Мінск 06:10

“Дзейнічаць, як ва ўмовах акупацыі”. Архіепіскап Беларускай аўтакефальнай царквы пра цяжкасці і надзеі

Аглядальнік "Позірку"

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 6 ліпеня 2025 года ў 17:00

Святаслаў Логін
Крыніца: БАПЦ

Архіепіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Святаслаў Логін гэтымі днямі наведвае родны Чарнігаў, дзе нарадзіўся ў сям’і з беларускімі каранямі, з-пад Навагрудка.

Ён служыць у ЗША архіепіскапам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Ва Украіне бывае ў асноўным, каб дапамагаць беларускім ваярам — матэрыяльна і духоўна. Цяпер святар, які ў 2020 годзе абвясціў анафему Аляксандру Лукашэнку, плануе зарэгістраваць у Чарнігаве беларускую місію, паставіць капліцу, дзе беларусы маглі б сабрацца, памаліцца.

Пра гэта і іншае — у інтэрв’ю святара “Позірку”.

Дапамога жывым, малітва за загінулых

— Ці атрымліваецца збіраць у ЗША дапамогу беларусам, якія ваююць?

— Мы пастаянна збіраем дапамогу беларускім ваярам, зыходзячы з іх патрэбаў. Збіраем і ў ЗША, і ў Канадзе, зімой збіралі і тут, у Чарнігаве, сярод украінцаў. Сітуацыя склалася так, што ўкраінцы дапамагаюць украінцам, а мы мусім дбаць пра нашых беларусаў. Зімой мы з дапамогай украінцаў сабралі вельмі патрэбныя на фронце рэчы: цеплавізар, генератар (яго дала партыя “Батьківщина” Юліі Цімашэнкі. — “Позірк”.), газавыя гарэлкі, цёплыя рэчы, у тым ліку вязаныя шкарпэткі, спэцыяльныя цёплыя паясы, акопныя свечкі, добрую ежу ад мясцовых фермераў — мяса, сала. Хлопцам на фронце гэта было прыемна і карысна.

Апроч гэтага, мы праводзілі сустрэчы з дэпутатамі, бізнэсоўцамі, якія хочуць падтрымаць беларусаў. Бо ў нашых ваяроў ёсць шэраг праблемаў. Адна з іх — няма куды паехаць у адпачынак. Зразумела, што ўкраінцы едуць у адпачынак з фронту дахаты, а нашым куды дзецца?

З чаго складаецца духоўная падтрымка беларускіх ваяроў?

— На сустрэчу са мной прыходзяць нашы беларусы, некаторыя з іх у Мінску наведвалі службы аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Гэта былі падпольныя службы, бо наша царква не мае рэгістрацыі ў Беларусі, хоць колькі разоў мы падавалі дакументы. Але не пры цяперашняй уладзе. Раней КДБ ведала пра нашы парафіі і дзейнасць, але не чапала, каб не рэкламаваць. І зараз парафіі існуюць, але, канечне, вядуць значна менш дзейнасці.

У нашу катэдру у Нью-Ёрку раней прыходзіў “Дзядзька” (Павел Шурмей, цяперашні камандзір палку Каліноўскага. — “Позірк”.).

Мы маем спіс беларусаў, якія загінулі ва Украіне, і на кожнай службе мы молімся за іх супакой, як і за здароўе беларусаў, якія ваююць і якія цяпер у расійскім палоне. Нашым хлопцам духоўная падтрымка вельмі патрэбная. Мы імкнемся духоўна падтрымліваць не толькі полк Каліноўскага, але і ўсіх беларускіх ваяроў, якія цяпер параскіданыя па розных падраздзелах украінскага войска. Зразумела, да ўсіх мы не можам даехаць, але нам моцна дапамагае ўкраінскі праваслаўны святар Яўген Орда, які мае беларускія карані. Ён часта выязджае як вайсковы капелан да ваяроў, у тым ліку да беларусаў.

Што тычыцца беларускай місіі. Паводле канонаў мы не можам адкрыць беларускую парафію ў Чарнігаве, бо гэта кананічная тэрыторыя ўкраінскай памеснай царквы. Але місію, нешта такое кшталту амбасады — можам і цяпер клапоцімся пра гэта. Хочацца, каб гэта было афіцыйна, каб місія была зарэгістраваная.

Роля пры Лукашэнку адварочвае людзей ад царквы

Пасля 2020 года тысячы беларусаў выехалі за мяжу, у тым ліку ў ЗША і Канаду. Ці вашы парафіі там прыбавіліся новымі вернікамі?

— Не магу сказаць, што вернікаў стала значна больш, хаця крыху эміграцыя дадае людзей. На гэта ўплывае сітуацыя ў праваслаўнай царкве ў Беларусі. Бо на сёння, пры праўленні Лукашэнкі, царква выкарыстоўваецца дзяржавай як аддзел ідэалогіі ці філіял КДБ. І гэта вельмі бачна. Старыя, можа, і не заўважаюць гэтага, але моладзь і людзі сярэдняга веку гэта добра бачаць. Царква, маю на ўвазе Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхата, дапамагае ідэалогіі Лукашэнкі. І гэты экзархат — не беларуская царква. Таму маладыя і людзі сярэдняга веку адыходзяць ад царквы. Нават пры савецкім часе, калі рэлігія была пад забаронай, праваслаўная царква карысталася большай павагай у людзей, чым цяпер. Людзі хай і не хадзілі ў царкву, але датрымліваліся рэлігійных традыцый. Цяпер жа нехта пераходзіць у каталікі ці пратэстанты, але большасць проста адыходзіць.

Таму сярод беларусаў, хто прыязджае у эміграцыю, вельмі малы адсотак людзей, якія разумеюць, што такое царква, для чаго яна патрэбная, большасць проста абыходзіць царкву бокам. Ці прыходзяць у царкву, каб нешта рабіць беларускае: пры цэрквах ёсць беларускія таварыствы, якія выкарыстоўваюць рэсурсы і памяшканні. Беларусы бяруць удзел у грамадскіх, палітычных, культурных мерапрыемствах. Але на службу ў царкве ідзе малы адсотак з іх. Можа, некаторыя эмігранты прызвычаіліся да расійскай царквы, ім зручней маліцца на стараславянскай мове — у нас жа моляцца на беларускай.

Наколькі я ведаю, актыўна дзейнічаюць беларускія праваслаўныя святары, якія служаць у Вільні і належаць да Канстантынопалю. У іх там і службы, і хор, і катэхізацыя. Але наша царква не пад Канстантынопалем, хаця я лічу, што не галоўнае, ці ты “пад грэкамі” ці з аўтакефаліяй. Галоўнае — каб праводзіліся службы, штосьці беларускае.

Святаслаў Логін на набажэнстве
Крыніца: БАПЦ

“Цяперашнія беларускія ўлады ніколі не вызнаюць нас”

— Ці магчыма, каб беларуская аўтакефальная царква была зарэгістравана ў Беларусі, і калі?

— Мы таксама маглі бы быць пад грэкамі, пад Канстантынопалем, нам гэта прапаноўвалі, але на ўмовах, каб мы ўсе свае парафіі аддалі пад грэкаў, каб быць кананічнымі. То бок нам, каб быць кананічнымі, трэба пагадзіцца на тое, каб нас знішчылі. Мне, напрыклад, прапанавалі аддаць пад грэкаў нашы парафіі і ісці на пенсію. Наша ж мэта — адраджэнне беларускай царквы ў Беларусі, але як мы адродзім царкву ў Беларусі, калі не будзе беларускай царквы ў эміграцыі? Хто тады і як адродзіць яе? І таму мы пакуль што самі па сабе, з намі іншыя цэрквы лічацца, мы падтрымліваем сувязі, нават служым з многімі кананічнымі цэрквамі.

Цяперашнія беларускія ўлады ніколі не вызнаюць нас, бо гэтая ўлада — прамаскоўская, яна ўсё робіць, каб нас не рэгістраваць. Зразумела, што тут усё залежыць ад палітычнага рашэння. Кожная незалежная дзяржава павінна мець сваю царкву, так гаворыць 34-е апостальскае правіла: кожны народ павінен мець іерарха паводле канонаў. Але краіна ў нас нявольная, хаця нібыта існуе: і межы мае, і войска, і грошы. Як толькі Беларусь стане вольнай, то зразумела, што наша царква тады будзе зарэгістраваная і вырашыцца пытанне беларускага праваслаўя. Пытанне аўтакефаліі — гэта заўсёды пытанне палітычнае. Калі дзяржава нас вызнае — то і царква гэта вызнае.

Калі мы зазірнем у гісторыю, скажам, у часы Вялікага княства Літоўскага, стагоддзі таму, тады не было пытання аўтакефаліі. Бо царква была пад Канстантынопалем, але кіравалі ёй свае мітрапаліты. Канстантынопаль быў “недзе там далёка”, як духоўны цэнтр. Па сутнасці царква была незалежнай, былі нават выпадкі, калі мітрапалітаў выбіралі без узгаднення з Канстантынопалем.

“У часы ўнутранай акупацыі можна заставацца носьбітамі беларускага праваслаўя”

— Што рабіць беларусам-вернікам, якія расчараваліся ў “афіцыйнай” праваслаўнай царкве праз яе падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне, праз цесныя сувязі з уладамі, праз маўчанне на тэму палітычных зняволеных і церпячага ўкраінскага народу?

— Самае галоўнае: у іншую веру пераходзіць няма сэнсу, на першым месцы павінны стаяць ні святары ці епіскапы, а Хрыстос і нашы продкі, наша беларускае праваслаўе. У савецкі час таксама існавала толькі расійская царква, адроджаная ў 1943 годзе Сталіным. Зразумела, што яны супрацоўнічалі з уладамі — епіскапы і святары, што была парушана таямніца споведзі. Я ведаў пра гэта ў савецкі час. Але для мяне царква праваслаўная — царква маіх продкаў, то бок для мяне не маскоўскі патрыярх ёсць нейкім аўтарытэтам, а гасподзь Бог і мае продкі. Калі людзі адвернуцца ад роднай веры, дык хто потым адродзіць нашу царкву? Наша царква на эміграцыі — гэта захавальнік беларускага праваслаўя. Мы беларусы не проста па нацыянальнасці, а таму што трымаем нашу веру, мову, традыцыі, беларускі іканапіс, спевы, шануем нашых беларускіх святых — то бок тое, што было ў беларускай праваслаўнай царкве. Для нас царква — гэта не Лукашэнка, не Маскоўскі патрыярхат. У часы ўнутранай акупацыі можна заставацца носьбітамі беларускага праваслаўя, захоўваць нашы традыцыі. Людзі могуць быць пад духоўнай акупацыяй чужой царквы, але верыць, што прыйдзе час і адродзіцца свая царква. Трэба проста заставацца беларускімі праваслаўнымі хрысціянамі, але дзейнічаць, як ва ўмовах акупацыі. Цяпер, жывучы ў Беларусі, трэба разумець, да якога святара ты можаш пайсці на споведзь і ён цябе не здасць, не парушыць яе таямніцу.

Даведка “Позірку”:

Святаслаў (Вячаслаў) Логін нарадзіўся ў 1964 годзе ў Чарнігаве. Беларускі праваслаўны святар, архіепіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У лістападзе 2020 года абвясціў анафему Аляксандру Лукашэнку.

Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква — рэлігійная арганізацыя беларусаў, якая не прызнаецца памеснымі праваслаўнымі цэрквамі, у тым ліку Рускай праваслаўнай царквой. Заснаваная ў 1922 годзе шляхам адасаблення беларускіх епархій ад РПЦ, у 1927 годзе абвясціла аўтакефалію. БАПЦ мае прыходы ў розных краінах, у тым ліку ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, а таксама (неафіцыйна) у Беларусі. Набажэнствы праводзяцца на беларускай мове. Акрамя рэлігійнай БАПЦ займаецца культурна-асветніцкай, выдавецкай, грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю, накіраванай на захаванне нацыянальнай духоўнай спадчыны.

Анафема — у царкоўным значэнні гэта адлучэнне ад царквы. У народзе анафема асацыюецца з праклёнам, бо поўнае адлучэнне ад царквы лічыцца выпадзеннем з чалавечай супольнасці. Калі здараецца анафема чалавека, які не належыць да царквы, то маецца на ўвазе пазначэнне найгоршых учынкаў, якія ён зрабіў.

Падзяліцца: