Мінск 13:01

За пяць месяцаў у базу вышуку МУС РФ уключана больш за 1.200 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі

Арцём Шрайбман
Фота: "Позірк"

9 красавіка, Позірк. На запыт беларускіх уладаў у базу вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Расіі за апошнія пяць месяцаў уключана больш за 1.200 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі, паведамляе выданне “Медыязона”.

58 з іх, як адзначаецца, былі асуджаныя ў Беларусі па палітычна матываваных крымінальных справах. Да гэтай катэгорыі, у прыватнасці, адносіцца былая палітзняволеная, экс-рэдактар тэлеграм-канала “Мая Краіна Беларусь” Ірына Шчасная.

Таксама ў расійскую базу вышуку ўнесены былы следчы Аляксандр Антанюк і член страйкама “Беларуськалія” Андрэй Прылуцкі.

Акрамя гэтага, база папоўненая журналістамі. У яе ўключаныя: галоўны рэдактар выдання Reform Фёдар Паўлючэнка, кіраўніца тэлеканала “Белсат” Аліна Коўшык, супрацоўнікі “Еўрарадыё” Марыя Калеснікава і Дзмітрый Лукашук, журналісты “Радыё Свабода” Дзмітрый Гурневіч, Алег Груздзіловіч і Юрый Дракахруст, праекта hrodna.life — Ірына Новік, вядучы ютуб-канала “Обычное утро” Канстанцін Місуна (Каверын) і яго былая калега Людміла Лабінская (Міласлаўская), былы рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Скурко, былы журналіст “РС” Дзмітрый Панкавец, а таксама Глеб Раманаў, Наталля Цюлюпава, Анастасія Цярэшка, Аляксандра Эльбаум, Глафіра Жук, Марыя Булавінская, Эльшад Акбераў.

У базе значацца праваабаронца Аляксандр Буракоў, паэт і тэлевядучая Валерыя Кустава, намеснікі старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі і Алег Агееў.

Абвешчаныя ў вышук МУС РФ эксперты Арцём Шрайбман, Валер Карбалевіч, Яраслаў Раманчук, палітолаг Дзмітрый Балкунец, а таксама асуджаныя завочна паводле “справы аналітыкаў Святланы Ціханоўскай” Наталля Рабава, Таццяна Чуліцкая, Вераніка Лапуцька і Аляксандр Шлык.

Унесеныя ў пералік тых, хто адшукваецца, таксама шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу, экс-вакаліст гурта Brutto Віталь Гуркоў, акцёр і ўдзельнік праекта “ЧынЧынЧэнел” Дзмітрый Есяневіч, пісьменнік Саша Філіпенка, гісторык Цімафей Акудовіч, кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

У расійскай базе значацца таксама беларускія добраахвотнікі, блогеры, сваякі як былых палітвязняў, так і палітыкаў у эміграцыі.

Усяго, паводле даных медыя, у базе цяпер больш за 4.700 беларусаў.

13 лютага 2024 года паведамлялася, што ў базе вышуку МУС РФ фігуруюць імёны 3.186 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі, да траўня ў базу дадалі яшчэ больш за 400 грамадзян Беларусі.

У лістападзе база папоўнілася імёнамі 773 грамадзян Беларусі.

Падзяліцца: