
Пачынаючы ўжо трэці цыкл публікацый пра адукацыйны хаб “Нацыя лідараў”, “Позірк” прыгадаў пра яго планы запусціць праект “Акселератар”. У аўтамабілістаў так называюць спецыяльную засланку, якая рэгулюе падачу паліва і паветра ў камеры згарання цыліндраў рухавіка. Што ўкладвае ў гэта слова “Нацыя лідараў”, распавяла старая знаёмая — кіраўніца прадзюсарскага цэнтра хаба Марына.
Треба пераадолець стэрэатып, што адукацыя даецца раз і назаўжды
— Аўтааматары збольшага ўяўляюць сабе, што такое акселератар, ці, прынамсі, педаль акселератара, ці, папросту кажучы, “газ”, калі машына паскараецца. А што гэта значыць у адукацыі?
— Пачну здалёк. Мы вельмі добра ўсведамляем, што адукацыя — інструмент трывалых, доўгатэрміновых, устойлівых зменаў для чалавека і грамадства агулам.
Так, гэта доўга, пакутліва, патрабуе высілкаў, і незразумела, калі атрымаецца пабачыць вынік, але гэта — адзіны надзейны інструмент. І, адпаведна, адукацыйнае поле трэба старанна, настойліва, паслядоўна развіваць.
Больш за тое, нам бачыцца вельмі важнай менавіта адукацыя дарослых, каб пераадолець той вельмі ўедлівы стэрэатып, які ўкараніўся ў пэўнай часткі беларускага грамадства, што адукацыя даецца раз і назаўжды: скончыў універсітэт і павінен пасля ўсё жыццё прапрацаваць на адным месцы, каб з яго паспяхова выйсці на пенсію. І для нас прынцыпова важна памяняць такі лад мыслення дарослага чалавека.
Мы бачым, наколькі хутка змяняецца свет, як узнікаюць новыя тэхналогіі, якія часам робяць нас непатрэбнымі на рынку працы, неканкурэнтаздольнымі. Як змяняецца грамадства і спосабы камунікацыі.
Чалавек для нармальнага функцыянавання ў грамадстве, каб не стаць у нейкі момант “анахранізмам”, мусіць вучыцца ўвесь час.
Ёсць канцэпцыя адукацыі праз усё жыццё, і мы з’яўляемся яе прыхільнікамі. Адпаведна, дарослы чалавек мусіць увесь час быць у тонусе і асвойваць новыя веды.
Нефармальная адукацыя найбольш гнуткая, але патрэбна сістэма
— Хто ці што яму можа ў гэтым дапамагчы?
— Гэта якраз сфера нефармальнай адукацыі. Вельмі важна яе развіваць, яна вельмі пацярпела пасля 2020 года, і варта вярнуцца да нарошчвання яе патэнцыялу.
Да таго ж яна вельмі цікавая, таму што яна найбольш гнуткая, адкрытая для эксперыментаў, найбольш незабюракратызаваная.
Адпаведна, развіваючы нефармальную адукацыю, мы можам памарыць пра тое, як у Беларусі можа выглядаць сістэма адукацыі наогул, і зрабіць да сваёй мары канкрэтныя крокі.
Калі звяртацца да нашай акселерацыйнай праграмы — гэта акурат наш унёсак у развіццё сферы нефармальнай адукацыі. Цяпер існуе шмат разрозненых ініцыятыў, багата людзей ствараюць адукацыйныя праекты, прысвечаныя розным аспектам: экалогіі, грамадзянскай адукацыі, фінансавай пісьменнасці, вывучэнню моў… Але хацелася б, каб утварылася сістэма, сетка, дзе правайдары нефармальнай адукацыі маглі б кантактаваць паміж сабой і дапамагаць адно аднаму. Дзе будуць зразумелымі правілы гульні, распрацаваныя стандарты якасці адукацыі.
І мы прыдумалі і зараз запускаем пілотны праект акселерацыйнай праграмы для адукатараў.
Сацыяльна значныя праекты для дарослых беларусаў
— Хто ваша аўдыторыя, на чым будзе рабіцца фокус?
— Мы вырашылі сканцэнтравацца на тым, каб дапамагчы маладым правайдарам адукацыі, або правайдарам-пачаткоўцам.
Умоўна кажучы, калі ў чалавека ёсць ідэя нейкага адукацыйнага праекта, але ён не ведае, з чаго пачаць, бо, напрыклад, за яго плячыма 20 гадоў у фармальнай адукацыі, то ён мае шанец пры дапамозе экспертаў і ментараў зразумець, як зрабіць першыя крокі па гэтым полі.
Альбо калі каманда ўжо спрабавала нешта зрабіць у сферы нефармальнай адукацыі, а ў яе не атрымалася, ізноў жа пры пэўнай падтрымцы яна зможа дасягнуць сваёй мэты.
Адпаведна, гэта праграма для адукатараў, чые ідэі звязаныя з сацыяльна значнымі праектамі для дарослых беларусаў. У гэтым плане ў нас вельмі шырокае поле для эксперыменту.
Конкурс ідэй
— Як будзе выглядаць праграма, з чаго яна складаецца?
— Спачатку — конкурс ідэй. Першыя два тыдні лютага свае ідэі можна падаваць на разгляд праз анлайн-форму. Яны будуць ацэненыя кампетэнтным журы. Яно адбярэ сем індывідуальных ці камандных удзельнікаў, якія трапяць у нашу акселерацыйную праграму.
Сама праграма будзе складацца з некалькіх кампанентаў. З аднаго боку, гэта 16 звязаных паміж сабой вэбінараў, якія дазволяць правайдарам дапрацаваць сваю сырую ідэю да прататыпа, гатовага дп запуску, або нават запусціць пілотны праект, каб паглядзець, як ён працуе.
Мы будзем размаўляць пра тэндэнцыі, якія сёння ёсць у сферы нефармальнай адукацыі, і пра тое, як знайсці сваё месца ў ёй. А таксама пра тое, як сістэмна правайдар мусіць падыходзіць да таго, што робіць.
Рэч не ў тым, каб проста запусціць нейкі курс, а ў тым, як выбудаваць сістэму, зразумець, з якіх кампанентаў яна складаецца, і ўлічыць іх.
Будзем размаўляць пра тое, як не хацець вучыць усіх, а вызначыць сваю мэтавую аўдыторыю і працаваць з ёй. Як “прашываць” свае прадукты каштоўнасцямі, на якія вы абапіраецеся, як дасягаць вынікаў і вымяраць іх.
Будзем размаўляць пра тое, як “прызямліць” ідэю пад канкрэтныя метады і фарматы. Як выбудаваць логіку і архітэктуру адукацыйнага прадукту. Як вучыцца дарослы чалавек, як выбудоўваюцца стасункі паміж выкладчыкам і студэнтам у адукацыі дарослых і ў нефармальнай адукацыі.
Будзем размаўляць пра лічбавыя тэхналогіі, як іх зрабіць памочнікамі ў рэалізацыі сваёй ідэі, як сваю ідэю прасоўваць. І як знайсці для гэтага фінансы — скончыцца гэтая праграма модулем пра фандрайзінг.
Паралельна ўдзельнікі змогуць атрымліваць індывідуальныя кансультацыі на запыт. Калі ў іх ёсць нейкая невырашаная праблема, яны могуць паспрабаваць вырашыць яе разам з ментарам.
Для нас вельмі важна, каб адукатары камунікавалі паміж сабой, таму мы запланавалі яшчэ і сэрыю каардынацыйных сустрэч, дзе нашы ўдзельнікі змогуць дзяліцца досведам, поспехамі ці няўдачамі, паспрабаваць адказаць на пытанні адно аднаго, даведацца больш адно пра аднаго, выбудаваць давер, неабходны для таго, каб пачала фарміравацца сетка правайдараў нефармальнай адукацыі.
Cкончыцца праграма анлайн-прэзентацыяй, дзе экспертная рада ацэніць прагрэс праектаў і прапануе свае рэкамендацыі па выніках акселерацыйнай праграмы.
Адзін праект атрымае дафінансаванне, усе праекты — постпраграмную падтрымку, калі яна будзе ім патрэбная, кансультацыі ментараў, каб запусціць свае ініцыятывы.
Патэнцыял манетызацыі
— У наш жорсткі час не ўсё магчыма рабіць на адным энтузіязме.
— Так. Яшчэ вельмі важны аспект, які “Нацыя лідараў” спрабуе развіваць — міжсектарнае ўзаемадзеянне, прыцягненне да нашых праектаў не толькі спецыялістаў з некамерцыйнага сектара, адукатараў. На іх паспрабуюць паглядзець і людзі бізнесу, каб у тым ліку ацаніць патэнцыял манетызацыі.
Напрыклад, праект можа прадугледжваць рэалізацыю нейкай платнай паслугі: стварыць курс, каб пасля яго манетызаваць.
Тое самае тычыцца і ментараў. Калі ва ўдзельнікаў праграмы будзе запыт да бізнесу, мы будзем спрабаваць яго задаволіць.
А ўвогуле, як заўжды, удзел у нашай праграме бясплатны. Нават у такі жорсткі час. Бо веды не маюць цаны.
І напрыканцы хачу звярнуцца да людзей з адукацыйнымі ідэямі: не бойцеся — рабіце. Мы падтрымаем вас ў прадумванні і рэалізацыі вашай ініцыятывы. Не сумнявайцеся, падавайцеся на ўдзел у нашай праграме і будзем працаваць разам!
Яшчэ ёсць час — да 15 лютага — падаць па вось гэтай спасылцы заяўку на ўдзел у акселерацыйнай праграме “Нацыі лідараў” для адукатараў.
Далучыцца да “Нацыі лідараў” можна:
у “Тэлеграме” — t.me/nationofleaders_channel
у “Інстаграме” — instagram.com/nationofleaders_insta/
у “Фэйсбуку” — facebook.com/nationofleaders.org
у “Ютубе” — youtube.com/channel/UCjK4cecItrRTAorGbx8y1-w
у “Саўндклаўд” — soundcloud.com/nationofleaders
* Партнёрскі матэрыял



