Беларусь “выпрацуе пазіцыю”, ці запрашаць заходніх назіральнікаў на вучэнні “Захад” — прадстаўнік Мінабароны

11 студзеня, Позірк. Беларусь яшчэ думае, ці запрашаць заходніх назіральнікаў на сумесныя з Расіяй стратэгічныя вучэнні “Захад-2025”, вынікае з заявы начальніка дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы — памочніка міністра абароны Валерыя Равенкі ў інтэрв’ю тэлекампаніі “ВаенТБ”.
Вайсковы чыноўнік нагадаў, што ў 2024 годзе ў шэрагу краін Еўропы адбыліся вучэнні “Абаронца”. Мерапрыемства, паводле яго слоў, было “пісьменна разбіта на шэраг дробных вучэнняў”, якія не дазволілі “забяспечыць назіранне за агульным маштабам” манеўраў, якія былі “яўна скіраваныя супраць Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі — гэта значыць супраць Саюзнай дзяржавы”.
“На тэрыторыі Польшчы былі праведзеныя вучэнні “Драгун” — яны перавышалі 13 тысяч [удзельнікаў]. <…> Вучэнні ў Эстоніі, Нарвегіі таксама перавышалі пэўныя паказчыкі, якія патрабавалі запрашэння нашых назіральнікаў. Мы запрошаныя не былі, — сказаў Равенка. — Вучэнні ў Латвіі “Намейс”: першапачаткова агучвалася колькасць 14 тысяч, потым [заявілі, што] нібыта тэхнічная памылка, да 13 тысяч апусцілі планку. Хаця былі назіральнікі на гэтым вучэнні, Рэспубліка Беларусь запрошаная не была“.
“Заканамернае пытанне: як мы паступім у дачыненні да гэтых недружалюбных дзеянняў? Мы будзем выпрацоўваць нашу пазіцыю, будзем выпрацоўваць нашае стаўленне да нашых партнёраў з Захаду. Закранаючы запрашэнні іншых дзяржаў, дзяржаў, якія ставяцца па-сяброўску да Рэспублікі Беларусь, так, мы плануем. Мы плануем запрашэнне дэлегацыі ад нашых саюзнікаў, сяброў, партнёраў на гэтыя вучэнні”, — падкрэсліў прадстаўнік Мінабароны.
Да вучэнняў “Захад-2025” плануецца прыцягнуць больш за 13 тыс. чалавек, з прычыны чаго, паводле слоў Равенкі, беларускія ўлады “былі абавязаныя і ўжо апавясцілі ўсе дзяржавы — удзельнікі Венскага дакумента” пра намер правесці такія манеўры, а таксама калі яны адбудуцца і якая іх колькасць. Дату правядзення ён не назваў.
Адметна, што ў поўнай, як сцвярджаецца, версіі інтэрв’ю (з відавочнымі слядамі мантажу) Равенка не прагаворвае некаторыя моманты, якія Мінабароны, анансуючы хуткае з’яўленне запісу размовы, апублікавала ў якасці яго цытат. У прыватнасці, калі верыць ранейшаму паведамленню ведамства, вайсковы чыноўнік заявіў, што “задума выпрацоўваецца, каго запрасіць на якія этапы”. “Мы ставімся станоўча і да шэрагу дзяржаў — членаў Еўрасаюза, асобных краін — членаў НАТО”, — гаварылася ў анонсе.
Летась у кастрычніку міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў вучэнні “Захад-2025” “галоўнай падзеяй”. Паводле яго слоў, яны створаць умовы для “далейшага ўдасканалення дзейнай сістэмы гарантавання ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы”.
“Мерапрыемствы такога маштабу даюць магчымасць на практыцы праверыць узровень баявой гатоўнасці рэгіянальнай групоўкі і здольнасць войскаў сумесна выконваць пастаўленыя задачы”, — заявіў ён.
Мінск рэгулярна праводзіць з Масквой сумесныя вайсковыя вучэнні, у тым ліку стратэгічныя.
Расійскія войскі, якія прыбылі на беларускую тэрыторыю для ўдзелу ў вучэннях “Саюзная рашучасць — 2022”, пасля іх заканчэння не былі з яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года.

- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаПераслед рэжымам Лукашэнкі беларусаў за мяжой з'яўляецца праблемай і дэмакратычных краін — член КР ХалопіцаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВіцэ-прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў заклікала дапамагаць беларусам, якія засталіся без дакументаў за мяжойМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаУ дзень заявы Туска пра гатоўнасць адкрыць яшчэ два памежныя пераходы зафіксаваная рэкордная за тыдзень актыўнасць нелегалаў на польскай мяжы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаЛукашэнка захапіў уладу толькі дзякуючы жорсткасці, рэпрэсіям і падтрымцы Пуціна — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаПасля паслаблення амерыканскіх санкцый "Белавія" будзе прасцей працаваць з доларам — гендырэктар перавозчыкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская: У дэмакратыі ёсць інструменты, каб спыніць дыктатараў і войны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Эканоміка


