Мінск 13:52

Вынікі-2025 са Львом Львоўскім. 3. Прызначэнне Галоўчанкі кіраўніком Нацбанка — зашквар года

Аглядальнік "Позірку"

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 7 студзеня 2026 года ў 10:00

Фота: soyuz.by

Мінулы год не абышоўся без завіральных ідэй Аляксандра Лукашэнкі. Ён наогул адмысловец ў гэтай галіне. І чым больш гадоў кіраўніку становіцца (сёлета будзе 72), тым больш у яго “мудрых“ думак.

Якімі зашкварнымі ідэямі ў эканоміцы запомніўся 2025-ы і чым яны пагражаюць у перспектыве? Пра гэта трэцяя, заключная частка размовы з акадэмічным дырэктарам даследчага цэнтра BEROC Львом Львоўскім.

Вяртанне эпохі некампетэнтных чыноўнікаў

“Галоўны зашквар года — гэта, безумоўна, прызначэнне Рамана Галоўчанкі на пасаду кіраўніка Нацыянальнага банка, — лічыць эксперт. — Не таму, што ён дрэнны чалавек ці дурны. Проста вяртаецца эра, калі туды ставяць чыноўнікаў, якія не мелі ніякага дачынення да банкаў“.

Апошнім такім прызначэнцам, нагадвае эканаміст, быў будаўнік Пётр Пракаповіч. Старшынёй праўлення Нацбанка ён быў цэлых 13 гадоў (з 20 сакавіка 1998 года па 18 ліпеня 2011-га).

“Вельмі падобны такі палітычны цяжкавагавік, які абсалютна нічога не ведаў пра тое, як працуюць банкі і эканоміка“, — адзначае Львоўскі.

Параўноўваў Галоўчанку з Пракаповічам у каментары “Позірку“ 10 сакавіка, у дзень прызначэння, і кіраўнік Цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук.

Ён назваў трагедыяй і “вельмі трывожным сігналам для тых людзей, якія працуюць у фінансавай сферы“, прыход у Нацбанк чалавека з “нулявымі профільнымі ведамі”.

“Я б назваў Галоўчанку на пасадзе кіраўніка Нацбанка сурагатам Пракаповіча. Гэта яшчэ горш”, — сказаў Раманчук.

На думку Львоўскага, нават Надзея Ермакова (кіравала НБ у 2011–2014 гадах) “выглядала лепш“, бо мела за плячыма 15 гадоў кіраўніцтва “Беларусбанкам“ (1996–2011).

Каб ніхто не здзіўляўся, калі пачнуць высякаць лясы

Астатнія дзівацтвы кіраўніка, мяркуе прадстаўнік BEROC, — гэта нават “не зашквары, а замаскіраваная палітыка”.

“Напрыклад, будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі. Ужо выглядае вельмі смешна, калі Лукашэнка спрабуе прадаць электрычнасць Расіі, Данбас забяспечваць, Кітаю нешта, крыпту майніць. Але гэта проста напампоўка эканомікі. Узяць крэдыт, пабудаваць непатрэбную рэч. Затое, пакуль гэтую непатрэбную рэч мы будуем, наш ВУП расце”, — адзначае эксперт.

31 кастрычніка падчас наведвання Бярэзінскага біясфернага запаведніка (Лепельскі раён Віцебскай вобласці) Лукашэнка заявіў, што “надыдзе той час“, калі “смярдзючая“ Еўропа будзе плаціць Беларусі за чыстае паветра, якое ўтвараецца ад лясоў і балот, што зберагаюцца ў краіне. У Еўрасаюзе, паводле яго сцвярджэння, “усяго гэтага практычна няма, а вецер усё гэта дабро ў выглядзе чыстага паветра выносіць туды”. “Яны замест таго, каб плаціць, пачынаюць нас душыць санкцыямі. Гэта пройдзе. Ужо праходзіць”, — падкрэсліў прамоўца.

У заявах аб продажы паветра, на думку Львоўскага, ёсць прамая прычына: “Гэта ён кажа не проста так. Гэта пралог да высечкі лясоў. Глупства чакаць, што Літва ці Польшча будуць плаціць за чыстае паветра. Гэта гаворыцца дзеля таго, каб, калі Беларусь пачне высякаць лясы, ніхто не здзіўляўся“.

Апора шкоднай вытворчасці

Увосень было анансавана будаўніцтва чарговага шкоднага прадпрыемства: мемарандум аб супрацоўніцтве па пытаннях узвядзення цэлюлозна-кардоннага камбіната ўвайшоў у пакет дакументаў, тэкстамі якіх абмяняліся беларускі і аманскі бакі ў прысутнасці Лукашэнкі і султана Хайсама бен Тарэка Аль Саіда па выніках перамоў у Мінску 6 кастрычніка.

Мяркуецца, што агульны аб’ём інвестыцый складзе 1,4 млрд долараў ЗША, магутнасць прадпрыемства чакаецца на ўзроўні 800 тыс. т прадукцыі ў год.

Дзеля чаго патрэбен чарговы ЦКК — незразумела, бо падобныя вытворчасці ўжо ёсць у Добрушы і Светлагорску (абедзве ў Гомельскай вобласці).

Да гэтага варта дадаць прэтэнзіі, выказаныя Лукашэнкам на адрас падначаленых Усебеларускім народным сходзе 18 снежня: “Чаму ў нас валяецца лес па ўсіх узлесках, а краіна на дзясяткі мільёнаў імпартуе мэблю, папяровую ўпакоўку і не можа масава пабудаваць танныя прафілакторыі для цялят? Туалетную паперу не можам вырабіць нармальную. Пачварнае стаўленне адпаведных службовых асоб да гэтай галіны, у якую, між іншым, за мінулую мадэрнізацыю ўкладзена 2,5 млрд долараў з улікам ЦКК. Пакуль ні капейкі не вярнулі… Пра фінішную мяшочную крафт-паперу ў Светлагорску вы ўжо пяць гадоў байкамі корміце ўвесь народ. Ужо які склад урада не можа паказаць рэальны эфект па нашай трыядзе сыравінных тавараў — драўніна, лён, гарбарная сыравіна“.

“Праблема з такімі камбінатамі ў тым, што яны вельмі добра могуць засмечваць ракі, таму іх многія не любяць будаваць, — адзначае Львоўскі. — А Лукашэнка нібыта загадзя намякае, што цяпер мы такая краіна, дзе будзем менавіта шкодную вытворчасць сабе ўладкоўваць“.

Таму, лічыць ён, гэта і не зашквар, і не жарты, а план выкарыстання дзяржавай прыродных рэсурсаў.

Між тым насельніцтва заўсёды з падазрэннем ставіцца да падобных пражэктаў. Часам чаша цярпення перапаўняецца. Успомніць хоць бы акцыі пратэсту супраць узвядзення пад Брэстам акумулятарнага завода. Лукашэнка нават сустрэўся з незадаволеным насельніцтвам і паабяцаў рэферэндум. Штопраўда, абяцанне не выканаў.

Цяпер, калі іншадумства шосты год закочваецца ў асфальт, такія акцыі пратэсту ўявіць цяжка. Але сітуацыя можа змяніцца, калі на коне будзе стаяць здароўе дзяцей.

“Панскія замашкі“

Як з пісанай торбай ўлада носіцца з ідэяй стварэння ўласнага электрамабіля. “Колькі было абяцанняў! Дзе гэты электрамабіль? Мы дапамагалі, і акадэмія [навук] марнавала немалыя грошы. Аўтамабіля няма”, — панаракаў Лукашэнка 13 лістапада на сустрэчы з кіраўніком НАН Уладзімірам Каранікам.

25 лістапада старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў паведаміў пра факты карупцыі, “звязаныя з распрацоўкай электрамабіля”. Паводле яго слоў, калі тэма электрамабіляў сябе вычарпала, была прыдуманая новая — “па распрацоўцы вадародных сілавых установак“.

“Гэта абсалютна несур’ёзна, — лічыць Львоўскі. — Акрамя таго, што электрамабілі — гэта ўжо не самыя сучасныя тэхналогіі, у Еўропе ёсць праблемы ў іх вытворцаў, у Амерыцы. Кітай ужо навучыўся вельмі танна вырабляць электрамабілі”.

Эксперт называе жаданне Лукашэнкі атрымаць свой айчынны электракар “панскімі замашкамі”: “Маўляў, пабудуйце мне японскі сад, Зрабіце мне кітайскія фарфоравыя вазы, таму што я такі тут цар і хачу. Даведаўся, што ў Еўропе такое робяць, давайце і ў нас“.

Адказваць самому, а не пераводзіць стрэлкі на міністраў

На фоне ўсіх гэтых завіральных ідэй правадыра рэжыму ўспомніўся барадаты анекдот, які ў сучаснай інтэрпрэтацыі мог бы выглядаць так: “Прыходзіць студэнт у Нацыянальную бібліятэку: “Дайце мне, калі ласка, кнігу “Лукашэнка — мудры кіраўнік“. — “Малады чалавек, за фантастыкай на пяты паверх”.

Уласна, вернападданніцкую кнігу “Наш президент” ужо выдалі.

Усё б нічога, цешыць самалюбства нікому не забараняецца. Але калі на гэта не марнуюцца грошы падаткаплацельшчыкаў.

Як адзначаў у каментары “Позірку“ ў рамках цыклу “Правалы Лукашэнкі“ эканаміст Аляксандр Кныровіч, на спробы падняць сельскую гаспадарку, сышло не менш за 100 млрд долараў, але “вёска працягвае знікаць“.

На яго думку, сюды ж можна дадаць “суперпраекты кітайскай мадэрнізацыі, дзе па мільярду долараў сышло ў цэментную прамысловасць і дрэваапрацоўку, амаль мільярд каштаваў Светлагорскі ЦКК, 400 млн — завод газетнай паперы“.

Суразмоўца ўзгадаў яшчэ некалькі “дасягненняў”, якія не згубіліся б на “дошцы эканамічнай ганьбы” Лукашэнкі: “У прыватнасці, гэта “Камволь”, які зжор 240 млн долараў, “Атлант” — амаль паўмільярда, “Белшына” нанесла велізарную страту краіне”.

Ніводзін цэнт з гэтых велізарных сум не мог быць укладзены без згоды Лукашэнкі. Таму менавіта ён павінен несці прамую адказнасць за разбазарванне бюджэтных грошай, а не міністры.

Аднак беларускія ўлады ідуць іншым шляхам: за любую недаплачаную капейчыну падаткаў з прыватнага бізнэсу збяруць тры шкуры. І гэта галоўны зашквар усяго перыяду кіравання Лукашэнкі.

Гл. таксама:

Вынікі-2025 са Львом Львоўскім. 1. Урад прызвычаіўся да поспехаў адміністрацыйна-каманднай сістэмы (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай)

Вынікі-2025 са Львом Львоўскім. 2. “Далёкая дуга” пакуль не апраўдвае чаканняў (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай)

Падзяліцца: