Мінск 20:41

З лютага 2022 года ваяваць за Расію ва Украіне вырашыла больш за тысячу беларусаў, 105 загінула — БРЦ

Фота: Мінабароны РФ

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну кантракт з Міністэрствам абароны РФ заключыў 1.031 грамадзянін Беларусі. Такія даныя прыводзіць у публікацыі 11 верасня Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ).

У 2022 годзе кантракт з расійскім Мінабароны падпісала шэсць чалавек, у 2023-м — 235, у 2024-м — 517, з пачатку 2025-га — 157 чалавек. Яшчэ ў 116 беларусаў дата заключэння кантракту не пазначана.

Паведамляецца, што 498 беларускіх кантрактнікаў мелі званне радавога, вядома аб адным прапаршчыку. Іншыя званні не называюцца.

Са спасылкай на атрыманыя звесткі Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны (ГУВ) расследвальнікі сцвярджаюць, што 105 беларусаў загінулі, ваюючы за Расію, 84 прапалі без вестак.

Колькі беларускіх грамадзян узята ў палон Узброенымі сіламі Украіны (УСУ), у публікацыі не паведамляецца, аднак гаворыцца, што яны “на чацвёртым па колькасці месцы пасля узбекаў, таджыкаў і непальцаў”.

Пры гэтым раней украінскі медыяпраект “Слідство.Інфо” адзначаў, што ўсяго ва ўкраінскім палоне знаходзіцца больш за 100 замежнікаў з 32 краін.

Былыя сілавікі, раней судзімыя, рознарабочыя

З некаторымі наймітамі з Беларусі журналісты БРЦ пагаварылі, сярод іх, як удакладняецца, “былыя сілавікі, людзі, судзімыя паводле цяжкіх артыкулаў, рознарабочыя”.

Падкрэсліваецца, што па каментарыі да суайчыннікаў, якія пагадзіліся ваяваць супраць Украіны, расследвальнікі звярталіся ад імя супрацоўнікаў Адзінага пункта прызыву на вайсковую службу (размешчаны ў Маскве на вуліцы Яблачкава).

Паводле слоў 48-гадовага ўраджэнца Пінска (Брэсцкая вобласць) Аляксея Хлышчава, ён пайшоў ваяваць за РФ, каб “у далейшым [не было] вось гэтага бязладдзя, вось гэтага фашызму, нацызму і здзеку над мірнымі жыхарамі”.

Хлышчаў — бацька дваіх дзяцей, раней працаваў у сферы будаўніцтва, на агародніннай фабрыцы, быў асуджаны за хуліганства. З 2017 года пастаянна пражывае ў Расіі.

31-гадовы Фёдар Галамба — былы работнік Клімавіцкага хлебакамбіната (Магілёўская вобласць). Ён сірата, таксама мае расійскае грамадзянства.

“У 2016-м на старонцы Галамбы ў “Аднакласніках” з’явіліся яго фатаграфіі са зброяй і сцягам так званай “днр”, — гаворыцца ў публікацыі. Паводле слоў мужчыны, ён “затрымаўся на вайне”.

“У мяне з мінулай вайсковай часткай ёсць праблемы, таму што [яе] <…> расфарміравалі. А ў мяне кантракт да гэтага часу ўжо заканчваўся, і яны мяне замест таго, каб звольніць, мабілізавалі. Мабілізавалі мяне ў Данецку. Ужо ідзе следства, але, як кажа адвакат, я на той час не з’яўляўся грамадзянінам Расійскай Федэрацыі”, — сказаў Галамба.

Адзначаецца, што ён яшчэ не вырашыў, ці гатовы падпісваць новы кантракт, “калі ўдасца разабрацца з незаконнай, на яго думку, мабілізацыяй”. БРЦ звяртае ўвагу, што “кантрактнікі, у адрозненне ад мабілізаваных без кантракту, атрымліваюць яшчэ і аднаразовыя выплаты”.

“У Беларусі працаваў у месцах пазбаўлення волі”

Паводле звестак БРЦ, сярод ваюючых на баку РФ беларусаў нямала раней судзімых. У іх ліку згадваюцца Артур Казлоў, які “адбыў тэрмін за забойства”, і Аляксандр Бельскі — ён “атрымаў 8 гадоў у калоніі строгага рэжыму за тое, што збіў зэдлікам жанчыну, а потым яе згвалціў”. Пры гэтым адзначаецца, што мужчыны фігуруюць у спісе згаданага адзінага пункта прызыву на вайсковую службу — ці падпісалі яны кантракты з Мінабароны РФ, невядома.

52-гадовы ўраджэнец Гомельскай вобласці Алег Такмакоў кантракт падпісаў, аднак яго тэрмін ужо скончыўся. У размове з БРЦ ён паскардзіўся, што са службы яго “не адпускаюць”: “Я служу проста ўжо без кантракту”.

Адзнаку аб судзімасці мае таксама Алег Скачкоў-Бачуроў. Раней ён працаваў у адной з беларускіх папраўчых калоній. Паведамляецца, што кантракт з расійскім ваенным ведамствам ён падпісаў, але “на фронт не трапіў”. “28 сакавіка мяне спісалі па стане здароўя. У мяне інфаркт быў. <…> У Беларусі працаваў у месцах пазбаўлення волі аператыўным”, — сказаў Скачкоў-Бачуроў. “На пытанне журналісткі, ці цікавіць яго ўсё яшчэ супрацоўніцтва з Мінабароны РФ, мужчына адказаў сцвярджальна”, — паведамляе расследвальніцкі цэнтр.

