Мінск 18:49

Лукашэнка пасварыўся з паловай свету, але раптам атрымаў падарунак лёсу ад Трампа

Палітычны аналітык, больш за 20 гадоў адпрацаваў у БелаПАН
Калаж: "Позірк"

Падзеі 2020 года, здавалася, безнадзейна абвалілі заходні вектар знешняй палітыкі афіцыйнага Мінска. Але ў 2025-м здарыўся фенаменальны прарыў: пачаўся дыялог з найбольш магутнай дзяржавай Захаду, ды і ўсёй планеты — ЗША. Свежай сенсацыяй стала далучэнне Беларусі да “Савета міру” Дональда Трампа.

Той гуляе ў сваю вар’яцкую гульню, але пры гэтым воляй-няволяй дапамагае далёкаму балотнаму аўтакрату адваёўваць пазіцыі на сусветнай палітычнай арэне. Запанкі, якія Трамп падарыў Лукашэнку, становяцца для яго талісманам.

Запанкі, якія Трамп перадаў у падарунак Лукашэнку
Фота: БелТА

І калі пра перспектывы Мінска ў “Савеце міру“ пакуль разважаць рана, то перспектыва “вялікай угоды” з Вашынгтонам — зняцця санкцый у абмен на выпуск палітвязняў — выглядае досыць рэалістычнай. І на сёння ўяўляецца галоўнай інтрыгай знешняй (а часткова і ўнутранай) палітыкі рэжыму ў новым годзе.

Гэтая інтрыга заключае ў сабе веер пытанняў. Ці пойдзе ў фарватары Вашынгтона ў стасунках з беларускімі ўладамі Еўропа? Ці дазволіць Крэмль, каб Лукашэнка пашырыў сабе калідор для геапалітычнага манеўру? Як паўплывае на гэты сюжэт зыход вайны ва Украіне?

З Еўропай — на нажах

Калі ў 2020-м грымнулі пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, Лукашэнка абраў не дыялог з абуранай часткай грамадства, а бязлітаснае падаўленне “бунту“. Гэта адразу падкасіла стасункі з Захадам. Еўрасаюз і ЗША не прызналі вынікі выбараў, восенню таго ж года ўвялі першыя санкцыі.

Потым яны паслядоўна ўзмацняліся, да персанальных дадаліся сектаральныя. Захад караў рэжым Лукашэнкі за прымусовую пасадку самалёта Ryanair, стварэнне міграцыйнага крызісу, нарэшце-за саўдзел у вайне супраць Украіны.

Беларускія ўлады ўшчэнт пасварыліся з суседнімі дзяржавамі Еўрасаюза. Лукашэнка не хаваў, што штурм межаў ЕС сіламі нелегальных мігрантаў (адзін час адпаведны кантынгент з праблемных краін дастаўлялі ў Беларусь нават адмысловымі авіярэйсамі) — гэта помста за санкцыі.

Напрыклад, летась у кастрычніку кіраўнік, завочна звяртаючыся да еўрапейцаў, заявіў: “Мы не будзем вас абараняць [ад нелегалаў] з пятлёй на шыі. Санкцыі — гэта пятля на шыі беларускага народа. І вы ад нас патрабуеце вас абараняць? Гэтага не будзе”.

Мігранты, затрыманыя польскімі службамі ў снежні 2025 года пасля таго, як быў знойдзены падкоп пад плотам на мяжы з Беларуссю
Фота: strazgraniczna.pl

У 2025-м асабліва абвастрыліся стасункі з Літвой. Вільнюс на некаторы час нават закрываў аўтамабільныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю ў адказ на масавыя залёты паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Як адплату Мінск узяў у палон вялікую колькасць грузавікоў з літоўскімі нумарамі, якія затрымаліся на беларускім баку. Праблема з імі не вырашана і дагэтуль.

А ў піку Варшаве Лукашэнка абраў для святкавання “Дня народнага адзінства“ дату 17 верасня, вельмі балючую для польскай гістарычнай памяці (падзел тагачаснай тэрыторыі Польшчы паміж рэжымамі Сталіна і Гітлера ў 1939 годзе). На Варшаву ў беларускага аўтакрата наогул зуб: здаецца, што там спяць і бачаць, як бы адхапіць палову сінявокай рэспублікі.

Зразумела, што і стасункі Мінска з паўднёвай суседкай пайшлі пад адхон пасля таго, як у лютым 2022-га Крэмль выкарыстаў беларускі плацдарм для наступлення сваіх войскаў на Кіеў.

Цяпер украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі не ўяўляе, як можна супрацоўнічаць з Масквой і Мінскам у рамках трампаўскага “Савета міру“: “Проста Расія — гэта пра “Савет вайны“. І Беларусь разам з імі, а менавіта рэжым Лукашэнкі”.

І сапраўды, гэты сварлівы, няўжыўчывы рэжым моцна пастараўся, каб сапсаваць у вачах суседзяў (і не толькі суседзяў) імідж Беларусі з яе міралюбным народам.

Далёкая дуга не ратуе

Правал заходняга вектара беларускія ўлады паспрабавалі кампенсаваць за кошт Расіі, Кітая і так званай далёкай дугі.

З КНР у Мінска ўстаноўлена “усепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства”, Лукашэнка там часты госць, летась у верасні меў гонар быць на трыбуне падчас пампезнага вайсковага параду. Але ў эканамічным плане ўсё не так бліскуча.

Так, калій туды прадаецца, але лагістыка дарагая і таму навар менш, чым у ранейшыя часы, калі гэты тавар ішоў праз літоўскую Клайпеду. А кітайцы яшчэ і цану наровяць збіць.

І агулам адмоўнае сальда ў гандлі з Паднябеснай хранічна расце. За студзень — красавік мінулага года, напрыклад, у Кітай было прададзена беларускіх тавараў на 650 млн долараў, а закуплена там — аж на 1,78 млрд.

Ды і ў геапалітычным плане Пекін не выглядае для Мінска нейкай процівагай каласальнаму расійскаму ўплыву. Калі Уладзіміру Пуціну захочацца анэксаваць Беларусь, таварыш Сі наўрад ці за яе ўпішацца.

А вось наганяй ад кіраўніцтва КНР беларускія ўлады, мяркуючы з усяго, летась атрымалі — за кепскія стасункі з Польшчай, што стварыла пагрозу кітайскаму чыгуначнаму транзіту ў Еўропу.

Лукашэнка націскае на міністраў і дыпламатаў, каб збывалі пабольш прадукцыі ў краіны далёкай дугі, сам актыўна ваяжуе па экзатычных землях (да шэйхаў так і наогул па-сямейнаму зазірае).

Лукашэнка падчас візіту ў Зімбабве (2023 год)
Фота: прэс-служба прэзідэнта Зімбабве

Але і тут вынікі — калі казаць не пра сям’ю, а пра дзяржаву — так сабе. Паводле звестак Белстата, за 11 месяцаў 2025 года экспарт у краіны па-за СНД (у параўнанні з паказчыкам за аналагічны перыяд 2024-га) зменшыўся да 9 млрд 727,7 млн долараў (на 7,7%), імпарт жа вырас да 18 млрд 9,6 млн (на 2,6%); адмоўнае сальда склала 8 млрд 281,9 млн (павялічылася на 18,2%).

Субратаў па духу — аўтарытарных правадыроў — на гэтай далёкай дузе хапае, ды вось толькі часцяком кішэні ў іх дзіравыя. А хто з манетай, не асоба налятае на беларускі тавар.

“Больш багатыя краіны інтэграваныя ў міжнародны гандаль. У іх ужо ёсць больш важныя, чым Беларусь, гандлёвыя партнёры — Еўропа, ЗША, магчыма, Кітай. Там няма свабодных ніш на рынку. А ў больш бедных краін, па якіх ездзіць Лукашэнка, папросту няма грошай“, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку“ акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі.

Увогуле, пра блаславёныя часы выгаднага гандлю з ЕС беларускім уладам застаецца толькі таемна ўздыхаць. Пясок, нават аравійскі — няважная замена еўрапейскаму аўсу.

За расійскі допінг даводзіцца дорага плаціць

Пры гэтым беларуская эканоміка ў апошнія гады парадаксальным чынам расла: у 2023-м ВУП павялічыўся на 3,9%, у 2024-м — на 4%, летась — на 1,3%.

Выратавала Расія, з якой Лукашэнка апынуўся ў адным акопе, — тамтэйшы рынак і яе ж лагістыка. У прыватнасці, беларускую прадукцыю стаў ахвотна паглынаць расійскі ВПК. Каму вайна, а каму маці родная. Але да пары да часу. Па лічбах з папярэдняга абзаца бачна, што ў 2025-м рост ВУП Беларусі рэзка запаволіўся.

Тут некалькі прычын. У прыватнасці, беларусаў выцясняюць з расійскага рынку тыя ж кітайскія таварышы. Але галоўнае — перагрэтая вайной і абцяжараная санкцыямі эканоміка ваюючай імперыі ўсё больш выразна падае прыкметы паслаблення.

Ілюстрацыя: freepik.com

Між тым залежнасць Беларусі ад Расіі — эканамічная, палітычная, вайсковая — за апошнія гады рэзка ўзмацнілася. У 2019-м Лукашэнка адбіўся ад “дарожных карт паглыблення інтэграцыі“, якія пагражалі паўзучай інкарпарацый. Нават пабратаўся на гэтай глебе з тагачасным дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампеа, дамовіўся з ім аб пастаўках заакіянскай нафты.

Але потым гэтыя дамоўленасці пайшлі прахам. Захад не прызнаў скрадзеную ў Святланы Ціханоўскай перамогу. А за пуцінскую падтрымку ў разгар пратэстаў у 2020-м потым давялося дорага заплаціць — кавалкамі беларускага суверэнітэту. І трохі перераробленыя “дарожныя карты“ ў выглядзе “28 саюзных праграм” Лукашэнка быў вымушаны падпісаць у 2021-м. А ў 2024-м быў прыняты новы пакет саюзных праграм на тры гады. Гэтымі пакетамі беларуская эканоміка ўсё мацней прышпільваецца да расійскай.

Акрамя ўсяго іншага, Крэмль выкарыстоўвае тэрыторыю хаўрусніка, каб напружваць Украіну і палохаць еўрапейцаў — тактычнай ядзернай зброяй, праславутым “Орешником“. Ці сапраўды гэтая зброя тут размешчаная, толкам не вядома, але ёсць фактам, што Масква актыўна задзейнічае Мінск для сваіх інфармацыйна-псіхалагічных спецаперацый, гібрыднай вайны супраць Еўропы, НАТО.

Пуціну не трэба ісці на Беларусь танкамі, як на Кіеў. Ён бярэ яе ціхай сапай.

Лёс Беларусі становіцца яшчэ больш непрадказальным

Лукашэнка клянецца “старэйшаму брату” ў вернасці, абяцае адстрэльвацца спіной да спіны, але, паклаўшы руку на сэрца, пачуваецца ў імперскім акопе не надта ўтульна. Адсюль — рэфрэны на тэму міратворчасці, спробы пашырыць калідор для знешнепалітычнага манеўру.
Здавалася б, рэпутацыя сапсаваная настолькі, што ніхто на Захадзе вазіцца з такім персанажам не захоча. Аднак тут у руля Штатаў стаў Трамп, гатовы рабіць бізнес хоць з чортам лысым.

Лукашэнку не аднойчы у яго палітычнай кар’еры дзіка шанцавала. Да гэтага часу няпроста зразумець, чаму ён заслужыў такой увагі і кампліментаў (“глыбокапаважаны прэзідэнт“ і г.д.) ад цяперашняга кіраўніка Белага дома.

Ці то так спрытна здолеў прадаць сябе як знаўцу пуцінскай душы. Ці то прагнаму да славы Трампу так моцна захацелася атрымаць Нобелеўку, у тым ліку за кошт эфектнага вызвалення вялікай колькасці беларускіх палітвязняў. Ці то прымагніціў амерыканцаў беларускі калій. А можа, усяго патрошку — і вось выпаў дыктатару шчаслівы квіток у кола сусветнай палітыкі.

Спецпасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл рапартуе, што працуе над вызваленнем прыкладна тысячы вязняў рэжыму. Трамп некалькі разоў публічна нагадваў Лукашэнку пра такі план.

Лукашэнка сустракае Коўла ў Мінску 12 снежня 2025 года
Фота: сайт Лукашэнкі

Так, дыктатар упарта гандлюецца, але саскочыць з тэмы, раззлаваць “сябра Дональда“ — вельмі рызыкоўна. Ды і сам Лукашэнка зацікаўлены абладзіць “вялікую здзелку”, аслабіць санкцыйную пятлю.

Фенаменальны працэс развіцця стасункаў паміж Мінскам і Вашынгтонам выклікаў гарачыя спрэчкі сярод апазіцыйна настроеных беларусаў.

Адны апладуюць і лічаць, што Еўропе таксама пара адмаўляцца ад санкцыйнага фетышызму, больш гнутка будаваць адносіны з Мінскам. А група беларускіх экспертаў (Арцём Шрайбман і іншыя) нават распрацавала дарожную карту “абмежаванай дээскалацыі“ стасункаў паміж ЕС і Беларуссю.

Іншыя, наадварот, абураюцца цынічным гандлем жывымі душамі ў абмен на запчасткі для лукашэнкаўскага боінга. І падкрэсліваюць, што рэпрэсіі не спыняюцца, а значыць, дыктатар можа бясконца папаўняць запас закладнікаў.

Трэція робяць акцэнт на дыялектыцы працэсу. Так, з аднаго боку, гэта нейкая легітымацыя Лукашэнкі. Але разам з тым у нейкай ступені ўмацоўваецца міжнародная суб’ектнасць Беларусі, што важна ў святле пагрозы “дружалюбнага паглынання“ Масквой.

Зрэшты, ад гэтых разваг, паклаўшы руку на сэрца, мала што залежыць. Падобна на тое, што свет уступіў у вар’яцкі год, калі на міжнароднай арэне ламаюцца ўсе каноны і правілы. І лёс Беларусі становіцца яшчэ больш непрадказальным.

Падзяліцца: