
Дональд Трамп другі раз (а з улікам асабістай размовы — трэці) за апошнія двое сутак рассыпаўся ў кампліментах перад Аляксандрам Лукашэнкам.
Першы раз — 15 жніўня падчас званку ў Мінск, другі — у той жа дзень у сваёй сацыяльнай сетцы па выніках званка (перад перамовамі па Украіне з Уладзімірам Пуціным на Алясцы), трэці — 17 жніўня на той жа пляцоўцы (перад перамовамі па Украіне з Уладзімірам Зяленскім і еўрапейскімі лідарамі ў Вашынгтоне).
Беларуская ўлада і прапаганда заявілі аб прызнанні Трампам легітымнасці Лукашэнкі. Дэмакратычныя сілы і праваабаронцы звярнулі ўвагу перш за ўсё на колькасць зняволеных, якіх заклікаў выпусціць амерыканскі прэзідэнт. Трамп не назваў іх палітычнымі, але цалкам зразумела, што гаворка менавіта пра іх. Лічба 1.300 фігуруе ў абодвух пастах кіраўніка ЗША.
Не выключана, што палітвязні — частка здзелкі (любімае слова Трампа) і прэзідэнт настойліва пра яе нагадвае. Бо пасля ягонага званка ў Мінск 15 жніўня была яшчэ размова з Лукашэнкам, якую правёў намеснік спецпасланніка прэзідэнта ЗША ва Украіне Кіта Келага Джон Коўл. Вызвалення палітвязняў, хаця б іх часткі, не было ні 16-га, ні 17 жніўня, хоць пасля візіту Келага ў беларускую сталіцу групу вязняў вызвалілі адразу (праўда, з умовай неадкладнай эміграцыі).
Усё, што вядома з адкрытых крыніц аб дзеяннях Мінска ў гэтым кірунку, — цытата Лукашэнкі ў інтэрпрэтацыі пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН Валянціна Рыбакова: “Дональд, мы працу гэтую працягваем, мы яе актыўна вядзем, мы ў кантакце з прадстаўнікамі і Белага дома, і Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, у нас вядуцца пастаянныя кансультацыі, у тым ліку і па гэтай тэме“.
Прааналізаваць тое, што адбываецца, “Позірк“ папрасіў намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прафесійнага дыпламата Паўла Латушку.
“Лукашэнка знаходзіцца ў раскірачцы”
— Часткай чаго можа быць вызваленне 1.300 чалавек? Ці магло быць наўзамен дадзена абяцанне весці “перамовы аб міры” ў Мінску? Ці тут больш прыземлены гандаль — аб зняцці амерыканскіх санкцый, напрыклад?
— Вашым пытаннем вы фактычна вяртаеце той тэзіс, які мы ўжо неаднаразова прадстаўлялі ў грамадскай прасторы яшчэ год таму і цягам гэтага года.
У Лукашэнкі ёсць на сённяшні дзень дзве мэты.
Адна мэта, максімальная: прывесці да таго, каб перамовы аб завяршэнні вайны ва Украіне адбыліся ў Мінску, каб ён атрымаў ролю псеўдамедыятара, што дазволіць яму, вядома ж, у пэўнай ступені аднавіць сваю суб’ектнасць, атрымаць палітычныя дывідэнды, у нейкай ступені паспрабаваць змыць бруд са свайго іміджу, а таксама паспрабаваць пазбегнуць адказнасці за злачынствы як супраць Украіны, так і супраць беларускага народа.
У яго таксама ёсць другая мэта: праз вызваленне палітычных зняволеных дамагчыся зняцця санкцый.
Але сёння сітуацыя выглядае так, што Лукашэнка хутчэй перайграў самога сябе. Ініцыятыву перахапіў прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі, які ўжо двойчы даў яму выразны пасыл аб неабходнасці перш за ўсё вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі. Цяпер Лукашэнка знаходзіцца ў раскірачцы. Калі не адрэагаваць ужо на другі пасыл прэзідэнта ЗША, можна ў трэці раз атрымаць ужо і пагрозу, а магчыма, і контрдзеянне. Мяч на баку Лукашэнкі, а трэці мяч будзе забіты ў яго вароты.
“Каб Лукашэнка не мог адкруціцца”
— З якіх меркаванняў Трамп называе Лукашэнку “глыбокапаважаным прэзідэнтам“, “магутным лідарам”? Разумее, што такія людзі, як, уласна, і ён сам, любяць ліслівасць, або яму проста падабаюцца аўтарытарыі?
— Трамп, як мы бачым, вельмі часта ўжывае нестандартныя метады дыпламатычнага ўздзеяння. Ён выкарыстоўвае падыход залагоджвання аўтакратаў, дыктатараў, разлічваючы, што гэта прывядзе да больш хуткай рэакцыі з іх боку ў выкананні мэтаў, якія ставіць перад сабой прэзідэнт ЗША.
Такім чынам ён матывуе Лукашэнку, фактычна падымае градус, каб Лукашэнка не змог адкруціцца ад прыняцця рашэння аб вызваленні палітычных зняволеных. Фактычна Трамп расставіў дыпламатычны капкан для Лукашэнкі.
— Вядомы ўкраінскі аналітык Віталь Портнікаў назваў званок Трампа Лукашэнку “актам палітычнага вар’яцтва“, але зрабіў агаворку: “Калі ў выніку Лукашэнка расплаціцца за паездку куды-небудзь тым, што ён вызваліць усіх палітвязняў, мы будзем гэта толькі вітаць. Хай Трамп мае ролю такога санітара лесу, калі ў яго нічога іншага не атрымліваецца“. Згодныя?
— Безумоўна, з маральнага пункту гледжання нам цяжка ўспрымаць, калі Лукашэнку называюць прэзідэнтам і кажуць яму пахвальныя словы. Хутчэй, я сціскаю зубы, калі гэта чытаю. Але мы бачым тут вельмі выразную стратэгію. Давайце будзем ацэньваць вынік. Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і ў дадатак да гэтага спыненне рэпрэсій, гэтак жа як і дэкрыміналізацыя грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі, — гэта наш прыярытэт.
Без дэкрыміналізацыі грамадска-палітычнага жыцця ў краіне ў нас не атрымаецца выйсці з крызісу. Давайце не будзем забываць, што Лукашэнка вельмі хоча прызнання, зняцця санкцый, ён хоча перамоваў. Але адначасова ў нас ёсць вельмі жорсткая і прынцыповая пазіцыя аб вызваленні ўсіх палітычных зняволеных. Гэтую ж пазіцыю, з аднаго боку, выразна артыкулююць прэзідэнт і Дзярждэпартамент ЗША, а з другога боку, у нас ёсць магутная сіла, якая з’яўляецца нашым саюзнікам, — Еўрапейскі саюз. І ў іх у руках вельмі сур’ёзны дадатковы інструмент уздзеяння на рэжым.
“Ціск на Лукашэнку нельга спыняць, пакуль ён ня пойдзе на транзіт улады“
— Як данесці да сусветных гульцоў, Трампа ў тым ліку, небяспеку таго, што на месца гэтых 1.300 палітвязняў будуць набраныя новыя і тады прадаваць/абменьваць трэба будзе яшчэ нешта?
— Усё трапна, гэта цалкам верагодны сцэнар. Рэжым Лукашэнкі можа паступіць такім чынам пасля вызвалення палітвязняў, набраўшы чарговых. Мы бачылі з вамі, што адбылося пасля вызвалення 14 палітычных зняволеных, сярод якіх быў Сяргей Ціханоўскі.
Менавіта таму мы, Аб’яднаны пераходны кабінет, гаворым аб спыненні рэпрэсій і дэкрыміналізацыі грамадска-палітычнага жыцця ў краіне. Інакш, з аднаго боку, гэта будзе канвеер: зноў будуць з’яўляцца палітычныя зняволеныя, калі не спыняцца рэпрэсіі.
З іншага боку, калі не разгрэбці ўсе гэтыя завалы псеўдазаканадальных абмежаванняў, якія даюць рэжыму псеўдаправавыя падставы перманентна працягваць затрымліваць, арыштоўваць і прыгаворваць грамадзян Беларусі за любое іншадумства, за любую пазіцыю, то пасля вызвалення мы ўбачым з вамі праз некалькі месяцаў 20, 30, 50, 150 новых палітычных зняволеных. Неабходны комплекс крокаў. Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, калі гэта здарыцца, — найважнейшы крок, але на ім нельга спыняцца.
Літаральна гэтымі днямі — і ў пятніцу, і ў суботу, і ў нядзелю — мы актыўна працуем з нашымі партнёрамі, як амерыканскімі, так і еўрапейскімі, даносячы сваю пазіцыю.
Даводзім да партнёраў, што Беларусь з-за Лукашэнкі з’яўляецца краінай, з тэрыторыі якой пачалася поўнамаштабная агрэсія супраць Украіны і без вырашэння беларускага пытання казаць аб ўсёабдымных гарантыях бяспекі як для Украіны, так і для іншых дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза не ўяўляецца магчымым.
Наш тэзіс, які мы даводзім: у Беларусі захоўваецца сур’ёзны ўнутрыпалітычны крызіс, абумоўлены масавымі рэпрэсіямі з боку Лукашэнкі ў дачыненні да беларускага грамадства, беспрэцэдэнтнымі ў гісторыі Еўропы апошніх дзесяцігоддзяў. У турмах знаходзяцца тысячы палітычных зняволеных. Паводле дадзеных ААН, толькі на пачатак гэтага года краіну вымушана пакінулі не менш за 600 тыс. беларусаў, ажыццяўляецца іх экстэрытарыяльны пераслед на тэрыторыі дзяржаў — членаў ЕС. Ліквідаваныя ўсе інстытуты грамадзянскай супольнасці, палітычныя партыі, незалежныя СМІ.
Мы таксама лічым няправільным памяншаць ціск на рэжым Лукашэнкі да таго моманту, пакуль ён не выканае базавыя ўмовы, пра якія я казаў вышэй.
Мая прынцыповая пазыцыя палягае ў тым, што ціск на Лукашэнку нельга спыняць датуль, пакуль ён не пойдзе на транзіт улады.
Для нас цяпер таксама важным з’яўляецца не дапусціць сцэнара, калі Беларусь застанецца ў распараджэнні Крамля ў якасці суцяшальнага прыза або дэсерту за абедзенным сталом, калі будуць дасягнуты ўсёабдымныя дамоўленасці аб гарантыях бяспекі ў рэгіёне, звязаныя са спыненнем вайны ва Украіне.
Калі рэжым Лукашэнкі не адмовіцца ад сваёй рэпрэсіўнай палітыкі, мы настойваем на тым, што ціск на рэжым Лукашэнкі павінен толькі нарастаць.
Безумоўна, мы рэалісты і разумеем, што вельмі многія з гэтых пытанняў залежаць ад развіцця геапалітычнай сітуацыі, ад маючых адбыцца перамоў як у Вашынгтоне заўтра (18 жніўня. — “Позірк”.), так і ў выпадку дасягнення дамоўленасцяў — перамоваў з удзелам Трампа, Пуціна, Зяленскага і, спадзяюся, ключавых краін і кіраўніцтва ЕС.
“Расію мала што можа спыніць у яе імперскіх планах“
— Як вы ставіцеся да разваг пра тое, што нібыта дадзеныя Расіяй на Алясцы гарантыі не нападаць на Еўропу і Украіну (не акупаваную яе частку) павінны распаўсюджвацца і на Беларусь? Вы неаднаразова казалі, што Беларусь ужо пад расійскай акупацыяй.
— Калі ў Расіі ў будучыні з’явіцца жаданне нападаць на Беларусь, то, безумоўна, напрыклад, гарантыі з боку ЗША па формуле артыкула 5 Паўночнаатлантычнай дамовы могуць рабіць пэўнае ўздзеянне. Хоць, як даказвае сучасная гісторыя, Расію мала што можа спыніць у яе імперскіх планах.
Я адзначаў на канферэнцыі “Новая Беларусь”, што найбліжэйшым часам праз змены геапалітычнай сітуацыі можа з’явіцца акно магчымасцяў і для нас, для беларусаў. І гэтае акно магчымасцяў прыадчыняецца. Важна выкарыстоўваць яго для дасягнення нашых мэтаў. Безумоўна, прыярытэтам з’яўляецца вызваленне людзей і спыненне рэпрэсій.
Мы працягнем актыўныя дыпламатычныя кантакты і разлічваем, што наш голас будзе пачуты партнёрамі. Мы на баку Украіны, але Беларусь таксама з’яўляецца часткай Еўропы і павінна быць ключавым элементам рэгіянальнай бяспекі.
Бяспека рэгіёну пры захаванні дыктатуры ў Беларусі не будзе паўнавартаснай, яна будзе недасканалай. А рызыкі і пагрозы ў дачыненні да краін — суседзяў Беларусі, як Украіны, так і краін — членаў ЕС, будуць перманентнымі.