У асобную групу добраахвотнікаў аўтары расследавання адносяць былых беларускіх сілавікоў.

У публікацыі гаворыцца пра 61-гадовага Сяргея Бурнейку, які “ў 1999 годзе камандаваў аддзяленнем ваенізаванай пажарнай службы УУС Віцебскага раёна”. “Я заўсёды за Расію. Гэта раз. Я прабыў на перадавой. Я кантракт скончыў паўтара гады таму”, — паведаміў ён.

Бурнейка таксама мае грамадзянства РФ. Гэта, як заяўляецца, дае наймітам права на “ваенную іпатэку, бясплатную медыцыну, страхаванне”. Пры гэтым “звольніцца вельмі складана”. Бурнейка службу пакінуў “з-за ўзросту”.

Максім Серыкаў — былы супрацоўнік Дзяржаўтаінспекцыі. “Ён таксама атрымаў расійскі пашпарт і цяпер скардзіцца, што не можа звольніцца пасля заканчэння кантракту. А яшчэ — на дыскрымінацыю: служыць на сяржанцкай пасадзе, хоць у Беларусі атрымаў званне капітана”, — адзначаюць расследвальнікі.

“Сітуацыя ў тым, што калі зручна, то я — беларус, і званне не прысвойваюць, і гэтак далей. А калі звольніць, дапусцім, пасля заканчэння кантакту — ну, ты ж расіянін, давай да перамогі… Я цяпер стаю на сяржанцкай пасадзе, атрымліваю сяржанцкі заробак”, — сказаў Серыкаў.

54-гадовы Аляксандр Мацвіенка раней быў вайскоўцам, вырашыў ваяваць, каб, паводле яго слоў, “не сядзець на пенсіі ў Беларусі”. “У мяне Чачня — першая, другая. І цяпер [Украіна]”, — адзначыў мужчына. “Яго кантракт скончыўся ў снежні 2024 года. Але, як і Серыкаў, Мацвіенка мае расійскі пашпарт і ваюе далей: не дазваляюць сысці”, — канстатуе БРЦ.

Падкрэсліваецца, што звольніцца са службы ў РФ бывае складана і беларусам, якія не маюць расійскага грамадзянства. У якасці прыкладу прыводзіцца Пётр Жабіцкі, які “падпісаў кантракт 1 чэрвеня 2024-га на год”, але “ўжо тры месяцы не можа звольніцца — праз бюракратычную цяганіну”.

У Беларусі хочуць стварыць аналагічную сістэму набору наймітаў

Асаблівы акцэнт у расследаванні зроблены на Юрыі Кузьміне — намесніку начальніка галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі.

Па званні ён палкоўнік, раней быў узнагароджаны Аляксандрам Лукашэнкам за “ўзорную службу”, “апошні дзясятак гадоў курыраваў прызыў тэрміновай службы ў Беларусі”, гаворыцца ў публікацыі.

Пра тое, што Кузьмін падпісаў кантракт з Мінабароны РФ, у расследаванні не ўказана. Адзначаецца, што яго прозвішча знойдзена сярод “наведвальнікаў” Адзінага пункта прызыву.

“Я сам вялікі чыноўнік, начальнік вайсковы, так, паміж намі кажучы. Проста не называю сваю пасаду. Быў у складзе дэлегацыі… Тады, значыць, гэта было гадкі, напэўна, два таму назад, мы былі [ў Маскве] на гэтым пункце адбору, так, на [вуліцы] Яблачкава, па-мойму, так… Мы былі там з экскурсіяй, азнаямленнем. Нам паказвалі, мы пераймалі досвед, беларусы, вось па гэтых пытаннях: па парадку заключэння кантрактаў, прыцягнення замежных грамадзян”, — адзначыў Кузьмін.

Паводле яго сцвярджэння, у Беларусі ўлады плануюць стварыць аналагічную сістэму набору ў войска, у тым ліку замежнікаў. “Плануем менавіта, каб яна была незалежная. У нас цяпер камандзір набірае, вы разумееце, так? А мы хочам незалежна. Гэта перспектыва”, — сказаў ён.

БРЦ паведамляе, што матэрыял пра беларускіх наймітаў у шэрагах УС РФ падрыхтаваны пры садзейнічанні “Слідство.Інфо”, аб’яднання BelPol, хакерскіх груп “Кіберпартызаны” (Беларусь) і KibOrg (Украіна).

Поўнамаштабная вайна ва Украіне працягваецца з 24 лютага 2022 года. Рэжым Лукашэнкі падтрымлівае расійскую агрэсію.

На баку Украіны супраць РФ ваюе некалькі беларускіх фарміраванняў. Самае вядомае — полк імя Кастуся Каліноўскага. Дакладная колькасць беларусаў у шэрагах УСУ невядомая. Паводле звестак СМІ, з пачатку поўнамаштабнай вайны ў баях супраць Расіі загінула не менш за 65 беларускіх добраахвотнікаў.

Падзяліцца: