Мінск 22:42

Пазьняк выказаў спачуванні ўкраінцам у сувязі з расійскім ударам па Сумах

Фота: "Кордон. медіа"

13 красавіка, Позірк. Спачуванні сем’ям загінулых у Сумах украінцаў выказаў у сваім тэлеграм-канале 13 красавіка кіраўнік руху “Вольная Беларусь” Зянон Пазьняк.

“Сёньня, у Вербную нядзелю, у вялікае хрысьціянскае сьвята, калі ўсе канфэсіі сьвяткуюць разам, калі моц людзей у цэнтры горада Сумы былі на вуліцах, прыйшлі ў храм пасьвяціць вярбу, расейскія варвары накіравалі ў гэтых людзей дзьве балістычныя ракеты з касетным зарадам. З2 асобы загінулі, больш за 80 паранена. Прытым расейскія прапагандысты ў Расеі ёрнічаюць, што разбамбілі ў Сумах “ваенны аб’ект”, — адзначыў палітык (аўтарскі стыль захаваны).

“Дык хто яны, гэтыя варвары! — дадаў ён. — Яны ня людзі ў абліччах людзей. Гэта сатанінскія істоты, ворагі чалавецтва. А нехта яшчэ спадзяецца схіліць іх да міру і спыненьня вайны. Але мусіць быць пакараньне злачынцаў, і яно будзе”.

Паводле сцвярджэння Пазьняка, “расплата забойцаў не абміне”.

“Украіна жыве і будзе жыць. Слава Ўкраіне! Героям слава!” — заявіў лідар “Вольнай Беларусі”.

Раней на расійскі ўдар па Сумах адрэагавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“У жаху ад ракетнага ўдару Расіі па Сумах у гэтую Вербную нядзелю, у выніку якога загінулі і былі параненыя дзясяткі мірных жыхароў. Калі людзі накіроўваліся ў царкву, іх сустрэла смерць”, — напісала яна ў сацсетцы X.

Узброеныя сілы Расіі нанеслі ўдар балістычнымі ракетамі па ўкраінскім горадзе Сумы раніцай 13 красавіка.

Паводле ўдакладненых звестак, 34 чалавекі загінулі, двое з іх — дзеці. Пацярпела не менш за 117 чалавек, у тым ліку 15 дзяцей.

Улады ў Мінску падтрымліваюць расійскую агрэсію ва Украіне.

Падзяліцца: