Мінск 01:54

Вынікі-2025. Санкцыі ў спорце слабеюць, але беларусы пакуль застаюцца ізгоямі

Фота: noc.by

Беларускаму спорту як масавай з’яве зусім няма чаму радавацца па выніках 2025 года. Вялікіх перамог не здабыта, высокіх вяршыняў не ўзята, гор не згорнута. Прычын свідраваць лацканы для дзяржаўных узнагарод у чыноўнікаў сёння няма. Застаецца суцяшацца малым — рэдкімі поспехамі асобных спартсменаў і адзінкавымі пробліскамі ў гульні пары-тройкі каманд. Ды спадзявацца на светлую будучыню — далейшае зняцце санкцый і доўгачаканую рэінтэграцыю ў міжнародную спартыўную супольнасць.

Айчынны спорт працягвае расплачвацца за дрэнныя паводзіны Аляксандра Лукашэнкі. У 2020 годзе, з трэскам прайграўшы выбары, уладар не захацеў расціскаць “сінія пальцы”. У 2021-м пасадзіў у Мінску самалёт з псеўдаразведчыкам Раманам Пратасевічам. У 2022-м словам і справай падтрымаў расійскую вайсковую агрэсію ва Украіне.

Наступствы не прымусілі сябе чакаць. Так беларусы апынуліся адрынутымі ў сусветным спорце.

Да канца 2025-га сітуацыя змянілася, але не сказаць, каб надта істотна. З аднаго боку, свет прызвычаіўся да вайны пасярод Еўропы, і пад уплывам прарасійскіх лабістаў міжнародныя спартовыя структуры пачалі адкручваць санкцыйныя балты і гайкі. З іншага — пракручваецца пакуль яшчэ са скрыпам, і наўрад ці паўнавартаснае вяртанне беларускіх і расійскіх атлетаў магчыма да заканчэння баявых дзеянняў у Украіне.

Тым не менш беларусы гуляюць у футбол, хай і за межамі сваёй краіны. Бяруць удзел у Алімпійскіх гульнях, хай і ў нейтральным статусе. Атрымліваюць паслабленні то ў адным відзе спорту, то ў іншым — хай аб канчатковым выхадзе з-пад бана ўсё яшчэ адкрыта і не гаворыцца.

Фрыстайлісты прабіваюцца на Алімпіяду

Уласна, зрухі ў пытаннях санкцый і складаюць галоўны вынік года ў айчынным спорце. І ў цэнтры ўвагі тут — зімовыя віды, якія ўжо ў лютым чакае ключавы старт чатырохгоддзя — Алімпіяда ў італьянскіх Мілане і Корціна-д’Ампеца.

Алімпійскія перспектывы Беларусі доўгі час выглядалі беспрасветна. У адрозненне ад летніх Гульняў-2024, куды “нейтралаў” з дзвюх замараных вайной краін у абмежаванай колькасці ўсё ж дапусцілі, зімовая Алімпіяда адчыняць дзверы для адрынутых не хацела. Па крайняй меры ў найбольш важных відах — біятлоне і фрыстайле, якія толькі і прыносяць медалі беларусам на міжнародным узроўні.

З біятлонам справа швах і дагэтуль. Аднойчы вырашыўшы, што прадстаўнікі Беларусі і РФ — лішнія на прэстыжных трасах і стрэльбішчах, меркавання на гэты конт у арганізацыі не мяняюць. У Мінску да такога статус-кво паставіліся пакорліва: паведамлялася, што нават абскарджваць такі падыход не сталі. У выніку сітуацыя цяпер такая, што толькі цуд можа дапамагчы Дзінары і Антону Смольскім ды Ганне Соле прабегчыся па алімпійскім снезе з вінтоўкай за плячыма.

Да пачатку снежня аналагічным бачылася становішча спраў і ў фрыстайле, але там раптам прагрымела сенсацыя. Высветлілася, што беларускі бок тут акурат адважыўся на апеляцыю, і суддзі Спартыўнага арбітражу ў Лазане нечакана яе задаволілі. Забарона для шэрагу беларускіх атлетаў была знятая ў духу новых рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта, і “лыжныя акрабаты” ўжо на ўсю моц спаборнічаюць за права паехаць на Гульні ў Італію.

Ганна Гуськова
Фота: noc.by

Шанцы адабрацца на Алімпіяду расцэньваюцца высока, хоць рэальным прэтэндэнтам на медалі лічыцца толькі 33-гадовая Ганна Гуськова — чэмпіёнка Пхенчхана-2018 і сярэбраны прызёр Пекіна-2022. Калі збудзецца, то працягнецца фенаменальная серыя: з 1998 года беларускія фрыстайлісты кожны раз вяртаюцца з Гульняў з узнагародамі (агулам здабыта восем: чатыры золата, два срэбры і дзве бронзы).

Правалы ў футболе пацягнулі кадравыя перастаноўкі

Традыцыйна бурны — і чарговы правальны — год пражыты ў беларускім футболе. Клубы засыпаліся ў еўракубкавай кампаніі — не змаглі, у адрозненне ад мінулага сезону, дабрацца нават да восеньскага этапу “сацыяльна арыентаванай” Лігі канферэнцый. Зборная схібіла ў адборы на чэмпіянат свету — стала апошняй у сваёй групе, фінішаваўшы з двума жаласнымі ачкамі пасля Шатландыі, Даніі і Грэцыі.

У нацыянальнай каманды ўсё па крузе шмат гадоў. Перад стартам — шмат бравурных слоў і напалеонаўскія планы. Пасля фінішу — попел на галаву, апраўданні і аргмеры. Раней хоць былі нейкія падставы для прарыву на топ-турнір: гулялі ў сябе дома, у складзе меліся футбалісты з моцных замежных клубаў. Сённяшняя зборная — за рэдкім выключэннем сход ноўнэймаў, аднак у высокіх кабінетах ад яе па звычцы патрабуюць граміць усіх запар і зрываць джэкпот.

Фота: abff.by

Пасля цяперашняга бясслаўя ў кабінетах правялі традыцыйны разбор палётаў. Іспанскага трэнера Карласа Аласа звольнілі, цяпер на яго месца шукаюць новага Дон Кіхота. Паведамлялася, што такім можа стаць Віктар Ганчарэнка, найбольш паспяховы беларускі трэнер у найноўшай гісторыі. Прынамсі, гэта будзе цікавы эксперымент.

Што яшчэ важна: пасярод адыходзячага года была праведзеная датэрміновая замена і на чале Беларускай федэрацыі футбола. Былога кіраўніка Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарстнёва ў карміла змяніў экс-начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага аблвыканкама Яўген Булойчык. Уся розніца — новы маладзейшы і, як лічыцца, абсалютна лаяльны дзейнаму міністру спорту Сяргею Кавальчуку. Лік на табло з-за гэтай наменклатурнай перамены складнікаў наўрад ці моцна зменіцца.

У футболе было б зусім паныла, калі б не яго пляжны варыянт. У чым-чым, а ў гэтай экзатычнай версіі гульні нашы басаногія суайчыннікі толк ведаюць. У 2025-м яны гэта пацвердзілі: у траўні выйгралі срэбра чэмпіянату свету, у верасні — бронзу Еўралігі. ДзяржСМІ традыцыйна паспрабавалі зляпіць з гэтага сусветнае дасягненне, але любому заўзятару зразумела, што пясок, як у класіцы, з’яўляецца няважнай заменай аўсу.

Сабаленка на ўзроўні, хакейнае “Дынама” мае поспех у КХЛ

У дзяржпрапаганды яшчэ можа быць вялікае спартыўнае свята, але ўжо налета. Прычым у так любімым Лукашэнкам хакеі.

Мінскае “Дынама” цяпер надзвычай паспяховае ў Кантынентальнай хакейнай лізе — па сутнасці, адкрытым чэмпіянаце Расіі. Ходзіць у лідарах сваёй канферэнцыі, перамагае топавых супернікаў, збірае аншлагі на “Мінск-Арэне”. У мінулым сезоне “зубры” ўпершыню прабіліся ў другі раўнд плеф-оф КХЛ, і з тых часоў іх апетыты толькі выраслі.

Варта прызнаць, што перадумовы для далейшага прасоўвання створаны нядрэнныя. “Дынама” адужала фінансава, набрала ў склад кваліфікаваных легіянераў, пры гэтым агульны ўзровень турніру з пачаткам вайны асеў. Пры такіх зыходных даных мінчане могуць пайсці вельмі далёка — і пры ўдалым збегу абставін пабадацца нават за Кубак Гагарына.

Але гэта калі і будзе, то заўтра. А сёння нам засталося хіба што ўспомніць тых самых асобных персанажаў, дзякуючы якім Беларусь сёлета хоць неяк трымалася ў сусветным спартыўным кантэксце.

Арына Сабаленка
Фота: wikipedia.org

У першую чаргу, гэта, вядома, тэнісістка Арына Сабаленка. Хто б і як да яе ні ставіўся, першая ракетка свету — гучыць ганарова. Прычым беларуска і пачала год у гэтым статусе, і заканчвае яго сусветнай прымай. У 2025-м яна выйграла US Open, давёўшы да чатырох колькасць перамог у адзіночных турнірах Вялікага шлема. Фіналы Australian Open і “Ралан Гарос”, праўда, былі прайграныя, а на Уімблдоне Сабаленка спынілася ў паўфінале, тым не менш год яна адгуляла надзвычай прадуктыўны. І на сёння адназначна з’яўляецца найбольш вядомым у свеце беларускім спартсменам.

Пры гэтым, што цікава, на радзіме гэтым разам першая ракетка свету не ўдастоілася звання спартсменкі года. Нацыянальны алімпійскі камітэт, які ўзначальвае Віктар Лукашэнка, назваў такой мастацкую гімнастку Аліну Гарнасько, чатыры медалі якой на XXXII Сусветнай летняй Універсіядзе ў Германіі мала хто з заўзятараў заўважыў.

Але такая ўжо логіка айчыннага чынавенства: у НАК палічылі больш годнай суперлаяльную ўладам “мастачку”, а не сусветную знакамітасць з ракеткай, якая пражывае ў ЗША, адмовілася выступіць на Алімпіядзе ў Парыжы і ў апошнія гады ўсяляк дыстанцуецца ў публічнай прасторы ад рэжыму бацькі прэзідэнта НАК.

За акіянам жыве і 24-гадовы Аляксей Протас. Хакеіст з Віцебска, які мае поспех у клубе НХЛ “Вашынгтон Кэпіталз”. Статыстыка кажа, што ў рэгулярным сезоне-2024/25 беларус за 76 матчаў набраў 66 (30+36) балаў па сістэме “гол+пас”. Тым самым ён стаў найлепшым па гэтым паказчыку сярод усіх суайчыннікаў, якія калі-небудзь выступалі ў амерыкана-канадскай лізе. Закідваў Протас і ў плей-оф, і бягучы сезон ён таксама пачаў паспяхова.

Паглядзець бы на гэтага габарытнага нападніка ў форме зборнай — як і на іншых беларускіх энхаэлаўцаў (а такіх цяпер чацвёра)… Ды дзе ўжо. Хакей пад санкцыямі, дзякуй “хакеісту нумар адзін”. Найбліжэйшы чэмпіянат свету з удзелам беларусаў пройдзе не раней за 2027 год, і з гэтай дадзенасцю балельшчыкі ўжо даўно прымірыліся.

Марыя Жодзік
Відэазапіс: тэлеканал TVP Sport / стоп-кадр: "Позірк"

Прызвычаіліся яны і да таго, што шэраг суайчыннікаў цяпер асвойвае сусветныя арэны пад сцягамі іншых краін. Адна з такіх — Марыя Жодзік, якая падтрымала дэмакратычныя перамены ў Беларусі, асудзіла вайну і прыняла грамадзянства Польшчы. У верасні ўраджэнка Баранавічаў у складзе сваёй новай зборнай стала віцэ-чэмпіёнкай свету па скачках у вышыню. І была прызнаная ў выніку лёгкаатлеткай года ў Польшчы.

Зрэшты, да беларускага спорту, пра які гаворка, гэта ўжо не мае ніякага дачынення.

Падзяліцца: