Мінск 13:41

Курсам пераналадкі, або Як перастаць жыць у хаосе

Завяршаючы трэці цыкл публікацый пра адукацыйны хаб “Нацыя лідараў“, “Позірк“ звярнуў увагу на чатырохтыднёвы курс “Мэта. План. Вынік”, чарговы набор на які стартаваў 6 красавіка.

Тры зразумелых ўсім словы, а вось як правільна пераходзіць ад аднаго этапу да іншага, мы пагаварылі з аўтарам курсу Наталляй.

“Хутка — гэта павольна, але ўвесь час“

Ці можна простымі словамі сказаць, што ваш курс — пра тое, каб элементарна не звар’яцець у гэтай плыні падзей, калі не ведаеш, за што хапацца ў першую чаргу?

— Я думаю, што на мой курс прыходзяць людзі ў рознай ступені рэсурснасці і ён добры для ўсіх. Добры менавіта тым, што ў ім выбудоўваецца сістэма.

Я яе называю “дрэўцам”, якое можна потым фармаваць, як бансай — пад сябе. На курсе мы праходзім па базавых “ствалах“ і асноўных “галінках”. Але думаю, што “не звар’яцець“ — гэта сапраўды распаўсюджаная прычына прыйсці на мой курс.

Бо многія людзі адчуваюць празмернасць задач, інфармацыі і чаканняў ад сябе. Чалавек не ведае, на што абаперціся, за што хапацца, ён нават не ў стане рухацца па адной сістэме доўгі час, таму што кожны дзень то штучны інтэлект нешта прыдумляе, то выходзіць нейкая навамодная дыета, то яшчэ што-небудзь…

А на курсе я вучу таму, што самае галоўнае — гэта сістэматычнасць, і, як кажуць кітайцы ці японцы (яны змагаюцца за аўтарства): “Хутка — гэта павольна, але ўвесь час“.

“Людзі імкнуцца ўвесь час быць анлайн, таму што баяцца прапусціць нешта важнае“

Шматзадачнасць — з’ява не новая, яна суправаджае чалавека ўсё свядомае жыццё. Але чаму менавіта цяпер гэта выклікае такі стрэс?

— Мне здаецца, тут нам моцна “дапамаглі” смартфоны. Таму што раней у чалавека было шмат спраў, але, па-першае, не было столькі магчымасцяў, і па-другое, столькі “шуму вакол спраў“.

Насамрэч цяпер шматзадачнасць ствараецца не столькі, напэўна, абавязкамі, паколькі жывем-то мы прасцей, чым жылі нашы бабулі і дзядулі: каб памыць бялізну, трэба не ісці да калодзежа па ваду, а ўсяго толькі націснуць на кнопачку.

Нібаты жыццё спрашчаецца, але тым не менш задач становіцца больш. З чым гэта звязана? У нас адначасова ёсць занадта шмат магчымасцяў і адсутнічае фокус. Мы адчуваем складанасці з выбудоўваннем гэтага фокусу, а паралельна прысутнічае пастаяннае адчуванне страчанай магчымасці.

Ёсць нейкі сіндром, які звязаны як раз са смартфонамі: “Я нешта важнае прапусціў”. Таму людзі ўвесь час знаходзяцца анлайн, каб нешта не прайшло міма іх. Думаю, гэта таксама частка шматзадачнасці: у нас ёсць задача быць у курсе ўсяго.

Увогуле, як ні дзіўна, мы пачынаем пакутаваць ад вялікай колькасці магчымасцяў.

Памятаеце праграму жыцця нашых продкаў: пасадзіць дрэва, нарадзіць сына і пабудаваць дом? А цяпер гэтая праграма заканчваецца нашмат раней, чым сканчаецца жыццё.

Часцей даводзіцца мяняць прафесію і на працягу жыцця займацца чымсьці іншым. Банальна, але факт: жыццё нашмат паскорылася.

Атрымліваецца, мы маем справу са станам разгубленасці, з якога выйсці ўсё складаней?

— Думаю, што якраз мой курс і дапамагае з яго выйсці. У першы тыдзень мы займаемся не “дасягальніцтвам”, не планаваннем і не ажыццяўленнем планаў, а менавіта каліброўкай самога сябе адносна сваіх мэтаў і адносна мэтазгоднасці сваіх дзеянняў.

Гэта значыць, мы фільтруем свае мэты праз сістэму сваіх жа каштоўнасцяў, каб зразумець, што і колькі працэнтаў у сваім жыцці я раблю таго, што сапраўды маё, а колькі я раблю таго, што калісьці сказала Марыя Іванаўна на матэматыцы, ці што я не раблю з таго, што я хацеў, таму што Марыя Іванаўна сказала, што я дрэнны ў матэматыцы.

А што за “анлайн-дзённік дасягальніка” ў вас на першым тыдні курса з’яўляецца?

— “Дзённік дасягальніка” — гэта адзін з найбольш магутных, я лічу, інструментаў на курсе, калі не наймагутнейшы, таму што, з майго пункту гледжання, курс дае дзве асноўныя каштоўнасці.

Першая — гэта якраз сістэма, якую я вызначыла метафарай дрэва бансай, якую можна падладжваць пад сябе. А другая каштоўнасць — гэта сіла супольнасці. Паколькі мы сустракаемся на вебінарах анлайн, пачуццё пляча, адчуванне саўдзелу, руху і “глядзення ў адным кірунку“ як раз ствараюць “дзённікі дасягальніка“.

Яны ў нас запаўняюцца кожны дзень, у іх ёсць пэўныя рубрыкі, якія дазваляюць факусаваць увагу на важным, не зацыкліваючыся на чымсьці адным. Мы вучымся факусавацца на жыцці вакол нас і казаць сабе на працягу дня: стоп, цяпер я радуюся.

Ёсць рубрыкі, якія тычацца ўнутраных рэсурсаў, беражлівых адносін да сябе, і ёсць, натуральна, рубрыкі “дасягальніцкія“, якія тычацца выніку.

Але самае галоўнае, што дае дзённік акрамя факусоўкі: людзі чытаюць дзённікі адзін аднаго, каментуюць іх і такім чынам атрымліваюць падтрымку. Тыя, каму складана праяўляць сябе і казаць пра свае пытанні, могуць пачытаць і пераканацца, што ў іншых, уласна, тыя ж праблемы і цяжкасці. І не толькі пачытаць, але і натхніцца, паглядзець, якія ў сакурснікаў адбываюцца змены за чатыры тыдні, а заадно пахваліцца сваімі. Унутраны настрой на тое, што трэба ўвечары запоўніць дзённік, мяняе ўвесь твой дзень.

У цябе на дзень ёсць пяць задач, якія запісаныя ў тваім дзённіку. Умоўна: атрымаць радасць, прайсці некалькі крокаў, зрабіць нешта для свайго рэсурсу, для выніку.

“У нас няма адфільтраванай сістэмы асабістых дарослых каштоўнасцяў“

З якімі праблемамі чалавек найчасцей сутыкаецца пры расстаноўцы прыярытэтаў? Наколькі тут гуляюць ролю аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары?

— Мы ўжо пачалі гэтую тэму абмяркоўваць — пра “Марыю Іванаўну”.

Першае, што мы робім, — гэта каліброўка. І наогул, магчыма, многія першы раз у жыцці задаюцца пытаннем: а якія ў мяне каштоўнасці? І якія з маіх жыццёвых мэтаў сапраўды адпавядаюць маім каштоўнасцям?

Мы гэтаму прысвячаем цэлы тыдзень. У курсантаў да яе вельмі рознае стаўленне. Некаторыя хочуць хутчэй у “дасягальніцтва“, хутчэй планаваць, а іншым, наадварот, здаецца, што вось гэтага “самакапання” і рэфлексіі насамрэч мала.

Таму асноўная праблема з расстаноўкай прыярытэтаў, на мой погляд, складаецца ў тым, што ў нас няма адфільтраванай сістэмы асабістых дарослых каштоўнасцяў: многія парадыгмы, каштоўнасці, прыярытэты ўзятыя з абмежаванняў або перакананняў, якія сфармаваліся ў дзяцінстве.

Што да нас давялі бацькі, настаўнікі і іншыя важныя для нас дарослыя, то мы часта і нясем праз усё жыццё.

З чым прыходзяць да вас тыя, хто запісаўся на курс? У якім яны стане? Што хвалюе іх найперш? Як яны мяняюцца потым?

— У нас якраз ёсць анкета ў пачатку курса, і мы запытваем у людзей, у якім стане яны прыходзяць. У нас ёсць нават смешныя метафары з нагоды гэтых магчымых станаў.

Людзі прыходзяць абсалютна розныя. На першым вебінары я прыводжу аргументы, чаму гэты курс карысны людзям у любым стане, чаму ён працуе на маім жыццёвым прыкладзе і чаму гэта курс шматразовага выкарыстання.

То бок, гэта — сістэма, да якой можна вяртацца шматкроць на працягу жыцця, калі мяняюцца каштоўнасці, прыярытэты, абставіны, калі трэба “перасабраць“ мадэль жыцця, мэтаў і прыярытэтаў.

Пра метафару “паравоза“

Зараз аб плане як другім кампаненце курса. Ці ёсць агульная схема выхаду з разгубленасці, схема спынення выгарання? Якія агульныя рэкамендацыі?

— Менавіта з гэтым мы працуем чатыры тыдні. Калі коратка апісаць, як мы працуем, то ў мяне ёсць метафара “паравоза“. Людзі, якія прыходзяць на курс, — гэта “паравозікі”, якія прыязджаюць на размеркавальную станцыю. І на гэтай размеркавальнай станцыі спачатку яны вызначаюць, у якім кірунку паедуць.

Яны знаходзяць свае рэйкі. Гэта значыць, яны адкаліброўваюцца, у якім кірунку ехаць, і настройваюць сваю сістэму каштоўнасцяў. Гэта кшталту сервіснае абслугоўванне — тое, што я называю калібрацыяй.

І далей на першым тыдні мы займаемся менавіта гэтым. Мы мыем свой “паравоз”, чысцім, выкідваем лішнія дэталі, якія яго толькі абцяжарваюць. Вызначаем вектар руху.

На другім тыдні мы пачынаем планаваць, гэта значыць выбіраць канкрэтныя “квадрацікі”, карткі спраў і кірункаў, у якіх будзем рухацца на трэцім і чацвёртым тыдні.

Вывучаем сістэму планавання і падладжваем яе пад сябе. Хтосьці працуе фрылансерам, хтосьці кажа, што яму няма чаго планаваць, таму што восем гадзін на канвееры дэталі перасоўвае. Таму сістэма планавання падладжваецца пад кожнага чалавека.

Адпаведна на трэцім тыдні наш “паравоз” пачынае ехаць, але мы метафарычна дашліфоўваем нешта, даглядаем нейкія дэталькі. Фактычна ў нас адбываецца своеасаблівы “тэст-драйв“.

На чацвёртым тыдні мы гэты “паравоз“ разганяем, і ўжо “машыніст” яго вядзе амаль самастойна. Але ў яго ёсць опцыя “званок сябру”, каб атрымаць кансультацыю, калі здарылася нейкая паломка.

А далей, як я кажу, праз чатыры тыдні, калі “паравоз” разагнаўся, яго ўжо не стрымаць. І курсанты выходзяць з “разагнаным паравозам”, маючы сістэму, якую ім толькі трэба сістэматычна паўтараць, мультыплікаваць.

На чацвёртым тыдні курсу, як бачна з праграмы, з’яўляюцца нейкія “татуіроўкі”. Гэта што такое?

— А гэта “45 татуіровак прадавана” — бестселер Максіма Батырава, кніга з правіламі і прынцыпамі паспяховых продажаў, заснаваная на яго асабістым досведзе. “Татуіроўкі” тут — метафара, якая азначае важныя жыццёвыя і прафесійныя высновы, якія засталіся ў сэрцы і памяці на ўсё жыццё. Кніга вучыць эфектыўна ўзаемадзейнічаць з кліентамі і кіраваць продажамі.

І мне гэтая метафара спадабалася. Татуіроўкі — гэта тое, што жыццё вытатуіравала на табе. То бок гэта “балюча”, ты праходзіш праз гэта на сваім досведзе. Але гэта тое, што табе варта запомніць і ўзяць з сабой у “заплечнічак“. Вось гэта я і называю татуіроўкамі.

Вось да чаго можна вярнуцца. Тое, што ты пакідаеш сабе, дзесьці запісваеш, і гэта ператвараецца ў твае базавыя налады.

“У кожнага свае выклікі і свае вынікі“

Пры наяўнасці агульных падыходаў у кожнага ўсё індывідуальна. А які ў вас асабісты досвед? На сайце “Нацыі лідараў“ пра вас пішуць: “Маё жыццё напоўненае абавязкамі і задачамі рознай накіраванасці. Я мама, жонка, сузаснавальнік трох сур’ёзных бізнэсаў, валанцёр, трэнер па фейсфітнесе. Мне часта ставяць пытанне: “Як ты ўсё паспяваеш?” Я актыўна выкарыстоўваю інструменты і метады, з якімі хачу вас пазнаёміць”.

— Напэўна, тут пра гэта я не вельмі хацела б гаварыць, але я кажу пра гэта на курсе.

Кажу пра свае асабістыя моманты і пра тое, што я свой “курс“ праходзіла ў тыя моманты, калі былі і агонь, і вада, і медныя трубы.

І ён дапамагае заўсёды. Ён дапамагае таксама адкалібравацца, зарыентавацца і прытрымлівацца сістэмы. Не бегчы наперадзе паравоза або несціся з хваляй цунамі, а ўтрымліваць кантроль над тым, над чым можна, нягледзячы на абставіны.

Але таксама гэтая сістэма мне дапамагла ў моманты вялікага асабістага ўзрушэння. Калі выклікам было нават ўстаць з ложка і пачысціць зубы. Таму яна працуе заўсёды.

І ўдзельнікам курса я заўсёды кажу, што ў кожнага свае выклікі і свае вынікі. Гэта значыць, мы параўноўваем сябе толькі з самімі сабой учарашнімі. Мы не можам параўноўваць сябе ні з блогерамі, ні з іншымі ўдзельнікамі курсу, ні з нейкімі іншымі людзьмі. Толькі сябе з сабой учарашнім. Ацэньваем свой рост, развіццё і “дасянальніцтва“.

Як не дапусціць вяртання фрустрацыі, выгарання?

— А гэтае пытанне мы абмяркоўваем на апошнім выпускным вебінары (смяецца). Запрашаю ўсіх на курс. Я не магу зараз раскрыць усе ноў-хаў.

Пра “перазборку” і “чорных лебедзяў”

Добра, прапускаем. А якая можа быць карысць курсу для тых, хто лічыць, што ў прынцыпе ў іх усё раскладзена па палічках, ім гэта нічога не трэба?

— Па-першае, калі ў вас нешта раскладзена па прыгожых палічках, то абавязкова заўтра праляціць “чорны лебедзь“ і змахне адтуль што-небудзь.

Мы жывем у такім свеце, што гэтыя палічкі скалынаюцца пастаянна. Таму калі вам здаецца, што сёння гэты курс вам не патрэбен, то проста занатуйце інфармацыю пра яго, і, калі праляціць “чорны лебедзь“, ён вам ой як спатрэбіцца.

Курс насамрэч дае нешта базавае — “перазборку” мэтаў. І другое — адказ на пытанне, ці сапраўды з’яўляецца маім тое, чым я займаюся, ці я проста ствараю бачнасць бурнай дзейнасці.

На першым тыдні, як я казала, мы вучымся ставіць перад сабой не заўсёды зручныя пытанні: ці адпавядае гэта маім каштоўнасцям, а што такое місія, а я наогул задумваюся пра гэта?

З перспектывай на 30 гадоў, напрыклад, майго жыцця я наогул разглядаю ў такіх катэгорыях свае мэты і вектары.

Яснасць. Сістэма. Рух

І напрыканцы, для абагульнення, давайце назавем тры прычыны, чаму варта запісацца на курс “Мэта. План. Вынік“.

­— Першая: з’яўляецца яснасць ці хаця б адносная яснасць. Я абапіраюся на водгукі людзей. Найперш таму, што мой пункт гледжання суб’ектыўны.

Ёсць у нас такія, хто вяртаецца на гэты курс. Іх, што цікава, не так ужо і мала.

З’яўляецца яснасць, вы пачынаеце разумець, чаго хочаце менавіта вы. Як я ўжо казала, для многіх людзей гэта першы раз у жыцці, калі яны задаюць сабе такія глыбокія пытанні на рэфлексію, робяць спецыяльныя практыкаванні на вызначэнне сваёй сістэмы каштоўнасцяў. Або робяць хатнія заданні, выкарыстоўваюць спецыяльныя методыкі для вызначэння сваёй місіі. Гэта значыць людзі ў рэальным жыцці звычайна такім паглыбленым самааналізам не займаюцца.

Па-другое, з’яўляецца сістэма.

Вы перастаеце жыць у хаосе, чапляцца за нешта, вы даеце сабе права і магчымасць хоць бы 28 дзён даверыцца камусьці, даверыцца гэтай сістэме і паглядзець праз 28 дзён, куды яна вас прывядзе.

Гэта значыць, вы трымаеце фокус, вы выбралі вось гэтую сістэму, я вас вяду 28 дзён, кожны дзень у вас заданне, і вы ў гэты момант можаце не глядзець направа-налева.

Мая любімая метафара з нагоды таго, як дасягнуць вынік: у старажытныя часы паляўнічыя за мамантамі павінны былі быць цалкам сканцэнтраваныя на мамантах, і калі б яны разглядалі рэдкія экзатычныя расліны ці птушак, то яны б гэтага маманта ніколі не злавілі.

Так і ў нас на гэтым курсе для таго, каб праз 28 дзён атрымаць бачны вынік, трэба сканцэнтравацца і ісці мэтанакіравана, не скакаць з кветачкі на кветачку, з сістэмы на сістэму, а проста мэтанакіравана рабіць і паўтараць тыя крокі, якія выпрацуюць навыкі, а навыкі дадуць вынік.

Ну, і трэцяе: у гэтым усім хаосе з’яўляецца мэтанакіраваны рух і свае асабістыя KPI па адсочванні выніку. Гэта значыць рэальна чалавек бачыць, з якога пункту А ён выйшаў і да якога пункту В праз 28 дзён дабраўся. Ён бачыць, што яму рэальна ўдалося зрабіць.

Бясплатны анлайн-курс ад адукацыйнага хаба “Нацыя лідараў” “Мэта. План. Вынік” стартуе 20 красавіка. Запісацца на курс можна па спасылцы.

Калі вы жывяце ў Польшчы, падтрымаць бясплатную адукацыю для беларусаў можна, пералічыўшы 1,5% вашых падаткаў хабу “Нацыя лідараў” (нумар KRS: 0000507234, сel szczegółowy: 106678).

Далучыцца да “Нацыі лідараў” можна:

у “Тэлеграме” — t.me/nationofleaders_channel

у “Інстаграме” — instagram.com/nationofleaders_insta/

у “Фэйсбуку” — facebook.com/nationofleaders.org

у “Ютубе” — youtube.com/channel/UCjK4cecItrRTAorGbx8y1-w

у “Саўндклаўд” — soundcloud.com/nationofleaders

* Партнёрскі матэрыял

Падзяліцца: