be
Arrow
Мінск 15:45

Руская мова — зброя імперыі? Пісьменніцы Святлана Алексіевіч і Святлана Курс публічна разышліся ў ацэнках

Фота: "Позірк"

У мінулы ўік-энд у Варшаве высілкамі Беларускага ПЭНа сустрэчы з чытачамі у адной залі, пад агульнай шыльдай, але ў розны час зладзілі дзве вядомыя Святланы — Алексіевіч і Курс (другая карыстаецца псеўданімам Ева Вежнавец).

Размова з Курс адбылася пасля мерапрыемства з удзелам Алексіевіч. Аўтару бестселера “Па што ідзеш, воўча?” прыйшлося адказваць на няпростыя пытанні, якія пасля сябе пакінула выступленне нобелеўскага лаўрэата. Гэта было тым больш няпроста, бо пісьменніцы добра знаёмыя, да таго ж Курс стала ўдзельніцай выдавецкага праекта Алексіевіч.

Прадметам завочнай спрэчкі стала роля рускай мовы ў сучаснай палітыцы Крамля.

Алексіевіч: Адказнасць нясуць ідэі, а не мова

Святлана Алексіевіч
Фота: "Позірк"

“Галоўнае — не мова, галоўнае — ідэі, яны нясуць адказнасць”, — лічыць Святлана Алексіевіч. Пры гэтым яна вызнае, што з ёй “вельмі часта спрачаюцца” наконт мовы.

“Так, можна знайсці ў [Аляксандра] Пушкіна імперскія вершы, нават у [Іосіфа] Бродскага. Я не ведаю, мне здаецца, так, ва ўсіх можам гэта знайсці. Яны былі людзьмі свайго часу. Але гэта час, а не мова. Мы ставім у віну час, што яны жылі ў гэтым часе, але руская мова тут ні пры чым. І таму я, напрыклад, не збіраюся адмаўляцца ад рускай мовы”, — заявіла пісьменніца.

Яна пачала пісаць па-руску, бо “чырвоная ідэя” (савецкая, камуністычная. — “Позірк”.) “размаўляла па-руску”. Каб пра гэта напісаць, трэба было “аб’ехаць увесь гэты вялікі Савецкі Саюз”, а куды б яна ні прыязджала, там “усе размаўлялі па-руску”.

“А гэты момант, які перажывае цяпер Украіна, — гэта зразумела, гэта адчай, гэта боль. Але я думаю, што гэта пройдзе — наконт мовы. Галоўнае не мова, галоўнае — ідэі. Вось ідэі нясуць адказнасць”, — перакананая лаўрэат Нобелеўскай прэміі.

Алексіевіч заклікала “пашыраць сябе”, “не сядзець у вузкіх нацыянальных рамках”.

“Будзе ж калі-небудзь гэтая новая Беларусь — і трэба сябе рыхтаваць да гэтага. Мы прыйдзем туды ўжо людзьмі, якія прынясуць з сабой кавалачкі свету, тое, што мы спасціглі тут, тое, што мы даведаліся тут. Касмапалітызм — гэта не лаянка, як у нас. Вось я лічу сябе касмапаліткай. Я вельмі рада, што ўва мне ёсць нейкія еўрапейскія веды для жыцця. Я думаю, што гэта вельмі важна ў будучым свеце і нават цяпер”, патлумачыла сваю пазіцыю пісьменніца.

Курс: Расейская мова нясе ў сабе імперскасць і знішчэнне

Святлана Курс (Ева Вежнавец)
Фота: "Позірк"

“Мова з’яўляецца носьбітам нацыянальнага характару. Расейская мова і літаратура нясуць у сабе характар імперскасці, знішчэння ўсяго, што не з’яўляецца расейскім. Мы ў Беларусі гэта ведаем вельмі добра. Пакуль гэта не зменіцца, я не жадаю мець нічога агульнага з гэтай традыцыяй. Я ў іх не веру”, — заявіла Святлана Курс.

На яе думку, “расейская культура і мова не адбыліся, таму што гэта занадта дорага, маючы паўтары добрыя класічныя пісьменнікі — а менавіта столькі яны іх маюць — усім па перыметру плаціць крывёю”.

“Я лічу, што яны не адбыліся як нацыя, як культурнацыянальны праект і што Расея ўвогуле госпаду богу не выйшла яшчэ болей, чым старасць”, — падкрэсліла пісьменніца.

Курс адзначыла, што сочыць за Расіяй і тэндэнцыямі ў гэтай краіне: “Я не бачу там нічога здаровага, таму што здаровых людзей, паводле маіх назіранняў, там кожны, можа, дзясяты. І вось гэтых людзей, гэтую дзясятую частку, я глыбока шкадую. Іх шкада, бо яны чужыя ва ўласным грамадстве — калі гэта можна назваць грамадствам — і яны чужыя ва ўсім свеце, таму што свет цяпер глядзіць на іх, як на немцаў пасля Другой сусветнай вайны”.

У той час як Алексіевіч назвала сябе касмапалітам, Курс выступіла з крытыкай канцэпцыі касмапалітызму: “Навошта ў нашай гэтай вось глабальнай касмапалітычнай супольнасці чалавек, які не з’яўляецца нікім? Чым цікава мець за суседа чалавека без каранёў, культуры, асаблівасцяў характару і нават без лёгкай дзівакаватасці?”

“У вёсцы цікавыя яркія людзі. Чаму ж нашай чалавечай агульнай універсальнай сям’і не можа быць цікавых народаў, кожны з якіх адрозніваецца адзін ад аднаго? Я веру у тое, што існуюць нацыянальныя характары. Жыццё паказвае, што яны ёсць, і мне цікава, каб палякі былі палякамі, беларусы — беларусамі, украінцы — украінцамі”, — падкрэсліла літаратар.

Курс таксама выказалася пра сістэму каардынат суайчыннікаў за мяжой: “Беларусы не асімілююцца, яны адаптуюцца і прымаюць правілы гульні грамадства, у якое трапляюць. Кожны мае выбар: застацца пры гэтым беларусам ці пашыцца, дапусцім, у палякі, чэхі, амерыканцы і нічога свайго пасля сябе не пакінуць”.

Пісьменніца згадала аповесць Максіма Гарэцкага “Дзве душы”. “Яна трошачкі пра іншае, але і пра гэта. А чаму не мець дзве душы? Родную душу сваю, беларускую, і набытую душу, дапусцім, польскую. Тут нічога страшнага няма”, — лічыць Курс.

На яе думку, гэта не ўплывае ні на жаданне вярнуцца ў Беларусь, ні на змаганне з русіфікацыяй.

Пуцін: Рускі свет там, дзе руская мова

Адказ на пытанне, чым з’яўляецца руская мова для Крамля, можна знайсці ў выказванні прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, прагучаўшым у лістападзе 2023 года: “Рускі свет аб’ядноўвае ўсіх, хто адчувае духоўную сувязь з нашай Радзімай, хто лічыць сябе носьбітам рускай мовы, гісторыі, культуры, незалежна нават ад нацыянальнай ці нават рэлігійнай прыналежнасці”.

У ліпені 2025 года Пуцін зацвердзіў “Асновы дзяржаўнай моўнай палітыкі”. У дакуменце сказана: “Руская мова з’яўляецца <…> важным элементам расійскай і сусветнай культуры, які аб’ядноўвае шматнацыянальны народ Расійскай Федэрацыі і іншыя народы свету ў адзіную культурна-цывілізацыйную супольнасць Рускага свету”.

Менавіта на падставе нібыта абароны рускамоўнага насельніцтва Расія ў 2014 годзе пачала агрэсію супраць Украіны.

Падзяліцца: