Мінск 14:30

Святлана Ціханоўская: Я клубок страхаў

Святлана Ціханоўская
Фота: "Позірк"

Вечарам 10 сакавіка ў Варшаве адбылася дыскусія “Першы крок: як беларускі выходзяць у публічнасць”. Вядомыя суайчынніцы падзяліліся досведам, страхамі і памылкамі на шляху з цені ў святло. І як гэта ўвогуле быць публічнай асобай.

Сярод выступоўцаў была Святлана Ціханоўская, якая толькі вярнулася з сустрэч на найвышэйным узроўні ў Італіі.

“У мяне насамрэч не так часта здараюцца вось такія ўтульныя і шчырыя размовы. І я спадзяюся, што з пераездам у Польшчу такой камунікацыі з беларусамі ў мне будзе нашмат больш”, — распавяла дэмлідар.

Чым яшчэ падзялілася Ціханоўская, сцісла ў тэксце ніжэй.

“Не думаю, што хтосьці мне зайздросціў, бо хто зайздросціць суіцыднікам?”

— Калі мы сёння кажам пра першыя крокі, тым больш пра 2020 год у маім жыцці, то я мала што эмацыйна памятаю, бо я была ў такім паўзабыцці. Але я памятаю, што пасля таго, як падала дакументы [на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты], вакол мяне апынулася вельмі шмат незнаёмых людзей, абсалютна незнаёмых. Памятаю, як я гэтыя пасведчанні забрала [для сябраў] ініцыятыўнай групы, іх трэба было рассылаць па розных гарадах. І да мяне ў кватэру, якую [потым] канфіскавалі, прыходзіла шмат незнаёмых людзей. Усіх пускала, бо была з такой адчыненай душой, было вось такое натхненне ад таго, што адбываецца, я думала, што ўсе таксама ж мысляць, як і я. Не было страху перад людзьмі. Але ж, канешне, з часам станавілася зразумела, што хтосьці быў спецыяльна засланы, а хтосьці са мной і дагэтуль. Я хачу такі адзін прыклад даць. Побач са мной быў, можа, хто ў тэме, ведае, такі блогер, які зараз брудам мяне шмат палівае, Вірус (Віталь Кандраценка. — “Позірк”.) такі ва Украіне. <…> І вось так лёc складваецца. Зараз ён там і супраць мяне, але ж ён таксама быў у мяне дома, мы нейкія паштоўкі падпісвалі. Шмат працы было. І я не думаю, што хтосьці мне зайздросціў, бо хто зайздросціць гэтым суіцыднікам?

Але ж, канешне, я ўдзячная ўсім тым людзям. Я памятаю, Ганна Канапацкая набівалася, можа, не ў сяброўкі, але ў саюзніцы.

Я ўдзячная лёсу, што шмат набыла людзей, якія і дагэтуль са мной. А тыя, хто выконваў, можа, нейкую місію ў той час, адсеяліся.

Фота: "Позірк"

“Не памятаю ніводнага дня, калі б я не баялася”

— Я ўвогуле пра сябе думаю, што я такі клубок страхаў, таму што я не памятаю ніводнага дня, калі б я не баялася. Але гэты страх, ён заўжды розны, бо спачатку я баялася за дзяцей, потым за мужа, потым ужо за беларусаў, што будзе далей, а потым, калі ўжо пачалі біць [пратэстоўцаў на вуліцах], у цябе гэты страх, такі ўжо жывёлавы страх. Гэта страшна, што людзей б’юць.

Потым ужо, з цягам часу, калі пачала працаваць з [замежнымі] краінамі, быў страх, што цябе не пачуюць, што беларусаў не падтрымаюць, што яшчэ штосьці здарыцца ў свеце і будзе менш увагі да беларусаў; што не папоўняць гуманітарны фонд [падтрымкі рэпрэсаваных], не будзе людзям чым дапамагчы.

…Але вы ведаеце, я не думаю, што з гэтым трэба змагацца. Калі я бачу моцных людзей, у іх таксама страх. Вось паглядзіце на цудоўных жанчын, кожны дзень гэты страх ім трэба перакрочваць, у гэтым і ёсць сіла. І таму я вельмі натхняюся беларусамі, асабліва актыўнымі, публічнымі, якія, нягледзячы на тое, што іх сем’і у Беларусі, і розныя абставіны жыццёвыя, ўсё роўна памятаюць пра мэту і крочаць да яе.

…Калі вяртацца да [выбарчай кампаніі] 2020 года, наш першы выступ у складзе трыа (Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала. — “Позірк”.) быў у невялікім горадзе Глыбокае. І я тады ўвогуле [была], як у сне. Ты выходзіш на вось гэтую платформу, табе нешта трэба прамаўляць. У цябе ёсць падрыхтаваны спіч. Чаму ўсе здзекваюцца з мяне, што я заўжды з паперкі чытаю? Бо калі няма ніякай апоры, то мне заўжды цяжка сістэмна распавесці пра свае думкі. Калі ўжо ў дыялогу, то спакайней, лягчэй.

Я памятаю гэты страх: госпадзе, божа мой, як я тут апынулася? Потым ужо было, канешне, лягчэй, але я памятаю той выступ у Глыбокім, і дзякуй богу, што гэта быў маленькі горад, а не адразу Мінск, дзе было вельмі шмат людзей. Потым мы пасябравалі з Машай, з Веранікай і адна адну падтрымлівалі.

…Памятаю першую прэс-канферэнцыю ў Літве, калі я адказала на тры пытанні і збегла, бо ўвогуле не разумела [што да чаго], усе з камерамі. Для мяне насамрэч гэта быў шок.

І быў яшчэ першы выступ, здаецца, у Еўрапарламенце, калі перада мной адчынілі дзверы і не растлумачылі, што там будзе. Я туды нос [высунула], а там куча людзей сядзіць. Госпадзе, гэтыя трыбуны, я туды не пайду. Але праз 10 секунд пайшла, што ж рабіць.

Фота: "Позірк"

“Я не вельмі амбіцыйны чалавек”

— Я насамрэч не вельмі амбіцыйны чалавек. У мяне няма вось такіх эмоцый, што мне заўжды бракавала. Я вельмі спакойны, мяккі чалавек. Для мяне заўжды жыццёвы прыклад — мая бабуля, якая апошняе гатовая аддаць, дбае перш за ўсё пра людзей, потым пра сябе. Мяне так выхавалі, я вось такая самая. І насамрэч вельмі цяжка бывае ў жыцці, калі ахвяруеш нечым сваім, каб іншым было лепш. Ёсць жа такія вось дзяўчаты-сцервы, якія пра сябе думаюць, і я думала: вось класна быць такой, няма праблем і ты для сябе галоўная, ні пра кога думаць не трэба. Я разумею, што такой ніколі не стану, але часам хочацца пабыць эгаісткай.

“Мой асабісты матыватар — палітзняволеныя”

— Ці бываюць эмацыйныя арэлі, калі хочацца ўсё кінуць? Цяжкае пытанне, бо насамрэч адказнасць вельмі вялікая, і я думаю, што ўсіх у нас тут былі моманты, калі рукі апусціліся, здаецца, больш нічога зрабіць не можаш. І ў кожнага свой асабісты матыватар, які прымушае рухацца далей. Для мяне усе гэтыя гады — нашыя палітзняволеныя. І ты разумееш, што, як бы ні было цяжка табе, людзям яшчэ горш, ім няма на каго больш разлічваць, акрамя нас. І таму хварэеш ці не хварэеш
— паднялася і пайшла працаваць. І таму, пакуль ёсць людзі за кратамі, пакуль я адчуваю падтрымку беларусаў і пакуль ёсць асабістае здароўе, то, канешне, буду працягваць справу, пакуль патрэбная людзям.

Падзяліцца: