у кастрычніку 2023 года намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран заяўляў, што рэканструкцыя касцёла “вядзецца паводле плана”, а таксама тое, што работы ў будынку павінны распачацца ў першым квартале 2024-га. Гэтага не адбылося.

Падзяліцца: