Мінск 02:54

“Сябры Лукашэнкі” зарабляюць дзясяткі мільёнаў долараў на абыходзе санкцый супраць “Гродна Азота” — БРЦ

Фота: azot.by

Прыватныя кампаніі, створаныя для абыходу гандлёвых абмежаванняў, ператварылі дзяржаўнае прадпрыемства “Гродна Азот” у крыніцу ўзбагачэння для набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта гаворыцца ў другой вялікай публікацыі беларускага расследвальніцкага цэнтра (БРЦ) аб гродзенскім вытворцы азотных угнаенняў.

Першая частка расследавання пра “Гродна Азот” была апублікаваная 23 чэрвеня. У ёй сярод іншага распавядалася пра польскія і латвійскія маршруты абыходу санкцый дзяржпрадпрыемствам.

Другая, як адзначае БРЦ, падрыхтаваная ў супрацоўніцтве з ініцыятывай “Рабочы рух” і польскім выданнем Dziennik Gazeta Prawna.

Дзяржпракладка “Грыкам”: першая спроба абыходу санкцый

У санкцыйныя спісы ЕС “Гродна Азот” быў уключаны ў снежні 2021 года — за рэпрэсіі пратэстна настроеных супрацоўнікаў і падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Каб не губляць экспарт у Еўропу, на заводзе распрацавалі схему абыходу санкцый. Паводле даных БРЦ, для гэтых мэтаў Гродзенскім райвыканкамам было створанае КУП “Грыкам”, якое “на паперы стала незалежным вытворцам” угнаенняў, хоць практыцы было “пракладкай”.

“Грыкам” узначаліў экс-начальнік аддзела кадраў “Гродна Азота” Віктар Русак.

“Паслугі фірмы-пракладкі каштавалі няшмат — не больш за 1% ад адпускной цаны азотных угнаенняў <…>. Такую сціпласць добра тлумачыць даведка, накіраваная ў Савет міністраў канцэрнам “Белнафтахім”, у склад якога ўваходзіць “Гродна Азот”. У ёй канцэрн прызнаецца ў стварэння фірмаў-пракладак для “пераадолення санкцыйных абмежаванняў”. Іх назвалі спецэкспарцёрамі. Таксама ў дакуменце гаворыцца, што спецэкспарцёр павінен зарабляць мінімальна — “на пакрыццё лагістычных выдаткаў і ажыццяўленне бягучай фінансава гаспадарчай дзейнасці”, — адзначаецца ў расследаванні.

Так працягвалася нядоўга: ужо 2022 год “прынёс новыя магчымасці — і новых гульцоў, якія мелі значна большы апетыт”, паведамляе БРЦ.

“Кардынальна змяніла сітуацыю”, паводле сцвярджэння расследвальнікаў, вайна ва Украіне. Пасля расійскага ўварвання газ на еўрапейскім рынку падаражэў у сярэднім у 2,5 раза, тады як Беларусь працягнула атрымліваць з РФ вуглевадароды па нізкіх цэнах. “Паколькі газ з’яўляецца асноўнай сыравінай для вытворчасці азотных угнаенняў, беларуская азотная прадукцыя стала асабліва канкурэнтаздольнай”, — канстатуе БРЦ.

Ад агульнага да прыватнага: след Цяцерына

У канцы лета 2022 года з прапановай дапамогі ў абыходзе санкцый да “Гродна Азота” ўпершыню звярнулася прыватная кампанія — ТАА “Тэхнаспецтрэйдынг” (згадваецца ў першай частцы расследавання). Яе “фактычным уласнікам” следчыя называюць грамадзяніна Арменіі Армена Аруцюняна. Падкрэсліваецца, што ён з’яўляецца былым бізнес-партнёрам Сяргея Цяцерына — набліжанага да Лукашэнкі прадпрымальніка і спартыўнага функцыянера.

“Як і “Грыкам”, “Тэхнаспецтрэйдынг” існаваў як незалежны вытворца толькі на паперы. У рэальнасці нічога не змянілася: прадукцыя выпускаецца ў тых жа цэхах, на тым жа абсталяванні і тымі ж рабочымі “Гродна Азота”, што і раней. Прынцыповая розніца — маржа. Замест 1% “Тэхнаспецтрэйдынг” пачаў накручваць у дзясяткі разоў больш — ад 19% да 31% да адпускной цаны “Гродна Азота”, — звяртае ўвагу БРЦ.

“Атрыманыя мільёны”, паводле інфармацыі цэнтра, “ішлі не на развіццё завода, а сярод іншага на шыкоўны стыль жыцця датычных да гэтага бізнесу”. Удакладняецца, “Тэхнаспецтрэйдынгу” належаць аўтамабілі прэміум-класа BMW X5, Mercedes GLC, BMW 750 (два), спорткар BMW M3. “Дыяментам калекцыі” называецца Rolls-Royce Ghost.

Акрамя гэтага, як заяўляецца, за 2022–2023 гады кампанія выдала ў выглядзе прыватных пазык больш за 1,4 млн долараў Аруцюняну, а таксама дырэктару Дзмітрыю Гашко і “звязаным з імі структурам”.

“Але гэта толькі частка прыбытку бенефіцыяраў кампаніі. Некаторыя замежныя фірмы, якім “Тэхнаспецтрэйдынг” прадае азотныя ўгнаенні, таксама належаць Армену Аруцюняну. Напрыклад, дубайская World Chem Trading Со. L.L.C. Ці польская TST PL sp. z o.o. То-бок спачатку кампанія Аруцюняна прадае азотныя ўгнаенні яго замежным фірмам, а тыя ўжо перапрадаюць іх рэальным еўрапейскім пакупнікам”, — гаворыцца ў публікацыі.

Паводле даных расследвальнікаў, такія перапродажы ствараюць дадатковую нацэнку на ўгнаенні ў памеры 17–30%. “У выніку прыбытак прыблізна 140 долараў на тоне ідзе на рахункі прыватных кампаній Аруцюняна, а не дзяржаўнаму “Гродна Азоту”, — паведамляе БРЦ.

“Схема з абыходам санкцый праз гэтыя тры фірмы абыходзіцца “Гродна Азоту” да 50 разоў даражэй, чым калі тую ж функцыю выконвала дзяржаўная пракладка. Падчас супрацоўніцтва з “Грыкомам” прадпрыемства прадавала карбамід у Еўрасаюз па 350–380 еўра за тону — практычна па рынкавым кошце. З прыватнымі пракладкамі завод атрымлівае толькі 236 еўра за тону, хоць рынкавы кошт амаль не змяніўся”, — прыводзяць лічбы аўтары матэрыялу.

Дзмітрый Лукашэнка і Шэйман таксама ў справе

У 2024 годзе схема абыходу санкцый на “Гродна Азоце” пашырылася. Да яе, як паведамляецца, “далучылі яшчэ некалькі пракладак, якія належаць двум зацікаўленым групам”.

“З беларускага боку пастаўкі кантралююць асобы, набліжаныя да Дзмітрыя Лукашэнкі, сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі, і Мікалая Вераб’я, яго нафтавага “кашалька”. Замежныя фірмы-пракладкі зарэгістравалі на людзей з атачэння Віктара Шэймана, найбліжэйшага паплечніка Лукашэнкі”, — адзначаецца ў расследаванні.

Да першай групы належыць ТАА “МетаТрэйдынгПрам” (таксама згадваецца ў першай частцы). Ім валодаюць тры чалавекі: Андрэй Карповіч — былы выканаўчы дырэктар Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, Сяргей Пузевіч, звязаны з Вераб’ём, і Алег Алёхін — былы функцыянер “Гродна Азота”.

“Фірма працуе па той жа схеме, што і “Тэхнаспецтрэйдынг”: спачатку азотныя ўгнаенні прадаюць за мяжу кампаніям-пракладкам, а пасля — рэальным кліентам. Фінальная цана прадукцыі можа перавышаць адпускную нават на 70% <…>. Гэта ў 65 разоў больш, чым каштавалі паслугі “Грыкама”, — сцвярджае БРЦ.

“МетаТрэйдынгПрам” перапрадае беларускія ўгнаенні кампаніям у ЕС. Адна з іх, паводле звестак аўтараў, — польская Aliansgroup sp. z o.o. Ключавую ролю ў ёй адыгрывае Андрэй Лындаў, звязаны з былым ахоўнікам Лукашэнкі Аляксандрам Раманоўскім.

Нямецкая Bauer Blue GmbH, як заяўляецца, набывае гродзенскі карбамід праз эстонскую Stacroloft Inc. Oü. Гэтай кампаніяй валодае Сяргей Неміроўскі, звязаны з Шэйманам праз свайго цесця.

З Шэйманам афіляваная і чацвёртая кампанія-пакупнік — зарэгістраваная на Кіпры Rostumel Holding Limited. Фірма замяшаная ў абыходзе санкцый “па продажы ўгнаенняў і люксавых аўто”, падкрэсліваюць расследвальнікі. Пасаду фінансавага дырэктара ў кампаніі займае былы намеснік Шэймана ва Упраўленні справамі прэзідэнта Андрэй Свірыдаў.

35 млн долараў заробку толькі за 2024 год

Сёлета яшчэ дзве беларускія фірмы-спецэкспарцёры ўвайшлі ў групу кампаній Аруцюняна. “Абедзве могуць ажыццяўляць пастаўкі наўпрост у Польшчу, бо не знаходзяцца ў санкцыйных спісах”, — звяртаецца ўвага ў публікацыі.

ТАА “ГрандГраніт” падпісала з “Гродна Азотам” дагаворы на транспарт, пастаўкі сыравіны і арэнду абсталявання для вытворчасці азотных угнаенняў. Адзначаецца, што згаданая арэнда каштуе “ГрандГраніту” менш 2,5 долара у месяц, што “сведчыць аб фіктыўнасці здзелкі”. Валодае кампаніяй грамадзянін Арменіі Мікіта Тэр-Мінасаў.

Другая новая кампанія называецца ТАА “Ферт-карпарэйшн”. Яе ўладальнік і кіраўнік — грамадзянін Беларусі Юрый Мініч, які па сумяшчальніцтве працуе кіроўцам у “Тэхнаспецтрэйдынгу”.

Паводле ацэнак БРЦ, у 2024 годзе прыватныя фірмы-пракладкі зарабілі на абыходзе санкцый не менш за 35 млн долараў. Пры гэтым “Гродна Азот” выручыў за экспарт у ЕС за названы перыяд 59 млн долараў.

“За гэтымі лічбамі хаваюцца тыя, каму насамрэч пайшлі на карысць заходнія санкцыі. Спецэкспарцёры, якія павінны былі дапамагчы дзяржаўнаму заводу мінімальнай цаной абысці абмежаванні, ператварыліся ў магчымасць зарабіць і недаплачваць за гэта падаткі ў беларускі бюджэт для бізнесменаў, набліжаных да Лукашэнкі”, — рэзюмуюць аўтары расследавання.

Гл. таксама:

З 2022 года пастаўкі азотных угнаенняў з Беларусі ў Германію павялічыліся ў 120 разоў

У першым паўгоддзі Беларусь увайшла ў тройку найбуйнейшых пастаўшчыкоў азотных угнаенняў у Польшчу

Падзяліцца: