Скасаванне рэйсаў, пошук шляхоў “эвакуацыі”. Што адбываецца пасля рашэння Польшчы закрыць мяжу з Беларуссю

Беларускія перавозчыкі масава скасоўваюць запланаваныя рэйсы ў польскія гарады пасля рашэння Варшавы закрыць мяжу як мінімум на час расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў “Захад-2025“, якія пройдуць з 12 да 16 верасня.
Ануляванне аўтобусных рэйсаў
У чатах, дзе беларусы абмяркоўваюць праходжанне мяжы з Еўрасаюзам, з’явілася вялікая колькасць паведамленняў ад пасажыраў, якія тэрмінова шукаюць варыянты выезду з Беларусі праз Літву замест Польшчы.
На сайце найбуйнейшага аўтобуснага перавозчыка “Экалайнс“ квіткі з выездам з Беларусі (напрыклад, з Мінска) у польскім кірунку сістэма дазваляе зарэзерваваць з датай выезду 11 верасня, а ўжо з 12-га чысла купля квіткоў неактыўная.
Перавозчык “Рыч бас“ (“Атлас“) паведаміў 9 верасня ў сваім тэлеграм-канале, што “працягвае сачыць за сітуацыяй”, і абяцае аб усіх зменах у раскладзе міжнародных аўтобусаў інфармаваць дадаткова, аднак на раніцу 10 верасня ніякай новай інфармацыі не апублікавана. Пры гэтым рэйс перавозчыка Варшава — Мінск (час адпраўлення 5:30 10 верасня) ажыццяўляецца паводле раскладу.
Пра скасаванне рэйсаў Гродна — Варшава і ў зваротным кірунку з 12 па 16 верасня паведамляе “Firma SGBUS“. Тут прапануюць з’ехаць раней названых дат і поўнае вяртанне сродкаў пры немагчымасці пераносу паездкі.
Перавозчык “DND group” таксама адмяніў рэйсы Гродна — Варшава з 11 па 16 верасня і Варшава — Гродна з 11 па 17 верасня.
У сувязі з закрыццём мяжы перавозчык “PlusBus” скасаваўў рэйсы Гомель — Познань (з 12 па 19 верасня), АП “Маладзечна“ — рэйсы Маладзечна — Варшава (з 10 па 19 верасня).
У адным з тэматычных чатаў беларусы разважаюць пра патэнцыйную эвакуацыю з краіны ў выпадку непрадбачанага надзвычайнага здарэння праз вайсковыя вучэнні з улікам закрытай мяжы з Польшчай. І прыходзяць да высновы, што сітуацыя для беларусаў можа скласціся не лепшым чынам.
Чэргі на мяжы
Дзяржаўны пагранічны камітэт паведамляе, што на 8 раніцы 10 верасня выезду з Беларусі ў Польшчу ў пункце пропуску Брэст чакала 1.300 легкавых аўтамабіляў і 5 аўтобусаў. На літоўскім кірунку ў пункце Каменны Лог знаходзілася 60 легкавых аўто, аўтобусаў не было.
Пагранічны камітэт абнаўляе звесткі кожную цотную гадзіну, і можна меркаваць, што найбліжэйшым часам сітуацыя будзе мяняцца, чэргі на літоўскім кірунку пачнуць расці і стануць даволі значнымі. Праўда, далёка не ўсе змогуць скарыстацца ўездам у ЕС праз Літву: неабходна мець літоўскую візу ало дазвол на жыхарства. А ў Латвію на беларускіх нумарах наогул нельга.
Асобная праблема можа паўстаць у кіроўцаў грузавікоў. Зараз выезду ў Польшчу чакаюць 310 фур (пункт Казловічы), якія наўрад ці паспеюць прайсці мяжу да яе поўнага закрыцця. На мяжы з Літвой выезду чакаюць у суме больш за 700 грузавікоў (360 у пункце Каменны Лог і 350 у Беняконях).
І калі прапускная здольнасць пункта Казловічы ў суткі ў адным кірунку 1.200 грузавікоў, то літоўскіх пунктаў куды больш сціплая: 500 грузавікоў у суткі можа прапусціць Каменны Лог і 250 — Беняконі, а значыць, нагрузка на іх вырасце значна.
Гісторыя пытання
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў напярэдадні, што ў ноч на пятніцу, 12 верасня, Варшава закрые мяжу з Беларуссю, у тым ліку чыгуначныя пераходы. Пастанова звязаная з запланаванымі беларуска-расійскімі стратэгічнымі вучэннямі “Захад-2025“.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі заявіў на прэс-канферэнцыі 9 верасня, што Варшава закрывае мяжу з Беларуссю не на перыяд вучэнняў “Захад-2025“, а “ў сувязі з іх правядзеннем“. “[Памежныя пераходы] будуць адкрытыя толькі тады, калі мы будзем на 100% упэўненыя, што сітуацыя не ўяўляе пагрозы для Польшчы і польскіх грамадзян“, — падкрэсліў кіраўнік ведамства. З улікам першага масавага ўварвання расійскіх дронаў у польскую паветраную прастору ў ноч на 10 верасня шанцы на адкрыццё мяжы пасля вучэнняў відавочна знізіліся.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская назвала закрыццё Польшчай мяжы з Беларуссю “прадказальным крокам у адказ на агрэсіўныя дзеянні [прэзідэнта Расіі Уладзіміра] Пуціна і [Аляксандра] Лукашэнкі” і адзначыла, што дэмсілы “кантактуюць з Міністэрствам замежных спраў Польшчы і найбліжэйшым часам даведаюцца, як будуць дзейнічаць гэтыя абмежаванні“.
Манеўры “Захад-2025” пройдуць з 12 па 16 верасня. Падчас вучэнняў будуць адпрацаваныя “планаванне ўжывання” ядзернай зброі і комплексу “Орешник” (“Ляшчына“), а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.
Гл. таксама па тэме:
Граница на замке. Польша наносит удар под дых Лукашенко, но и обычным белорусам светит ад (на рускай мове)