Мінск 15:55

Беларусь і Пакістан падпісалі пагадненні аб вайсковай супрацы і аб рэадмісіі

11 красавіка, Позірк. Па выніках перагавораў Аляксандра Лукашэнкі і прэм’ер-міністра Пакістана Шахбаза Шарыфа 11 красавіка ў Мінску міністэрствы абароны дзвюх краін падпісалі пагадненне аб вайсковай супрацы, паведамляюць дзяржаўныя СМІ.

У сваю чаргу Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі і Міністэрства абароннай прадукцыі Пакістана зацвердзілі праграму (дарожную карту) вайскова-тэхнічнай супрацы на 2025–2027 гады.

Акрамя таго, падпісаныя міжурадавае пагадненне аб рэадмісіі і пагадненне аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў у галіне барацьбы са злачыннасцю.

У ліку іншых падпісаных дакументаў называюцца план мерапрыемстваў па рэалізацыі мемарандума аб супрацы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, пагадненне па абмене паштовымі адпраўленнямі паміж “Белпоштай” і Pakistan Post, мемарандум аб узаемаразуменні паміж Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў і Упраўленнем па справах малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Пакістана.

26 лістапада 2024 года падчас візіту Лукашэнкі ў Пакістан было падпісана 15 пагадненняў рознага ўзроўню, уключаючы дарожную карту “развіцця ўсебаковай супрацы”, дагавор аб выдачы ды інш.

Падзяліцца: