Мінск 05:22

Жанчыны ў няволі пакутуюць не толькі праз палітычны пераслед, але і проста праз тое, што яны жанчыны — “Вясна”

Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com

8 сакавіка, Позірк. Становішча жанчын у зняволенні значна пагоршылася ў Беларусі пасля 2020 года. Палітычна матываваныя затрыманні прывялі да таго, што жанчыны сутыкаюцца з нечалавечымі ўмовамі ўтрымання падчас як адміністратыўнага арышту, так і доўгатэрміновага зняволення пад варту або адбыцця пакарання ў калоніях. На гэтым акцэнтавалі ўвагу ў праваабарончым цэнтры “Вясна” ў каментары “Позірку” з нагоды Дня жанчын 8 сакавіка.

“Жанчыны-палітвязні церпяць дадатковы ціск: ім абмяжоўваюць ліставанне і перадачы, іх пазбаўляюць базавых правоў, ставяць на прафілактычны ўлік як “схільных да экстрэмізму”. Фіксуюцца катаванні, гендарна абумоўлены гвалт і пагрозы згвалтавання. Некаторых жанчын трымаюць у поўнай ізаляцыі месяцамі”, — канстатавалі праваабаронцы.

У “Вясне” падкрэсліваюць, што шмат якія ўмовы ўтрымання — гэта менавіта гендарна абумоўлены гвалт: “Напрыклад, перапоўненыя камеры без доступу да цёплай вады і гігіенічных сродкаў, адсутнасць медыцынскай дапамогі, прымусовая нізкааплочваемая праца ў цяжкіх умовах, надгляд супрацоўнікамі-мужчынамі ва ўразлівых, у тым ліку інтымных сітуацыях”.

“Гэта значыць, што жанчыны пакутуюць не толькі праз палітычны пераслед, але і проста праз тое, што яны жанчыны”, — адзначаюць праваабаронцы.

Яны падкрэсліваюць, што дзякуючы намаганням “Вясны” і іншых абаронцаў правоў чалавека праблема гендарна абумоўленага гвалту супраць жанчын-палітзняволеных рэгулярна гучыць на розных міжнародных пляцоўках.

“З апошняга, напрыклад, 27 лютага Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын у дзявяты раз вынес рэкамендацыі Беларусі. Гэта адбываецца кожныя чатыры гады з моманту ратыфікацыі Канвенцыі па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі супраць жанчын. І ў гэты раз камітэт выдзяліў адну з уразлівых групаў — жанчын у зняволенні. Датычна іх камітэт рэкамендуе прывесці ўмовы ўтрымання ў адпаведнасць міжнародным стандартам, забяспечыць ім права на абарону і прыватныя размовы з адвакатам, забараніць асабістыя вобшукі мужчынамі і іншыя практыкі, перагледзець крымінальныя справы тых жанчын, зняволенне якіх з’яўляецца пагрозай іх здароўю або жыццю, то бок паводле гуманітарных падставаў. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра жанчын-палітзняволеных, якія знаходзяцца ў гуманітарным спісе“, — паведамілі “Позірку” ў “Вясне”.

У арганізацыі канстатавалі, што, нягледзячы на патрабаванні як беларускага заканадаўства, так і міжнародных стандартаў правоў чалавека, беларускія ўлады не толькі не спыняюць гэтыя парушэнні, але і заахвочваюць бязкарнасць сілавікоў. “8 сакавіка важна не толькі казаць пра правы жанчын, але і патрабаваць іх абароны, асабліва для тых, хто сёння знаходзіцца за кратамі”, — падкрэслілі праваабаронцы.

“Вясна” 8 сакавіка прадставіць агляд “Нас вырашылі зусім звесці са свету” пра становічшча жанчын-палітзняволеных.

“Ён уключае ў сябе міжнародныя стандарты ўтрымання зняволеных жанчын, кантэкст і бягучую сітуацыю, тлумачэнне, якія асаблівыя патрэбы жанчыны маюць у кантэксце ўмоў утрымання і сведчанні жанчын аб катаваннях і іншым жорсткім, нечалавечым і прыніжаючым абыходжанні, а таксама аб іншых незаконных практыках. Даклад уключае сведчанні і іншыя самыя розныя сведчанні па тэмах, якія трапілі пад нашую увагу”, — адзначылі ў арганізацыі.

Гл. таксама па тэме:

Напярэдадні 8 сакавіка дыпмісіі дэмакратычных краін запатрабавалі вызвалення беларускіх палітвязняў

Падзяліцца: