Віктар ІВІЦКІ, аглядальнік “Позірку“
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 1 лютага 2026 года ў 11:55

Аляксандр Лукашэнка любіць гуляць у Белгідрамет, складаючы, праўда, не сінаптычныя, а палітычныя прагнозныя карты. Нібыта як дадае вагі — у сэнсе пераносным. Празорлівасцю правадыра захапляецца абслуга — дадатковы стымул разважаць пра будучыню. Але параўноўваць сказанае з тым, што адбылося, яна не спяшаецца. Бо асабліва ганарыцца-то і няма чым.
Паказальныя ў гэтым плане развагі Лукашэнкі пра расійска-ўкраінскую вайну і асобна пра агрэсара і ахвяру. Хутка чатыры гады з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі, а ніводная стаўка дагэтуль не згуляла.
Апошні прыклад — падзеі, якія здарыліся пасля прызначэння Кірыла Буданава кіраўніком Офіса прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Наўрад ці мінскі аракул чакаў, што Кіеў павернецца да яго задам, а да беларускіх дэмсілаў перадам. Зручная для Мінска палітыка “не злаваць дзеда” бадзёра змянілася устаноўкай “дзед, адграбай“.
Буданаў як ліквідатар Зяленскага
Буданава, тады яшчэ кіраўніка Галоўнага ўпраўоення замежнай выведкі Міністэрства абароны Украіны, Лукашэнка ў сваіх “раскладах“ згадваў, адводзячы ў атачэнні Зяленскага ролю раскольніка і нават “царазабойцы”.
У жніўні 2023 года кіраўнік даў інтэрв’ю расійскай прапагандыстцы Дыяне Панчанка (ураджэнка Украіны), у якім заявіў: “Вельмі многія людзі пачынаюць рэальна даваць ацэнку Зяленскаму. Таму ён і кідаецца. Прызначаць выбары (калі яны ў вас там — праз год-два будуць) або, карыстаючыся ваенным становішчам, адтэрмінаваць іх. Гэта значыць вельмі неадназначна. І далёка не факт, што Зяленскі выйграе гэтыя выбары, хоць вы (украінцы. — “Позірк“.) яму там кляпаеце 90% рэйтынгу. Глупства поўнае. Скажу вам, калі выбары пройдуць найбліжэйшым часам, хтосьці з вайскоўцаў [пераможа]. Буданаў там ці яшчэ хтосьці стане прэзідэнтам. Хтосьці з вайскоўцаў, але не ён“.
Яшчэ далей Лукашэнка пайшоў у сваіх прагнозах наконт Буданава роўна праз год у інтэрв’ю тэлеканалу “Россия 1“. Начальніку ГУВ ён напрарочыў кар’еру ні многа ні мала ліквідатара Зяленскага: “Ты (прэзідэнт Украіны. — “Позірк“.) будзеш для свайго народа здраднікам. І ўрэшце той жа Кірыл Буданаў пашле каго-небудзь — цябе ліквідуюць як здрадніка”.
Стаўка Лукашэнкі на пасеў недаверу ва ўкраінскім кіраўніцтве, на раскол у ім не спрацавала. Больш за тое, Буданаў дэ-факта стаў другой асобай у дзяржаве.
Магчыма, мінскі правадыр купіўся на тое, што Буданаў у свой час шукаў кантактаў з ім. Толькі вось задачы ў выведніка былі “чыста канкрэтныя”: не парады ў правадыра краіны-суседкі прасіць, як Зяленскага скінуць, а не дапусціць паўторнага ўварвання і ўдараў з тэрыторыі Беларусі. І абмен палоннымі праз Гомельскую вобласць таксама нельга выпускаць з-пад увагі.
13 снежня 2025 года ГУВ пад кіраўніцтвам Буданава хутка арганізавала прыём больш за 100 палітвязняў з Беларусі. 2 студзеня Зяленскі прызначыў Буданава кіраўніком свайго офіса. А ўжо праз 20 дзён украінскі прэзідэнт на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе крытыкаваў Еўропу за пасіўнасць падчас беларускіх пратэстаў у 2020 годзе. А яшчэ праз тры дні ў Вільнюсе Зяленскі выдаў ужо крылатае: “Белы шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі“. Пасля чаго там же адбылася першая поўнафарматная сустрэча кіраўніка дзяржавы са Святланай Ціханоўскай. З запрашэннем апошняй у Кіеў.
Залужны як спадкаемца прастола
Наогул, вербальная праца Лукашэнкі на раскол паміж грамадзянскім кіраўніцтвам Украіны і сілавікамі грунтуецца на далёкіх ад рэалій крамлёўскіх уяўленнях пра настроі ва ўкраінскім грамадстве, якое нібыта смяротна стамілася ад “блазна-нацыста-заходняй марыянеткі“ Зяленскага, і войска, нібыта з-пад палкі вымушанага абараняць “кіеўскі рэжым“ і міфічных “бандэраўцаў“. Уладзімір Пуцін неаднаразова звяртаўся да ўкраінскіх вайскоўцаў браць уладу ў свае рукі, А Лукашэнка безумоўна — як мінімум на словах — верыць крамлёўскаму разуменню Украіны.
Голасам Узброеных сіл Украіны (УСУ) Лукашэнка пазіцыянаваў сябе, напрыклад, у кастрычніку 2024-га на II Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы: ва Украіне, паводле яго слоў, “гэтую бойню“ хочуць скончыць перш за ўсё вайскоўцы. Аднак змовы генералаў або паходу на Кіеў у стылі Яўгена Прыгожына не здарылася.
Паказальнымі былі і выказванні Лукашэнкі ў красавіку 2024 года падчас візіту ў Маскву. Зяленскага ён у чарговы раз спісаў з рахункаў, а яго зменшчыкам практычна прызначыў генерала Валерыя Залужнага — на той момант ужо былога галоўнакамандуючага УСУ і яшчэ не ўкраінскага амбасадара ў Вялікабрытаніі. “Я адчуваю, што адбываецца ва Украіне. Не хачу, каб Уладзімір Аляксандравіч Зяленскі пакрыўдзіўся на мяне — я ўчора прэзідэнту Пуціну пра гэта казаў, параўноўваў. Мы вельмі ўважліва назіраем, што адбываецца ўнутры Украіны. Галоўнае — гэта ўнутры. У пачатку СВА Валодзю Зяленскага падтрымлівалі амаль 98%. Сёння адрозніваюцца лічбы. Хтосьці кажа 34%, а апошнія звесткі ў расіян — блізу 14%. Найбольш высокі рэйтынг у Залужнага — 35%. <…> Бачыце, якое падзенне, калі казаць пра прэзідэнта”, — заявіў Лукашэнка.
У працяг ён прасунуў яшчэ адну пуцінскую ўстаноўку: у Зяленскага заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў, і гэта можа спарадзіць праблему легітымнасці патэнцыйных пагадненняў. Лукашэнка палічыў за лепшае забыцца, што паводле ўкраінскай Канстытуцыі ў ваенны час выбары не праводзяцца. А апытанні тамтэйшых сацыёлагаў прыкладна ў той жа час давалі Зяленскаму больш за 60% падтрымкі (22% — поўная ўхвала, 41% — хутчэй ухвальнае стаўленне).
Тэма Залужнага-прэзідэнта не адпускала Лукашэнку і надалей. 26 студзеня 2025-га, у дзень свайго “абрання“ на сёмы тэрмін, ён працягнуў педаляваць тэму ўкраінскіх выбараў: “Я вось гляджу цяпер, ім падкідваюць гэта: ах, вось Зяленскі дрэнны. Рэйтынг у яго 13% ці 10% застаўся. Калі выбары — яго не выберуць. А каго выберуць? Залужнага. А чым адрозніваецца Залужны ад Зяленскага? Я не ведаю, але думаю — нічым”.
Кіеў за тры дні 2.0
Залужны і іншыя ўкраінскія ваеначальнікі ад Зяленскага сапраўды нічым не адрозніваюцца адзін ад аднаго ў імкненні абараніць краіну ад расійскіх акупантаў і іх адданага сатэліта ў Мінску. Лукашэнка гэта, падобна, зразумеў і апошнія месяцы аддае перавагу прагнозам аб хуткім развале, падзенні Украіны пад напорам расійскіх удараў, калі Кіеў не пойдзе на ўмовы Крамля (як мінрымум вывад войскаў з Данецкай вобласці).
“Украіне трэба сёння спыніцца, трэба заключыць мірнае пагадненне, каб не страціць Украіну наогул“, — заклікаў ён Кіеў у жніўні 2025 года. Матывіроўка: “Расія дамінуе сёння на фронце, вельмі моцна дамінуе. І на галоўным кірунку, Данецкам, у раёне Пакроўска, склалася вельмі небяспечная сітуацыя для ўкраінцаў”. Прайшло пяць месяцаў, ужо студзень 2026-га ззаду, а баі ў Пакроўску працягваюцца.
Рыторыка, падобная на жнівеньскую, гучала з вуснаў Лукашэнкі і праз месяц, пасля чарговых перамоваў з Пуціным: “Уладзіміру Аляксандравічу [Зяленскаму] трэба супакоіцца. Ёсць на стале добрыя прапановы. Мы з прэзідэнтам Пуціным абмяркоўвалі. Я не стану пра іх казаць, прэзідэнт сам скажа. Добрыя прапановы. Прапановы па Украіне, якія на Алясцы ў тым ліку былі пачутыя Дональдам Трампам, вывезеныя ў Вашынгтон для таго, каб падумаць і абмеркаваць. Вельмі добрыя прапановы. Калі ўкраінцы не пойдуць на гэтыя прапановы, гэта будзе тое, што было на пачатку СВА. Гэта будзе яшчэ горш. Яны страцяць Украіну”.
“Запомніце гэты твіт“
Сапраўды, варта нагадаць, што было на пачатку “СВА“ на поўначы Украіны: расійскія войскі, якія ўварваліся з Беларусі, ужо праз месяц вымушаныя былі пакінуць занятыя раёны, затым спыніліся абстрэлы, якія вяла РФ з беларускага плацдарма, а Лукашэнка дагэтуль апраўдваецца за ўварванне са сваёй тэрыторыі.
Нагадаем таксама, што за 20 дзён да пачатку поўнамаштабнай вайны было яго знакамітае інтэрв’ю-прагноз расійскаму топ-прапагандысту Уладзіміру Салаўёву. Ключавую фразу-самавыкрыццё дагэтуль лёгка знайсці на сайце Лукашэнкі: “Украіна ніколі з намі не будзе ваяваць: гэтая вайна працягнецца максімум тры-чатыры дні. Там няма каму будзе супраць нас ваяваць. Тыя, каго там паказваюць з гэтымі драўлянымі аўтаматамі, як яны трэніруюцца… Так мы зараз выйдзем з табой у суседнюю залу, здымем на мабільны тэлефон трэніроўку гэтую і пакажам. І як толькі ледзь-ледзь запахла, Валодзя Зяленскі адразу трухнуў”.
11 верасня 2025 года Лукашэнка на сустрэчы са сваім пастаяннымм у ААН Валянцінам Рыбаковым выдаў новы глабальны прагноз: “Яны (“еўрапейцы і Зяленскі“. — “Позірк“.) думаюць ва Украіне выйграць вайну, перамагчы. Гэтага ніколі не будзе”.
Што ж, запомнім і “гэты твіт”.



