Мінск 03:00

Сума наяўных грошай у абароце за год вырасла на 22% — Нацбанк

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

14 сакавіка, Позірк. Сума наяўных грошай у абароце (агрэгат М0) на 1 сакавіка 2025 года склала 11 млрд 908,4 млн рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 52,1 млн (на 1 студзеня — 11 млрд 856,3 млн; +0,4%), паведамляе Нацыянальны банк.

Разам з тым у гадавым выражэнні гэты паказчык павялічыўся на 22% (на 1 сакавіка 2024-га — 9 млрд 761,3 млн рублёў).

Пераводныя дэпазіты за год сталі больш на 18,5% — з 13 млрд 33,1 млн да 15 млрд 443,7 млн.

Наяўныя грошы ў абароце і пераводныя дэпазіты ў нацыянальнай валюце (М1) павялічыліся на 20% — з 22 млрд 794,6 млн да 27 млрд 352,1 млн.

Грашовая маса ў нацыянальным вызначэнні (М2) павялічылася з 39 млрд 747,9 млн да 51 млрд 341,7 млн (+29,2%), рублёвая грашовая маса (М2*) — з 41 млрд 788,3 млн да 53 млрд 612,6 млн (+28,3%), шырокая грашовая маса (М3) — з 75 млрд 654 млн да 87 млрд 528,3 млн (+17%).

7 жніўня 2024 года Раман Галоўчанка, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра, заявіў, што “так званыя эксперты палохаюць перагрэвам эканомікі”. “З таго боку ўсе эканамічныя навіны падаюцца выключна ў негатыўным ключы, разлічваючы на ​​людзей, якія не вельмі разбіраюцца ў эканамічных мадэлях”, — сказаў кіраўнік урада.

Паводле яго сцвярджэння, у эканоміцы “магло б быць яшчэ больш грошай”, але пакуль урад “не бачыць патрэбы ў дадатковай крэдытнай падтрымцы банкаўскай сістэмы”.

Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка прызначыў Галоўчанку старшынёй праўлення Нацыянальнага банка.

У каментарыі “Позірку” кіраўнік Цэнтра Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук заявіў, што пераход Галоўчанкі — чалавека з “нулявымі профільнымі ведамі” — “трагедыя і вельмі трывожны сігнал для тых людзей, што працуюць у фінансавай сферы”.

“Я назваў бы Галоўчанку на пасадзе кіраўніка Нацбанка сурагатам Пятра Пракаповіча (старшыня праўлення рэгулятара ў 1998–2011 гадах. — Позірк.). Гэта яшчэ горш. Таму ўсім напружыцца, будзе вельмі нават “весела” для банкаўскай сістэмы і ўсёй эканомікі”, — лічыць эксперт.

За 2024 агрэгат М0 вырас на 25,1% (за 2023-ы – на 37,44%), М1 — на 19,9% (на 33,85%), М2 — на 34,28% (на 29,8%), М2* — на 28, 6% (на 34,73%), М3 — на 17,3% (на 23,56%).

Падзяліцца: